26 Апреля, 2024 Пятница

Канвелiшская школа: гады, асобы, перамогi

  • 01 декабря 2017 Общество Беларуская 0

    Сёння Канвелішскі навучальна-педагагічны комплекс адзначыў свой юбілей. Нягледзячы на даволі салідны ўзрост, ён вечна малады ад дзіцячых звонкіх галасоў, гуллівага званка, што кліча на ўрок, і энергічных, з нязгасным агеньчыкам творчасці настаўнікаў.

    Так атрымалася, што калектыў школы сёлета адзначае не адзін, а цэлых тры юбілеі — семдзесят, шэсцьдзясят і трыццаць! 11 лістапада 1947 года ў вёсцы Канвелішкі адкрылася пачатковая школа, у якой адзін настаўнік вучыў сем вучняў. Праз дзесяць год яна “падрасла” — ужо 14 настаўнікаў дапамагалі спасцігаць навуку 158 вучням — і стала сярэдняй. 1987-ы стаў не менш запамінальным. Цудоўным падарункам на 1 верасня стала адкрыццё новага будынка, разлічанага на 345 месц. Сучасны статус — навучальна-педагагічны комплекс — школа атрымала ў 2009-м. Цяпер тут працуюць 35 настаўнікаў і выхавацеляў дашкольнага звяна, яе наведваюць 119 вучняў і 34 выхаванцы садка.

    Выток творчасці і россып талентаў

    У школьны летапіс назаўжды ўпісаны імёны былых дырэктараў — В.А. Слесара, Л.А. Бондара, Б.Б. Панасіка, А.В. Качкова, І.І. Кірвеля, І.У. Захарэўскага, Г.Л. Мілюша і  Б.Ю.Чаплі. Новае дыханне ўстанова адукацыі атрымала, калі пяць год назад яе ўзначаліла Н.В. Якжык.

    Па ініцыятыве Наталлі Віктараўны былі абраны філалагічны і гісторыка-краязнаўчы накірункі дзейнасці. Па словах дырэктара- філолага, гэта “ляжала” на паверхні — матэматыка і фізіка даюцца не кожнаму дзіцяці, а гуманітарныя навукі дапамагаюць у развіцці дзяцей і ў станаўленні іх як грамадзян. Дружны калектыў прапанову падтрымаў. І сёння з задавальненнем вучні наведваюць аб’яднанні па інтарэсах “Жыві, роднае слова”, “Наш родны край”, якімі кіруе настаўнік беларускай мовы і літаратуры Надзея Іванаўна Адамчык. Іх артыстычныя здольнасці раскрывае настаўніца рускай мовы і літаратуры Люцыя Іванаўна Нос падчас рэпетыцый драматычнага тэатра “Спадчына”, Клуба Вясёлых і Знаходлівых. Экскурсаводаў для школьнага краязнаўчага музея рыхтуе настаўнік гісторыі Рамуальд Уладзіслававіч Бень. Наладжаны цесныя сувязі з Гродзенскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі і філалагічным факультэтам Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Два гады запар яго студэнты сумесна з канвелішскімі школьнікамі, якія наведваюць фальклорна-краязнаўчы лагер “Канвалія”, занатоўваюць вусную народную творчасць.

    Падтрымка гродзенскіх сяброў і ўласныя памкненні зрабілі сваю справу: толькі ў цякучым годзе скарбонка дасягненняў вучняў Канвелішскага НПК папаўнялася перамогамі ў творчых конкурсах абласнога ўзроўню 9 разоў і рэспубліканскага — 2.

    — Абраны намі шлях, безумоўна, стаў тварам школы. І адмаўляцца ад яго мы не будзем, — зазначыла Н.В. Якжык і дадала: — Лічу, што сюды, у Канвелішкі, я трапіла невыпадкова: тут адчуваю сябе патрэбнай вучням і іх бацькам, а побач — калектыў аднадумцаў. Заўсёды знаходжу падтрымку і ў маіх намеснікаў па вучэбна-выхаваўчай працы, адміністрацыйна-гаспадарчай частцы — Алены Браніславаўны Мухляды, Гелены Станіславаўны Янушкі і Тадэвуша Францавіча Дашкевіча.

    Творчая дванаццатка

    Ганарыцца педагагічны калектыў школы тым, што 80% настаўнікаў — выхадцы з Воранаўшчыны. У многіх з іх стаж працы на адным месцы каля сарака і больш гадоў. А дванаццаць настаўнікаў — мясцовыя выпускнікі. У родную школу ў статусе педагога сацыяльнага вярнулася Аксана Валер’еўна Квецень. Маленькіх аднавяскоўцаў церпяліва і з любоўю вучаць чытаць, пісаць і лічыць настаўнікі пачатковых класаў Святлана Іванаўна Нядведская і Алена Адамаўна Пукель. Сябраваць з матэматыкай — Святлана Тадэвушаўна Сварабовіч і Наталля Іванаўна Ластаўка, з інфарматыкай — Алена Антонаўна Савуль. Дапамагаюць вучням адкрываць творчыя здольнасці настаўнікі беларускай мовы і літаратуры і польскай мовы Гелена Феліксаўна Паляк, Ірына Вітольдаўна Дзекан і Ганна Францаўна Русак. Дзіцячае шматгалоссе і шум станкоў не змаўкаюць і на перапынку ў майстэрні тэхнічнай працы. Пад кіраўніцтвам Здзіслава Уладзіслававіча Сцефановіча хлопцы старанна майструюць. Настаўнік прыслухоўваецца да іх пажаданняў наконт вырабаў і не абмяжоўвае іх фантазію. Затрымаліся пасля абавязковай адпрацоўкі і настаўнікі фізічнай культуры і здароўя Вікторыя Янаўна Радзюн і Сяргей Лявонавіч Вянскевіч. У школьныя гады яны займаліся валейболам, лёгкай атлетыкай, заваёўвалі прызавыя месцы не толькі на раённых спаборніцтвах, але і на абласных, рэспубліканскіх.  Зараз стараюцца прывіць любоў да спорту сваім вучням. Аб тым, як працуецца ў школе, дзе калісьці здабывалі веды, красамоўна расказала ў вершы С.Т. Сварабовіч:

    …Адсюль былі мае вытокі,

    І тут настаўніцкі працяг,

    І перапынкі, і ўрокі…

    Мой гэта дом, я не ў гасцях.

    Жыве ў нас школьная сям’я,

    Мы аднадумцы — ты і я.

    І скажам дружна гэтым часам,

    Што мы асілім усё разам!

    Марына КАНДРАТОВІЧ.

    Фота Алега БЕЛЬСКАГА.

    Автор: Марина КондратовичВоранаўская газета
    Теги: 

Комментарии (0)