28 Марта, 2024 Четверг

Отдам в добрые руки, или Как Светлана котиков и собачек выхаживает

  • 17 ноября 2017 Общество Беларуская 0

    Чаму людзі саромеюцца сваёй дабрыні? Угаварыць на інтэрв’ю жыхарку Пружан Святлану Савіцкую было няпроста. “Я ж гэта не для паказу,— старалася пераканаць мяне Святлана Арсенцьеўна.

    — Проста шкада нямоглых жывёлін, якія вінаваты толькі ў тым, што з’явіліся на свет…” Сапраўды, яе могуць асудзіць, з яе могуць пасмяяцца тыя, хто сам выкідвае коцікаў і сабачак на сметнікі ці здзекуецца з іх.

    На агароджы – шыльда  с надпісам “Злы сабака”. Нягледзячы на гэта, я смела адчыняю веснічкі: Ніка мяне ведае. Яна выбягае з саду  і раптам, на нейкае імгненне спыніўшыся і павярнуўшыся, пачынае злосна гаўкаць. Усё правільна: ідзе гаспадыня, і  Ніка стараецца прадэманстраваць ёй сваю адданасць. Адно слова жанчыны — і вось сабака ўжо даверліва сядае каля мяне. Правая задняя лапа ненатуральна выцягнута. Год таму Ніку (тады яшчэ зусім маладзенькую сучку) падбіла машына. Усю акрываўленую, Святлана прынесла яе на двор. Што вы  зрабілі бы на месцы жанчыны? Выклікалі  ветэрынараў, каб увялі смяротны ўкол? Света закруціла напаўжывую Ніку ў прасціну і павезла ў Брэст. У ветэрынарнай клініцы пасля рэнтгенаўскага здымка сабаку аперыравалі. Аперацыя доўжылася дзве гадзіны. Шылі, змацоўвалі скобамі. Асабліва давялося папрацаваць над задняй лапай. Яе, па сутнасці, складвалі нанова. І склалі дрэнна. Калі потым дасталі ўсе штыры і вінты, аказалася, што лапа зраслася няправільна і яе трэба зноў ламаць. Света пашкадавала Ніку, і сабака  засталася з выцягнутай “пісталетам” канечнасцю. Хутка яна прызвычаілася да сваёй новай нагі. Вунь як спрытна бегае і скача на трох лапах! А мінулай зімою, напэўна, каб не дакранацца пакалечанай лапай да снегу, хадзіла па садзе на дзвюх пярэдніх. Мы назіралі за гэтым, як за цудам. Дзеці смяяліся: “Глядзіце, глядзіце, як у цырку!” Святлана Арсенцьеўна гладзіць сабаку: “Такой адданасці  і  вернасці, як у яе, можна павучыцца многім людзям”. 

    Ніка ахоўвае не толькі  сваіх гаспадароў, але і двух шчанюкоў Герду і Жука, якія – хвосцікі кручком – бегаюць услед за ёю. У іх свая, не менш багатая і ўражлівая, гісторыя.  Гэта было яшчэ напрадвесні. Аднойчы, калі выйшла на двор, Света пачула жаласны піск з-пад бярвенняў у суседнім двары. Здалося? Але піск зноў паўтарыўся. “Не магу слухаць! Душа рвецца!”—расказвала жанчына. Нядоўга думаючы, яна ўзялася рабіць падкоп пад бярвенне. Гэта было няпроста: зямля была яшчэ падмёрзлай, вакол снег і бруд. Калі Святлана дабралася да сабачак, яны ўжо ледзь папісквалі. Двух дастала, трэці аказаўся мёртвым. Як малюсенькія істоты трапілі пад гэтае бярвенне? Дзе іх маці? Жанчына забрала малых дахаты. Наладзіла ім “бярлогу” на кухні пад цёплай батарэяй. Спачатку карміла з бутэлечкі: па грамульцы некалькі разоў на дзень і нават ноччу. І выхадзіла малых. Хутка, напаўжывыя, брудныя і мокрыя, яны пераўтварыліся ў прыгожых, вясёлых, пузаценькіх сабачак. “Цётка Света, можна мне пагуляць з Вашай Гердай?”— амаль штодзень просіць мая  ўнучка Насця. Я задаволена: па  суседстве ў дзяўчынкі – прыклады дабрыні, клопату, чалавечнасці.

    Такіх гісторый тут вялікае мноства. Напрыклад, як Святлана Арсенцьеўна выхадзіла двух нованароджаных сабачак, маці якіх памерла пры родах.  Або як выратавала нашу Жульку, якая падавілася курынай костачкай і ветэрынары прарочылі, што памрэ да раніцы… Вылечыўшы і адкарміўшы маленькіх гаротнікаў, жанчына пачынае настойліва змяшчаць аб’явы ў раённую газету: “Аддам у добрыя рукі…” І калі людзі прыходзяць па чарговай аб’яве, просіць напрамілы Бог: “Вы толькі не выкідвайце іх! Яны добрыя, усё ўмеюць…”

    Цяпер разам з сабакамі Нікай і Гердай  (Жука ўжо «ўсынавілі») у гэтым прасторным двары жывуць чацвёра малюсенькіх кацянятак. Святлана радуецца:  яны ўжо навучыліся есці! І абураецца: нехта выкінуў кацянятак у высокай кардоннай скрынцы (каб не вылезлі!) на беразе гарадскога возера.  Клопатаў дабавілася, бо ў гэтым выпадку мала адкарміць, важна яшчэ і наладзіць адносіны паміж катамі і сабакамі. А гэта вельмі няпроста. Безумоўна, найлепш было б, каб іх як найхутчэй разабралі людзі! Дарэчы, большасць жывёл да Святланы  прыносяць сябры, знаёмыя, калегі па працы. Ведаюць: жанчына ніколі не пройдзе міма таго, каму патрэбна дапамога.

    Прадбачу водгукі на  мой артыкул: маўляў, якая дробязь, ці варта замарочвацца: вунь колькі такіх бяздомных катоў і сабак бадзяецца па горадзе і туліцца пад дзвярыма пад’ездаў! 

    Так, бадзяюцца! Толькі большасць з гэтых бяздомных раней мелі гаспадароў, якія потым бязлітасна выкінулі іх, як надакучлівую рэч! Між іншым, псіхолагі наконт гэтага сцвярджаюць: той, хто выкідвае хатніх жывёл, папросту можа адправіць у прытулак сваіх бацькоў; хто забівае коціка ці сабачку, можа забіць і чалавека. ...

    Ганна Хадаровіч.

    Автор: Ганна ХадаровічРаённыя будні

Комментарии (0)