03 Мая, 2024 Пятница

Па Грузіі - пешшу і на матацыклах

  • 30 октября 2017 Общество Беларуская 0

    Любаваліся прыгажосцю Галоўнага Каўказскага хрыбта, перапраўляліся праз горную раку, купаліся ў моры, пазнаёміліся з мясцовымі жыхарамі, паспрабавалі кубдары, кіндзмараулі, ткемалі… Сто трыццаць кіламетраў па паўночна-заходняй частцы Грузіі Сванеціі пераадолела група турклуба «Пілігрым» у складзе 14 чалавек пад кіраўніцтвам майстра спорту па турызме Іны Высоцкай.

    Маршрут, які адпавядаў другой катэгорыі складанасці, праходзіў уздоўж Галоўнага Каўказскага хрыбта па даліне ракі Інгуры. Гэта месца ў апошнія гады надзвычай папулярнае: маладзечанцы штодня сустракалі тут па некалькі груп турыстаў з усёй Еўропы, з Ізраіля. На жаль, далёка не ўсе яны прыбіраюць за сабой смецце, многія маляўнічыя месцы забруджаны, што не магло не засмучаць нашых землякоў. І ўсё ж уражанняў вельмі шмат, тым больш у Сванеціі маладзечанцы пабывалі ўпершыню. Нягледзячы на тое, што за дзень праходзілі па 15-25 кіламетраў, а рукзакі ў пачатку шляху важылі па 15-20 кілаграмаў, вандроўнікі не стамляліся заўважаць усё цікавае і незвычайнае. У Кутаісі, куды яны прыляцелі на самалёце, наведалі храм Баграці, пабывалі ў пячоры Праметэя, якая знаходзіцца непадалёк. Пазнаёміліся са сталіцай Сванеціі невялікім курортным гарадком Месціа, наведалі там багаты на экспанаты этнаграфічны музей Сванеціі, а таксама музей сусветна вядомага савецкага спартсмена-альпініста Міхаіла Хергіані, якога называлі Тыграм скал. Убачылі і сучасны гарналыжны курорт еўрапейскага ўзроўню, які знаходзіцца непадалёк ад Месціі. Нашы дапытлівыя землякі пабывалі ў самым высакагорным паселішчы Еўропы Ушгулі, якое занесена ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Два дні адпачывалі на моры ля пасёлка Урэкі, дзе векавыя сосны суседнічаюць з пальмамі.

    Кіраўнік групы расказвае, што незабыўныя ўражанні засталіся ад пад’ёму на адзін з першых перавалаў: нечакана, знянацку перад імі раскінуўся ўвесь Галоўны Каўказскі хрыбет. Сапраўды, як у песні Высоцкага: «Весь мир на ладони, ты счастлив и нем…». Невялічкае горнае возера з пітной вадой, мінеральная крыніца, якая б’е прама ў рацэ і па смаку вельмі нагадвае баржомі, небывалы, як і ў Беларусі, ураджай грыбоў, смажанка з іх на адным з прывалаў – усё гэта здзіўляла, радавала, надавала новых сіл рухацца ўперад, каб убачыць, а што там, за гарызонтам… У групе «Пілігрыма» былі прадстаўнікі розных пакаленняў – ад 19 да 50 гадоў, некалькі сямейных пар. Грузія іх здружыла, за час паходу ў кожнага раскрыліся лепшыя рысы характару, здольнасці.

    Больш чым за два тыдні паходу беларусы навучыліся беспамылкова адрозніваць высокіх, хударлявых, даўганосых сванаў ад жыхароў іншых рэгіёнаў Грузіі. Не раз пераконваліся ў іх добразычлівасці, гатоўнасці дапамагчы падарожнікам. Асобная тэма – нацыянальная кухня: толькі дзеля яе варта ехаць у Грузію. Асабліва спадабаліся «пілігрымаўцам» вялікія праснакі з мясам – кубдары, перакаштавалі шмат відаў хачапуры, даведаліся, якіх абавязковых восем траў дадаюць у сванскую соль (спосаб яе прыгатавання занесены ў спіс нематэрыяльнай спадчыны, якая ахоўваецца ЮНЕСКА).

    За кошт таго што білеты на самалёт маладзечанцы заказвалі яшчэ ў сакавіку, на аднаго ў абодва бакі яны абышліся ў 190 долараў. А на ўсё падарожжа кожны ўдзельнік патраціў каля 300 долараў. Групавыя турыстычныя паходы заўсёды вызначаюцца сваёй эканамічнасцю, галоўнае, каб здароўе паслужыла і было жаданне адкрываць для сябе свет – такі цікавы і разнастайны.

    Аўтамотапаход па Сванеціі

    Упершыню за 40-гадовую гісторыю гарадскога турыстычнага клуба «Пілігрым» маладзечанцы ажыццявілі мотааўтапаход у Грузію. Юрый і Таццяна Булава, Юрый і Алена Левановічы пераадолелі 7700 кіламетраў на байках, Сяргей Рушлевіч з жонкай Ірынай, сынам Ігнатам і дачкой Аляксандрай – на аўтамабілі.

    Кіраўнік групы Юрый Булава, байкер з 30-гадовым стажам, падзяліўся сваімі ўражаннямі з «МГ». Трэба сказаць, што яны з Таццянай — вопытныя турысты, у мінулыя гады пабывалі ў Харватыі, на Адрыятыцы, у Крыме. Летась падарожнічалі па Грузіі і Арменіі, а сёлета вырашылі афіцыйна зарэгістраваць паход, да якога рыхтаваліся вельмі дасканала, распрацавалі маршрут так, каб за тры тыдні можна было ўбачыць як мага больш цікавага, наведаць самыя прыгожыя месцы. У гэтым і перавага самастойнага падарожжа: дзе захацеў — там спыніўся. Тым больш што з сабой былі палаткі, хаця іншым разам сяліліся ў хостэлах і гасцініцах. Запрашалі іх да сябе і мясцовыя жыхары, якія ва ўсім свеце вядомыя сваёй гасціннасцю і хлебасольствам. Шлях маладзечанцаў праходзіў праз Расію (Ялец, Пяцігорск), затым па старой грузінскай ваеннай дарозе на Тбілісі. У першыя два дні пераадольвалі больш за тысячу кіламетраў, потым адлегласці былі меншымі. Юрый расказвае, што вельмі ўразіў пячорны манастырскі комплекс XII-XIII стагоддзяў Вардзія, помнік старажытнага грузінскага дойлідства. Там, дарэчы, і цяпер знаходзіцца  мужчынскі манастыр. На некалькі дзён нашы падарожнікі спыніліся ў пасёлку Урэкі, які славіцца сваімі пляжамі з лячэбным магнітным пяском чорнага колеру. У Баржомі, вядомым сваёй мінеральнай вадой, прымалі серавадародныя ванны. У знакамітым пасёлку Хванчкара пазнаёміліся і пасябравалі з вінаробам Роні, які вырошчвае аднайменны вінаград і вырабляе з яго віно старажытным спосабам. Беларусы ўбачылі драўляны посуд, у якім вінаград ціснуць нагамі, затым будучае віно спее ў гліняных ёмістасцях, закапаных у зямлю. Віно «Хванчкара» цэніцца ва ўсім свеце, нездарма ж у свой час Сталін заказваў яго менавіта з гэтай мясцовасці. Сям’я Роні гасцінна прыняла беларусаў, у лепшых грузінскіх традыцыях накрыла стол, частавала віном, якое налівалі ў рог, а затым падарылі яго сваім гасцям. Пабывалі нашы землякі на самым вялікім у Грузіі вадаспадзе ў каньёне Мартвілі, плавалі на лодцы ў яго падземных вадаёмах, любаваліся пячорай Праметэя непадалёк ад Кутаісі. Па канатнай дарозе паднімаліся на глядзельную пляцоўку, з якой адкрываецца шыкоўная панарама на гару Ушба. Фатаграфаваліся на фоне Інгурскай ГЭС, якая ўражвае сваімі маштабамі. Прыгажосць прыроды, помнікі культуры і архітэктуры, выдатная нацыянальная кухня, даступнасць цэн і самае галоўнае, добразычлівасць мясцовых людзей – дзеля ўсяго гэтага варта было пераадольваць такія адлегласці і цяжкасці, якія нязменна здараюцца ў далёкіх падарожжах. Напрыклад, у пачатку шляху на працягу сутак прабіла колы ў абодвух байках, давялося тэрмінова купляць і мяняць пакрышкі. У дарозе іншы раз было вельмі горача: намочвалі ў якім-небудзь вадаспадзе ці вадаёме майкі, шапкі, надзявалі на сябе і рухаліся далей, а праз 20 хвілін яны ўжо былі сухімі. Юрый прыгадаў, як у мінулым годзе ў час падарожжа давялося прасіць дапамогі ў паліцыі: не змаглі самі знайсці месца для стаянкі. Паліцэйскія адвезлі іх у свой участак, дазволілі разбіць палаткі на газоне ля яго…

    Па дарозе дадому нашы землякі запланавалі палюбавацца Эльбрусам. На пад’ёмніку падняліся на 3800 метраў над узроўнем мора, а мужчыны і ўвогуле на 4500. Ім вельмі пашанцавала з надвор’ем. Тут часта дзьмуць моцныя вятры, некаторыя турысты тыднямі чакаюць спрыяльнага дня для ўзыходжання на вяршыню. Да нашых землякоў Эльбрус быў добразычлівым. І гэта яшчэ адно вельмі моцнае ўражанне.

    Сотні прыгожых здымкаў, самабытныя сувеніры засталіся на памяць ад незвычайнага падарожжа, успаміны аб якім, нібы шчодрае грузінскае сонца, грэюць душу шэрымі асеннімі днямі. І даюць надзею на новыя. У турыстаў заўсёды так: не паспелі вярнуцца з адной вандроўкі, як мараць пра наступную.

    Автор: Анжаліка КРУПЯНЬКОВАМаладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)