18 Апреля, 2024 Четверг

У ролі экспертаў-крыміналістаў

  • 30 октября 2017 Общество Беларуская 0

    Адчуць сябе сапраўднымі экспертамі-крыміналістамі, пазнаёміцца з сучаснымі магчымасцямі экспертных падраздзяленняў упраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз па Мінскай вобласці змаглі навучэнцы-кадэты і прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі 17 кастрычніка ў час прэс-мерапрыемства на базе Слуцкага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь, якое прайшло ў Мінскім абласным кадэцкім вучылішчы.

    Што тут магло адбыцца?

    Праверыць сваю дэдукцыю і «дакапацца» да ісціны журналістам і кадэтам прапанавалі інсцэніраваўшы выезд на «месца здарэння».

    У кватэры на ложку быў выяўлены «труп» са слядамі гвалтоўнай смерці.

    – Мяркуючы па ўсім, два чалавекі  распівалі спіртное, пасварыліся, пачалася бойка (мэбля перакінута), – выказаў сваю версію здарэння судова-медыцынскі эксперт Слуцкага раённага аддзела судовых экспертыз Васілій Арцімоўскі. – Мужчыну ўдарылі бутэлькай па галаве, якую мы бачым на падлозе. Верагодна, ад удару мужчына страціў прытомнасць і ўпаў на падлогу. Злачынца задушыў яго вяроўкай і, мяркуючы па слядах, зацягнуў на ложак.

    Падчас агляду «месца здарэння» кожны знойдзены прадмет, які можа вывесці на злачынцу, пазначаем таблічкамі з лічбамі.

    Пару штрыхоў пэндзлем з дакта-парашком – і на шкле бутэлькі выразна праяўляюцца адбіткі пальцаў.

     – Тару канфіскоўваем цалкам або капіруем адбіткі на ліст паперы спецыяльнай плёнкай ці клейкай стужкай, затым адбіткі адсканіруюць і змесцяць у базу. Перад капіраваннем «пальчыкі» фатаграфуем: раптам знікнуць, бо паверхні бываюць розныя. А для даследавання, калі што, можна выкарыстаць і фотаздымкі, – каментуе эксперт.

    Журналістам прадэманстравалі таксама, як працуюць    эксперты са слядамі ад абутку і з пахамі.

    Што ў бутэльцы?

    Супрацоўнік Салігорскага міжраённага камітэта судовых экспертыз Дзмітрый Папалітаў рабіў маніпуляцыі з вадкасцю, каб высветліць, ці ўтрымлівае яна спірт і якой ён крэпасці. Выкарыстоўваў для гэтага кіслату, ёд, спіртамер.

    Ці ўтрымлівае рэчыва наркотык арганічнага паходжання высвятляюць шляхам параўнальнага аналізу з выкарыстаннем спецыяльных рэагентаў. Камп’ютарныя тэхналогіі дазваляюць вызначыць сінтэтычныя наркатычныя сродкі (напрыклад, спайс).

    Ці не падробленая гэта купюра?

    Галоўны спецыяліст упраўлення камітэта судовых экспертыз па Мінскай вобласці Арцём Лаўрыенка растлумачыў, як вызначаюць сапраўднасць  грашовай купюры, звярнуў увагу, што ў Беларусі часцей падрабляюць купюры наміналам 20 беларускіх рублёў і 100-доларавыя купюры ЗША. Нават моцна змятыя, пашкоджаныя купюры можна апрацаваць і даследаваць.

    Таксама прадстаўнікам СМІ і кадэтам прадэманстравалі працэс зняцця адбіткаў пальцаў (дактыласкапія), складання фотаробата, як робяць галасавую экспертызу і адсочваюць  гісторыю аўтамабіля па яго VIN-нумары.

    Экспазіцыя будучага музея

    У Маладзечна ў 2018 годзе плануецца адкрыццё музея  судовай медыцыны і крыміналістыкі. З часткай экспазіцыі прапанавалі пазнаёміцца падчас мерапрыемства. Як расказаў начальнік Маладзечанкага камітэта судовых экспертыз Юрый Буда, у калекцыях – матэрыялы аб заснавальніку крыміналістычнай рэгістрацыі Альфонсе Берцільоне. У 1879 годзе ён, працуючы пісарам у бюро паліцэйскай прэфектуры Парыжа, стварыў сістэму слоўнага партрэта. Ён жа прапанаваў наступнае: затрыманага сталі фатаграфаваць у профіль і анфас, прычым  пры аднолькавым асвятленні, адлегласці, з пэўнай фіксацыяй галавы. Пазней Берцільоне распрацаваў для гэтага спецыяльнае крэсла.

    У музеі прадставяць многа цікавых  матэрыялаў аб дзейнасці судовых экспертаў.

    Автор: Ірына МАЛЯЎКАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)