29 Марта, 2024 Пятница

"А намалюйце настрой!"

  • 29 ноября 2017 Общество Беларуская 0

    Вольны ад вучобы час патрэбен любому школьніку. Але вольны – не значыць праведзеныя каля тэлевізара або за забаўляльнай камп’ютарнай гульнёй некалькі бескарысных гадзін. Ці ж можа футбольны сімулятар на прыстаўцы замяніць напружаную атмасферу падчас гульні на рэальным полі ці, напрыклад, віртуальная размалёўка прынесці такую ж асалоду, як работа з сапраўднымі алоўкамі і фарбамі?! 

    Для педагогаў, як і для выхаванцаў цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, адказ адназначны: вольны час лепш запоўніць творчасцю. Як у іх гэта атрымліваецца на справе? Выдатна!

    Дзіцячае ўяўленне – гэта сапраўдная скарбніца ідэй. У гэтым упэўнены педагог Уладзімір Лісок. Варта толькі падштурхнуць, падказаць, падтрымаць у пэўны момант задумку, прыслухацца да пажаданняў – і бязмежная фантазія хлопчыкаў і дзяўчынак ператвораць звычайную дошчачку ў 3d-карціну з выявай арла ці, напрыклад, навагоднюю ёлку.

    Як жа цікава сачыць за творчым працэсам: у майстэрні гурткоўцаў усе заняты сваёй справай, раз-пораз перакід-ваюцца заўвагамі, разважаюць наконт відаў разьбы, раяць адзін аднаму, як зрабіць лепш.

    – Паглядзіце, Уладзімір Іванавіч, усё як трэба? – дэманструе свой выраб Андрэй і тут жа атрымлівае ад педагога падказку.

    Пытаюся ў юных разьбяроў, ці падабаюцца заняткі? Здзіўляе зусім недзіцячы адказ:

    – Разьба па дрэве – занятак для сапраўдных мужчын. Такое захапленне – добры памочнік і ў хатніх справах. Вось я ўжо дзве лыжкі і відэлец зрабіў, а сябар – раздзелачныя дошкі. Гэтыя рэчы заўсёды спатрэбяцца ў гаспадарцы. А як жа падабаюцца такія вырабы нашым мамам!

    Напрамкаў работы ў цэнтра многа: дэкаратыўна-прыкладная, выяўленчая, тэхнічная творчасць, эколага-біялагічны і спартыўны кірункі, мастацкая дзейнасць, а з гэтага навучальнага года ёсць і турысцка-краязнаўчая.

    Мноства аб’яднанняў па інтарэсах, цікавых для юных ляхавічан, сёння прапаноўвае цэнтр. Сюды з заўсёдным жаданнем і зацікаўленасцю спяшаюцца 1796 яго выхаванцаў.

    Самыя маленькія – дашкаляты – суботні дзень праводзяць у аб’яднанні «Малышок». Вывучаюць англійскую мову, малююць, лепяць, займаюцца аэробікай і гуляюць. Такі выдатны расклад выхаднога дня на карысць не толькі выхаванцам, але і іх бацькам, якія могуць правесці дзве з паловай гадзіны за хатнімі справамі і не хвалявацца, як і чым заняць дзяцей.

    На штогадовай вераснёўскай прэзентацыі цэнтра сёлета заявілі пра сябе аб’яднанні танцавальнае, тэатральнае «Карусель», «Пачатковае тэхнічнае мадэляванне». У апошнім, дарэчы, навучэнцы атрымліваюць простыя навыкі разьбы па дрэве, каб пасля прыступіць да больш сур’ёзных вырабаў. Замежныя мовы заўсёды запатрабаваныя, цяпер з’явілася магчымасць акрамя англійскай засвойваць і польскую.

    Маленькія модніцы вучацца кроіць і шыць адзенне, прэзентаваць дызайнерскія рэчы для гледачоў у «тэатры моды».

    А з лямцу тут вырабляюць не валёнкі, а стыльныя завушніцы, пацеркі, якія, упэўнены выхаванцы «Лямцовага дызайну», выдатна дапоўняць вобраз, як і ўпрыгожанні, што атрымліваюцца з бісеру.

     Калі б давялося ўбачыць карзінкі, сурвэтніцы ці вазы гурткоўцаў, якія займаюцца пляценнем з паперы, упэўнена, ніколі б не здагадаліся, што для вырабу патрабуюцца ўсяго толькі газета, клей і фарбы. Танны і лёгкадаступны матэрыял замяняе лазу і салому. Непаўторны дызайн, ручная работа – эксклюзіў, які заўсёды ў модзе.

    Па жаданні бацькоў і педагогаў у цэнтры займаюцца і дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Зусім нядаўна яны сталі ўдзельнікамі выставы-конкурсу «Рука аб руку».

    Сёння ўсе гурткоўцы натхнёна рыхтуюцца да рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Калядная зорка», актыўна дзеляцца напрацоўкамі і ідэямі на рэспубліканскі конкурс «ТэхнаЕлка».

    – Усе дзеці таленавітыя. Важна заўважыць, да чаго кожны схільны. Часам супраць стэрыатыпаў, законаў мастацтва, сумяшчаючы процілегласці, яны ствараюць прыгажосць, – разважае дырэктар цэнтра Людміла Юнік, – варта паглядзець на іх незвычайныя работы. Важна, каб у творчым развіцці хлопчыкаў і дзяўчынак былі зацікаўлены бацькі. Падчас заняткаў нашы выхаванцы пазнаюць свет, вучацца любіць, ашчадна адносіцца да ўсяго, што навокал, мараць, уяўляюць, фантазіруюць і, не менш важна, трэніруюць памяць, дробную маторыку рук, умацоўваюць здароўе, выпрацоўваюць сілу волі, дысцыплінаванасць, стараннасць. Мы, педагогі, заўсёды чакаем юных землякоў і гатовы крочыць з імі па маршрутах творчасці.

    «Ляхавіцкі веснік»

    Фота аўтара.

    Автор: Маргарыта КУХТАЛяхавіцкі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)