03 Мая, 2024 Пятница

Статыстыкі з Казахстана вывучалі вопыт пробнага перапісу ў Маладзечне

  • 18 октября 2017 Общество Беларуская 0

    Як вядома, у 2019 годзе ў Беларусі «пералічаць» усіх жыхароў і складуць наш статыстычны «партрэт». А ў мінулую пятніцу завяршыўся пробны перапіс, які на працягу двух тыдняў праводзіўся на базе Маладзечанскага раёна. Аналагічныя кампаніі чакаюцца і ў Казахстане. Толькі ў гэтай краіне пробны перапіс называецца пілотным.

    — Нашы рэспублікі даўно супрацоўнічаюць у рамках Садружнасці незалежных дзяржаў і Еўразійскай эканамічнай суполкі, — заўважыў Нурлан Кажакаў, кіраўнік упраўлення па падрыхтоўцы і правядзенні нацыянальных перапісаў Камітэта статыстыкі Рэспублікі Казахстан, які ўзначаліў дэлегацыю. – Мы часта бываем у Беларусі з мэтай абмену вопытам па розных пытаннях. Напрыклад, летась вывучалі магчымасці геаінфармацыйных сістэм. Але на Маладзечаншчыну прыехалі ўпершыню. Вельмі прыгожы край.  

    Візіт казахаў адбыўся з удзелам прадстаўнікоў Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь і раённага выканаўчага камітэта.

    Дэлегаты азнаёміліся з правядзеннем пробнага перапісу, паназіралі за работай перапісчыкаў. Казахі наведалі мясцовы псіханеўралагічны дом-інтэрнат, спецыяльную агульнаадукацыйную школу-інтэрнат (для дзяцей з парушэннямі зроку), санаторную школу-інтэрнат (для дзяцей з захворваннямі касцёва-мышачнай сістэмы і злучальнай тканкі), інтэрнат гандлёва-эканамічнага каледжа. Як вядома, у такіх установах пастаяльцы і выхаванцы знаходзяцца працяглы перыяд і, безумоўна, будуць падлягаць перапісу-2019.

    Калі ў Беларусі, а таксама Казахстане стане магчымы перапіс у інтэрнэт-фармаце, што абмяркоўваецца ў абедзвюх краінах на дзяржаўным узроўні, гэта значна аблегчыць працэс.

    Дэлегаты наведалі таксама стацыянарны перапісны ўчастак у Лебедзеўскім сельвыканкаме, азнаёміліся з арганізацыяй кампаніі ў сельскай мясцовасці. З цікавасцю назіралі яны і за тым, як беларускія перапісчыкі апрабавалі ў сваёй рабоце планшэты (дарэчы, яны першыя на постсавецкай прасторы выкарысталі гаджаты ў зборы інфармацыі пра жыхароў).

    У Казахстане таксама мяркуецца іх апрабацыя у пілотным перапісе. Для яго правядзення вылучаны два раёны на поўдні і ўсходзе рэспублікі, бо гэта краіна большая за нашу. Па выніках апошняга перапісу 2009 года, тут жыло 16004800 чалавек (цяпер – звыш 18 мільёнаў). Самыя шматлікія нацыянальнасці – казахі і рускія, зарэгістраваны пэўны працэнт узбекаў, украінцаў, уйгураў, татараў, немцаў і прадстаўнікоў іншых народаў, у тым ліку невялікая колькасць беларусаў.

    Наогул, у Казахстане і Беларусі перапіс праводзіцца па агульных прынцыпах, пытанні да рэспандэнтаў таксама прыкладна аднолькавыя і тычацца ўзросту, сямейнага палажэння, месца нараджэння, узроўню адукацыі, грамадзянства, нацыянальнасці, валодання мовамі, занятасці, жыллёвых умоў… Дзяржавы кіруюцца міжнароднымі стандартамі і вопытам іншых краін, а таксама цесна супрацоўнічаюць з ЕЭК ААН, Сусветным банкам, Фондам ААН у галіне народанасельніцтва, Статкамітэтам СНД і іншымі арганізацыямі. Хіба толькі ў нашай рэспубліцы, адзінай у СНД, пакуль не праводзіўся сельскагаспадарчы перапіс. Але ў час пробнага задаваліся пытанні на гэту тэму.

    У якасці экскурсійнага маршруту казахам прапанавалі наведаць коннаспартыўны комплекс «Палачаны», Лебедзеўскую СШ і мясцовую дзіцячую школу мастацтваў, ад якіх яны засталіся ў захапленні.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Ірына РАБУШКА.Маладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)