29 Марта, 2024 Пятница

Як адрозніць якаснае зімовае дызельнае паліва ад "кактэйлю" з вадой і прысадкамі?

  • 03 ноября 2017 Общество Русский 0

    Нафтаперапрацоўчыя заводы пачалі вытворчасць зімовага дызельнага паліва для ўнутранага рынку. Першае дызпаліва з лімітаванай тэмпературай фільтраванасці не менш за мінус 20 градусаў паступіла на нафтабазы і аўтазаправачныя станцыі. Аднак некаторыя ўладальнікі дызельных аўтамабіляў з жахам чакаюць маразоў, калі іх машыны могуць не завесціся ці завесціся, але замерзнуць на хаду. Справа ў неналежным доглядзе паліўнай сістэмы ці ў дрэнным паліве? У праблеме разбіралася карэспандэнт «Р».

    Даследаванне нафтапрадуктаў на іх адпаведнасць дзяржстандартам і выяўленне фальсіфікату праводзяць на спецыяльных прыборах. Яны дазваляюць вызначаць актанавы лік, фракцыйны склад, лімітаваную тэмпературу фільтраванасці, тэмпературу ўспышкі…

    — Зараз няякаснае паліва на АЗС не так часта ўбачыш, як гадоў 10 таму, — уводзіць мяне ў курс справы Сяргей Качарскі, намеснік начальніка ўпраўлення пажарна-тэхнічных экспертыз даследавання нафтапрадуктаў і гаруча-змазачных матэрыялаў ДКСЭ. — У 1990-я гады на дарогах стаялі прадаўцы з каністрамі і нават цэлыя бензавозы. Пад выглядам 95-га бензіну лёгка маглі прадаць 92-гі. Бензін мяшалі ўсе каму толькi захацелася. «Кактэйлі» рабілі з танных пабочных нафтапрадуктаў. Напрыклад, разбаўлялі паліва прамагонным бензінам. Ён як адзін з кампанентаў утрымліваецца і ў таварным бензіне. Аднак, у залежнасці ад маркі паліва, яго павiнна быць не больш за 30%. Перавышэнне гэтай колькасці пагаршае якасць паліва і пагражае паломкай рухавіка.

    «Бак быў амаль пусты. Мы з мужам заправіліся на АЗС, ад’ехалі кіламетр і сталі. Злілі бензін у каністру, і вадкасць прама на нашых вачах расслаілася», — з такімі прэтэнзіямі звярнулася па экспертызу адна аўталэдзі. Даказаць віну АЗС пры такім раскладзе даволі складана. Ніхто ж не прыязджае на запраўку з абсалютна пустым бакам. У ім магло застацца некалькі літраў няякаснага паліва з папярэдняй запраўкі. Ды і паліва магла разбавіць не АЗС, а перавозчык па шляху ад нафтаперапрацоўчага завода да запраўкі. І такія прэцэдэнты былі. На запраўцы ж замяраюць толькі шчыльнасць паліва. Яна вагаецца ў залежнасці ад тэмпературы на вуліцы. Больш ніякіх тэстаў не праводзяць.

    — Якраз на такі выпадак на запраўцы з кожнай партыі паліва пакідаюць апламбаваны ўзор. У выпадку прэтэнзій ад кліентаў яго можна накіраваць на экспертызу, — пра тое, як дзейнічаць у спрэчнай сітуацыі, тлумачыць Сяргей Качарскі. — Паліва паступае на АЗС з пашпартам. Кожны жадаючы можа з ім азнаёміцца. У ім пазначаны вытворца і асноўныя якасныя характарыстыкі тавару.

    Праверым тэмпературу фільтраванасці дызпаліва адной з мінскіх АЗС. Наліваем у цыліндр 45 мілілітраў паліва, устаўляем яго ў рэзервуар нізкатэмпературнага крыястата, дзе яно паступова астуджваецца. Пакуль апарат праганяе ўзор праз фільтры, аналагічныя аўтамабільным, і фіксуе тэмпературу, намеснік начальніка аддзела даследавання нафтапрадуктаў і гаруча-змазачных матэрыялаў Таццяна Шандабыла кажа:

    — Лімітаваная тэмпература фільтраванасці — гэта паказчык, які адлюстроўвае пракачвальнасць паліва па паліўнай сістэме. Гэта трэба для таго, каб зімой яно не замярзала ў патрубках. Прычым само паліва можа заставацца вадкім, але ў ім утвараюцца крышталікі. Яны забіваюць фільтры, і паліва перастае пракачвацца. У зімовага «дызеля» тэмпература фільтраванасці павінна быць не менш за мінус 20 градусаў, летняга — мінус 5. Лімітаваная тэмпература фільтраванасці арктычнага дызпаліва — мінус 35 градусаў.

    Нядаўна па экспертызу звярнулася транспартная кампанія, якая займаецца грузаперавозкамі ў Расію і Казахстан. Яе цікавіла лімітаваная тэмпература фільтраванасці дызпаліва на розных запраўках на ўсім маршруце руху фур. Кампанія адабрала на запраўках узоры і адправіла на даследаванне, каб яе вадзіцелі ведалі, на якой запраўцы можна запраўляцца, а якую лепш аб’ехаць. З 20 прадстаўленых узораў толькі 17 адпавядалі ДАСТам.

    У розны час на рынку з’яўлялася суднавае, цеплавознае і пячное паліва. Акцызам яно не абкладалася, таму было таннейшае. З улікам падабенства саставаў яго прадавалі пад выглядам дызпаліва. Некаторы час машына на ім ездзіла, затым глухла. Са строю выходзіла цыліндрапоршневая група. Няякаснае паліва для дызельнага рухавіка можа ўтрымліваць ваду. Пры працы на такім паліве рухавік будзе часта глухнуць, а турбіна паламаецца значна хутчэй. Асабліва небяспечныя «кактэйлі» для сучасных аўтамабіляў з іх тонкай электронікай. Перш за ўсё гіне лямбда-зонд. Рамонту ён у большасці выпадкаў не падлягае. Праз некаторы час той жа лёс спасцігае каталізатар, а затым і рухавік.

    Уяўляюць пэўную небяспеку дабаўкі і прысадкі ў паліва. Асабліва тыя, што надаюць марозаўстойлівасць. Ператварыць летняе паліва ў зімовае з іх дапамогай немагчыма, што б ні абяцала рэклама. Таму Сяргей Качарскі раіць:

    — Адрозніць якаснае паліва ад падробкі па знешнім выглядзе і паху складана. Па магчымасці наліце некалькі літраў у празрыстую каністру і паглядзіце на дно. Ёсць брудны асадак ці кроплі вады? Пры прапусканні праз сурвэтку на ёй застаюцца цёмныя сляды? Калі так, паліва няякаснае.

    Калі ў вашым баку аказалася няякаснае паліва, спыніцеся і эвакуатарам адбуксіруйце машыну на СТА. Там яго зліюць і прамыюць апаратуру. Калі ёсць жаданне і сілы пазмагацца з АЗС, звяртайцеся з заявай у міліцыю. Яна ініцыіруе праверку АЗС. Таксама можна звярнуцца на «гарачую лінію» кампаній, што валодаюць АЗС. Многія з іх зацікаўлены ў тым, каб пад іх брэндам прадавалася толькі якаснае паліва. Але асноўная абарона ад няякаснага прадукту — выбар надзейных і правераных часам АЗС.

    Автор: Инна ГОРБАТЕНКОРэспубліка

Комментарии (0)