29 Марта, 2024 Пятница

Дэпутаты Магілёўскай вобласці — пра недахопы зямельнага заканадаўства

  • 15 ноября 2017 Общество Беларуская 0

    З мэтай навядзення парадку і скарачэння колькасці пустуючых дамоў у сельскай мясцовасці некалькі гадоў таму быў падпісаны Указ №100. Але пытанні ўсё роўна засталіся. Дэпутаты-практыкі ў адзін голас заяўляюць: заканадаўства абавязкова павінна агаварыць тэрмін іскавай даўніны ўступлення нашчадкаў у спадчыну. Прычым не толькі ва Указе, але і ў Грамадзянскім кодэксе, дзе гэты тэрмін таксама не вызначаны. Зараз працэс уступлення ў правы валодання нерухомасцю на правах уласніка расцягваецца на дзесяцігоддзі. І стаяць дамы самі па сабе, без гаспадароў. Калі што — і спытаць няма з каго… Дэпутаты Магілёўскай вобласці дзеляцца меркаваннямі наконт таго, што трэба зрабіць, каб удасканаліць работу з навядзеннем парадку на зямлі.

    Сляды згубіліся ў часе

    Па выніках мінулага года Добраўскі сельсавет Горацкага раёна быў прызнаны найлепшым у намінацыі рэспубліканскага агляду-конкурсу «Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў». У Клічаве на абласным фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2017» старшыні сельскага Савета Уладзіміру Цербавуўручылі дыплом і падарунак — трактар «Беларус 82.1». «Тут менавіта ўлічвалася ўсё, звязанае з навядзеннем парадку на зямлі», — падкрэслівае старшыня. Папрацаваць прыйшлося ўдарна. Шмат было знесена старых дамоў, фундаментаў, прыбрана закінутых садоў. Асабіста Уладзімір Цербаў удзячны за дапамогу Віталію Секушэнку, дырэктару Горацкай райаграпрамтэхнікі. Уключаныя ў севазварот землі ўзараны, і ўжо атрыманы першыя ўраджаі проса і кукурузы. Вельмі дапамог аграном вытворчага ўчастка «Добрае» Андрэй Махрачоў, таксама дэпутат Добраўскага сельскага Савета. Старшыня папрасіў падзякаваць і жыхарам аграгарадка Добрае, якія актыўна ўпрыгожвалі асабістыя сядзібы і тэрыторыю вакол іх, дапамагалі рыхтаваць населены пункт да раённых «Дажынак».

    Наводзіць парадак на зямлі заўсёды няпроста, лічыць мой суразмоўнік. Не хапае грошай, спецыялізаванага транспарту, паўнамоцтваў.

    — Дзякуючы Указу №100 за апошнія тры гады ў 11 населеных пунктах з 17 існуючых на тэрыторыі сельсавета навялі парадак, — кажа Уладзімір Цербаў. — Адзінае, што перашкаджае рабоце, — адсутнасць тэрміну даўніны па ўступленні ў спадчыну. Калі чалавек добрасумленны, з ім можна дамовіцца, але ж людзі бываюць розныя. Некаторыя не ўступаюць ў свае правы на домаўладанне і 30 гадоў! І мы нічога не можам зрабіць. Калі вырашаць пытанне праз суд, то трэба ставіць дом на баланс, рабіць праектна-каштарысную дакументацыю, якая каштуе шмат грошай, і выстаўляць яго на аўкцыён. Але трухлявыя разваліны попытам не карыстаюцца.

    У Кіраўскім раёне за 10 месяцаў з пачатку года было знесена 114 пустуючых дамоў. Усяго ж выяўлены 261. З іх 85 хат знаходзіцца ў карыстанні так званых неафіцыйных спадчыннікаў, якія не аформілі свае правы. І тут таксама ёсць пытанні да некаторых пунктаў згаданага Указа. Напрыклад, да 3-га, дзе агаворваецца патрабаванне да ўласнікаў, якія на працягу 3 гадоў павінны паведаміць у сельвыканкам па месцы знаходжання жылога дома пра намер у ім пражываць.

    У раённым Савеце дэпутатаў звяртаюць увагу на тое, што ўласнікі і не думаюць самастойна да іх звяртацца. Прыходзіцца самім пісаць ім лісты, каб даведацца, што яны наогул збіраюцца рабіць з домам. А пазбавіць уласніка гэтай нерухомасці толькі за тое, што ён ігнаруе «соты» Указ, суды не могуць. Патрэбны больш важкі аргумент. Перш за ўсё пісьмовая адмова ад уладання домам. А бывае, што ўласнік памёр, а нашчадкаў яшчэ паспрабуй знайсці. Раней у сем'ях было не па 1—2 дзіцяці, як зараз, а па тры і болей. Разляцеліся хто куды. А дом, пакуль ідуць пошукі, занепадае, прыходзіцца наводзіць парадак за дзяржаўны кошт.

    У пункце 4 агаворваецца: калі камісіяй па абследаванні дома выяўлена, што ён пустуе, трэба прыкласці намаганні, каб знайсці ўласніка або яго нашчадкаў. На справе, калі ўласнік памёр, а нашчадкі памянялі адрас, прозвішча, краіну, пошукі расцягваюцца ў часе. Не зразумела таксама, якая менавіта камісія павінна прызнаць дом струхнелым. Ёсць неразуменне і ў адносінах да пункта 10, дзе гаворыцца, што драхлы дом або фундамент ад яго можна знесці са згоды ўласніка. Але дзе знайсці ўласніка, калі дом быў пабудаваны яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя? Тады яшчэ нават не было ні назваў вуліц, ні нумарацыі пабудоў. Ды і сляды нашчадкаў ужо згубіліся ў часе. Пакуль усе гэтыя пытанні застаюцца адкрытымі.

    Міна запаволенага дзеяння

    Нехта скажа, што негуманна пазбаўляць чалавека права на яго спадчыну. Але ж чаму нехта павінен несці на гэтым страты? У любой маёмасці павінен быць гаспадар — адказваць за яе, даглядаць. На справе звычайна адбываецца так: гаспадары памерлі, а нашчадкі не спяшаюцца ўступаць у законныя правы. Абяцаюць, што праз пару гадоў выйдуць на пенсію, пераедуць у вёску і абавязкова прывядуць дом у цывілізаваны выгляд. Праходзіць год, два, пяць, але ніхто не прыязджае. Дом стамляецца чакаць і прыходзіць у заняпад...

    — Па «сотым» Указе наогул шмат пытанняў. І я пра гэта колькі разоў пісаў нашым сенатарам, — кажа старшыня Бабруйскага райсавета дэпутатаў Аляксандр Емяльянаў. — Чалавек карыстаецца домам, але ў спадчыну не ўступае. Тэрміну іскавай даўнасці няма, вось і атрымліваецца, што ён спадчыннік, але не ўладальнік. А значыць, на яго адміністрацыйна і не паўплываеш. Усё вакол дома зарасло, сама пабудова пахіснулася, але знесці яе нельга, паколькі спадчыннік туды раз на год прыязджае. А за тое, што там зарастае, спаганяюць са старшыні сельскага Савета. Санстанцыя прыехала і аштрафавала яго. І на судзе нічога не дакажаш. Гора-гаспадар знойдзе сведак, якія за паўлітра пацвердзяць, што ён перыядычна прыязджае. Быў у нас такі выпадак у Кавалёўскім сельсавеце.

    — Падчас аптымізацыі да нас далучылі 27 вёсак, у некаторых з іх да 10 пустуючых дамоў, — працягвае размову старшыня Глушанскага сельскага Савета дэпутатаў Бабруйскага раёна Марыя Сушчанка. — Уяўляеце, колькі павінна адбыцца судовых пасяджэнняў, каб іх афіцыйна прызналі такімі? Дамы атрымліваем фактычна ў стадыі трухлявасці. Гэта як міна запаволенага дзеяння. Ніколі не ведаеш, калі і дзе ўзарвецца. Яны быццам магнітам прыцягваюць асацыяльных і крымінальных асоб. Калі мы хочам, каб быў парадак, трэба ўносіць яснасць у заканадаўства, вызначыцца, на працягу якога часу чалавек павінен уступіць у спадчыну. Тэрмін павінен быць разумны — год, максімум два. Уважлівая прычына адтэрміноўкі — толькі хвароба або турма. А ўсё астатняе — гэта не прычына.

    Нават калі чалавек выязджае далёка, ён можа пакінуць даверанасць. А то мы самі сябе ж абкрадваем. Людзі гадамі не ўступаюць у правы спадчыннікаў, а выдаткі нясе дзяржава. Ва Указе №100 увесь час ідзе размова пра ўласнікаў. Але ж часцей за ўсё праблемы ўзнікаюць тады, калі тыя паміраюць і на гарызонце з'яўляюцца нашчадкі.

    Трэба ўносіць праўкі ў Грамадзянскі кодэкс

    У прыватнай гутарцы дэпутаты часта даюць волю эмоцыям, але папярэджваюць: гэта не для друку. Бо часцей за ўсё проста закрываюць вочы на ўсе гэтыя супярэчнасці і імкнуцца дагаварыцца з людзьмі. Самы прымальны варыянт, калі чалавек пагаджаецца, што яго спадчына каштоўнасці не ўяўляе, і піша ў сельсавет заяву з просьбай дапамагчы знесці хату. Некаторыя жыхары пасля прафілактычнай размовы самі разбіраюць свае халупы або аддаюць суседзям на дровы. Але самыя «разумныя» грамадзяне прынцыпова не афармляюць спадчыну гадамі — чакаюць сустрэчы ў судзе, каб атрымаць кампенсацыю за знос. Пакупнікам гэтая маёмасць і дарма не патрэбна, а вось з дзяржавай можна і ў гульні пагуляць. Закон, маўляў, не забараняе.

    І нават калі суд прымае рашэнне не на карысць спадчынніка, радасці сельсаветам ніякай. Гэта значыць — узяць на сябе ўстанаўленне меж зямельнага ўчастка, выраб тэхнічнага пашпарта, рэгістрацыю дома, ад якога часта застаюцца адны толькі сцены. У сельсавеце няма лішніх грошай, каб рабіць усё гэта, тым больш на заведама нікому не патрэбны аб'ект. Ды і з аўкцыёну яго ніхто не купіць. Нават у якасці дроў.

    Устанаўленне тэрмінаў іскавай даўнасці на спадчыну — гэта не чыйсьці капрыз, а жаданне зэканоміць бюджэтныя сродкі, сведчаць дэпутаты. Прычым адным Указам №100 справа не абмяжоўваецца.

    — Сёння ён ідзе ўразрэз з Грамадзянскім кодэксам у адносінах да права на спадчыну, — звяртаюць увагу дэпутаты. — Таму і суды не могуць прыняць рашэнне аб прызнанні дома пустуючым. Грамадзянскі кодэкс канкрэтна не агаворвае тэрмін уступлення нашчадкаў у спадчыну. Таму перш за ўсё неабходна ўнесці змены ў Кодэкс.

    … і ў Зямельны

    Па Зямельным кодэксе таксама ёсць пытанні, сігналізуюць народныя абраннікі. А ад гэтага залежыць парадак на сельскіх тэрыторыях.

    — Сёння, калі чалавек уступае ў спадчыну, ён мае права толькі на 25 «сотак». А яго бацькі, напрыклад, мелі іх 35, — кажа Марыя Сушчанка. — Можна, вядома, лішнія «соткі» ўзяць пад асабістую падсобную гаспадарку, але афармленне каштуе 400 рублёў. Дачнікам гэта наогул не трэба. У выніку на тэрыторыі застаюцца так званыя апендыксы. Мы даглядаем іх, але, па сутнасці, марнуем дзяржаўныя грошы.

    І нічога зрабіць нельга.

    Зямельны кодэкс аднолькавы хоць для Мінска, хоць для сельскай мясцовасці. Хаця для такіх рэгіёнаў, дзе зямля не аўкцыённая, не запатрабаваная, няма неабходнасці рэгламентаваць заканадаўствам гэтыя 25 «сотак». Чаму нельга даць магчымасць мясцовым уладам самастойна вырашаць «зямельнае» пытанне? Калі чалавек уступае ў спадчыну, хай ён гэту зямлю і забірае незалежна ад таго, колькі яе знаходзілася ва ўладанні. Гэта ж дадатковыя падаткі! Замест гэтага сёння ўтварылася шмат пустуючых тэрыторый, якія немагчыма ўцягнуць у севазварот. Побач лясы, рэкі — тэхніка там не пройдзе.

    Яшчэ адзін спрэчны момант. У шматкватэрных дамах з ізаляванымі ўваходамі (ёсць такія ў сельскай мясцовасці) таксама зямля «прывязваецца» да долі маёмасці. А гэтага, лічаць дэпутаты, рабіць не трэба. Афармляць неабходна не па долях, а па фактычным выкарыстанні. Людзі павінны самі дагаворвацца. А калі пачынаюць дзяліць зямлю на долі, суседзі не могуць дасягнуць узаемнай згоды.

    — Вось у нас дамы барачнага тыпу — раней людзі там карысталіся надзеламі так, як калісьці дамовіліся паміж сабой іх бацькі, — кажа суразмоўнік. — А калі сталі дзяліць зямлю ў долях кватэр, пачаліся рознагалоссі. І пайшлі суды, выдаткі. Гэта на сённяшні дзень самыя цяжкія судовыя працэсы. Я абмяркоўвала пытанне з калегамі з іншых абласцей, і яны таксама пацвярджаюць: калі пачынаюцца спрэчкі — дзе якую агароджу паставіць, дзе які праезд зрабіць, ідзе сапраўдная вайна. І шмат хто ваюе не дзеля зямлі, а з прынцыпу. У мяне быў выпадак, калі людзі дзялілі долю ў долі і за 18 гадоў супрацьстаяння так і не дасягнулі згоды. Яны ўжо памерлі, але меж у падзеле зямельнага ўчастка так і не ўстанавілі...

    Автор: Нэлi ЗігуляЗвязда

Комментарии (0)