Першы дзень зімы ў гэтым годзе быў адзначаны важнай і запамінальнай па-дзеяй у жыцці ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна” – балем у гонар новых ліцэістаў.
Як ва ўмовах агульнаадукацыйнай установы ператварыць мару трапіць на сапраўдны класічны баль у рэальнасць? Ды вельмі проста – выдатная ідэя, трохі фантазіі, чароўная атмасфера і старанныя рэпетыцыі.– Дзесяцікласнікі пачалі рыхтавацца да гэтай падзеі ўжо з верасня, – расказала харэограф-пастаноўшчык Наталля Мікалаеўна Міхаленка. – Адразу сфарміравалася 12 пар, жадаючых было значна больш, але месца ў зале не дазваляе танцаваць усім. Спадзяюся, што гэтую праблему мы ў наступным годзе вырашым. Хочацца адзначыць, што стаўленне да традыцыі правядзення балю ў вучняў па-сапраўднаму амаль сакральнае. Яны кожны раз самааддана рэпеціравалі, імкнуліся кожны рух зрабіць ідэальным. Ліцэйскі баль для іх – гэта ідэальны ўрок, на які дзеці ідуць з вялікім задавальненнем.Баль распачынаецца, па традыцыі, з паланэзу. І, нібы па ўзмаху чароўнай палачкі, юнакі і дзяўчаты выпростваюць спіны і пачынаюць цудоўны танец. А педагогі ліцэя, бацькі вучняў, а таксама ганаровыя госці – старшыня райвыканкама Аляксандр Грыцук, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ігар Куіс, протаіерэй Грыгорый Піліпчук, выконваючая абавязкі першага сакратара ГА “БРСМ” Аляксандра Гардзейка, галоўны спецыяліст па ахове дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Мархель адразу ж акунуліся ў чароўную атмасферу XIX стагоддзя. Галоўныя героі гэтага вечара – дзесяцікласнікі – кружаць у чароўным віхры вальса. Дзяўчаты грацыёзна “плывуць” па зале ў прыгожых бальных сукенках, юнакі галантна падтрымліваюць сваіх дам.
Таксама вучні паказалі сцэнкі са школьнага жыцця Аляксандра Пушкіна, яго сяброў Пушчына, Кюхельбекера і іншых. Як выявілася, мала што змянілася за два стагоддзі ў ліцэі. Усе тыя ж любімыя і не вельмі заняткі, шумныя перапынкі, першыя спатканні і моцная школьная дружба.
У сучаснасць усіх прысутных вярнула дырэктар ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна” Святлана Алегаўна Гарайнава, якая ўпершыню прымала ўдзел у такім мерапрыемстве. Яна таксама, як і дзесяцікласнікі, якіх прысвячалі ў ліцэісты, крышачку хвалявалася – усё ж такі не кожны дзень даводзіцца прысутнічаць на сапраўдным балі. Святлана Алегаўна адзначыла, што ліцэй – гэта не проста адна з вучэбных устаноў раёна, гэта, перш за ўсё, адзінства духа, ведаў, аб’яднанне лепшых педагогаў і вучняў, вялікая каманда аднадумцаў. За 2014-2016 гады ліцэй увайшоў у спіс 100 лепшых устаноў адукацыі краіны. Але настаўнікам і вучням ёсць куды расці і да чаго імкнуцца. Яна выказала надзею на тое, што 92 дзесяцікласнікі, якія ўступілі ў гэты вечар у вялікую ліцэйскую сям’ю, будуць падтрымліваць асаблівую атмасферу ліцэйскага братэрства.Свае віншаванні новаспечаным ліцэістам выказаў старшыня райвыканкама Аляксандр Грыцук.
– Кожны з вас прыйшоў у ліцэй сваім шляхам, але я спадзяюся, што тыя 92 вучні, якія сталі сёння ліцэістамі, прыйшлі сюды з адной мэтай – паспяхова спасцігаць веды, – падкрэсліў ён. – Так, раённы ліцэй багаты традыцыямі, але сёлетнія ўступныя экзамены паказалі, што ёсць тут пэўныя праблемы. Таму вы разам са сваімі настаўнікамі павінны падняць ліцэй на добрую вышыню. Каб усе дакладна ведалі, што сюды за ведамі прыходзяць, сапраўды, лепшыя з лепшых.
Павіншаваў усіх прысутных начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ігар Куіс і дадаў, што вучыцца ў ліцэі – гэта не толькі вялікі гонар, але і адказнасць. Званне “ліцэіст” азначае, што вучні павінны быць прыкладам для сваіх равеснікаў. А протаіерэй Грыгорый Піліпчук пажадаў ліцэістам накіраваць свой розум, здольнасці і веды на карысць Айчыне. Даніну павагі аддавалі ў свята і настаўнікам. Дырэктар ліцэя ўручыла фірменныя значкі ліцэя класным кіраўнікам прысвечаных у ліцэісты 10-класнікаў – Валянціне Уладзіміраўне Пішчавай, Таццяне Міхайлаўне Герман, Тамары Аляксандраўне Мілеўскай і Аляксандру Мар’янавічу Сароку, які працытаваў свой улюблёны фільм “Дажывем да панядзелка”: “А шчасце дзе?” І сам даў адказ на гэтае пытанне – для ўсіх настаўнікаў яно тут, у родным ліцэі. Дарэчы, фірменныя значкі атрымалі і ганаровыя госці – Аляксандр Грыцук і Ігар Куіс. Урачыста гучала клятва ліцэістаў і ў такт ёй дружны адказ “Клянёмся”.
Баль, на якім прысвячаюць у ліцэісты, – гэта асаблівы рытуал для вучняў, сакральная дзея. Я глядзела, як прыгожыя дзяўчаты і абыходлівыя юнакі кружаць па зале ў вальсе, і ўспамінала, як наш клас прысвячалі ў ліцэісты ў 2008 годзе. Тады ў гэтага свята не было такога размаху, усё праходзіла сціпла. Спадзяюся, што за прыгожымі дэкарацыямі захавалася сутнасць ліцэйскага братэрства, і ліцэісты, якія ў хуткім часе стануць абітурыентамі, будуць з гонарам прадстаўляць наш раённы ліцэй і паспяхова штурмаваць сваімі ведамі лепшыя вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны. І, магчыма, парушаючы ўсе законы журналісцкай этыкі, напішу, як гордая выпускніца – прадузята і з бясконцай удзячнасцю – віват, ліцэй, віват!
Ганна Ільяшэвіч, фота аўтара.
Комментарии (0)