03 Мая, 2024 Пятница

Што ў школьніка на абед?

  • 08 декабря 2017 Общество Беларуская 0

    Харчаванне ў школах і гімназіях – адна з самых «гарачых» тэм на бацькоўскіх сходах. Адных не задавальняе меню, іншыя непакояцца, што іх дзіця-алергіка накормяць непрымальнай для яго ежай. На самыя частыя пытанні пра школьныя сталовыя адказвае намеснік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Жанна КАРПОВІЧ.

    — Ці абавязаны вучань снедаць або абедаць у сталовай па месцы вучобы?

    — Не існуе такіх норм, згодна з якімі можна абавязаць навучэнцаў харчавацца ў школе (гімназіі). Але ў кожнай установе праводзіцца мэтанакіраваная работа над тым, каб як мага больш дзяцей прыахвоціць да гарачых сняданкаў, абедаў і падвячоркаў. На іх жа карысць. Ад збалансаванага харчавання, што адпавядае фізіялагічным патрэбам школьнікаў, залежыць здароўе, працаздольнасць. Напрыклад, рацыён для вучняў 5-11 класаў прапануецца ў трох варыянтах, што дае ім права выбару. Таксама праводзіцца анкетаванне сярод навучэнцаў аб якасці харчавання. Такім чынам, вывучаюцца попыт і густы дзяцей. Заўважу, што і бацькі павінны разумець: ні бутэрброды, ні булачкі з буфета не заменяць паўнацэннае гарачае харчаванне. У навучальных установах раёна яму аддаюць перавагу 89,3 працэнта чалавек.

    — Сёлета змяніўся час пачатку ўрокаў. Як гэта паўплывала на рэжым харчавання?

    —  У кожнай установе ён індывідуальны. Пры складанні графіка абавязковай умовай з’яўляецца захаванне часавых прамежкаў паміж прыёмамі ежы, якія не павінны перавышаць 3,5-4 гадзін.

    — Як фарміруецца меню і на якія прадукты робіцца ўпор?

    — Для вучняў складаецца ашчадны рацыён па хімічным складзе прадуктаў і спосабах іх прыгатавання. Аснова — малочная і нятлустая мясная прадукцыя. Што тычыцца каўбасы і сасісак, яны выключна вышэйшага гатунку і ў меню ўключаюцца не больш за раз на тыдзень. Таксама выкарыстоўваюцца дыетычныя яйкі, кандытарскія вырабы, багатыя на пекцін (зефір, мармелад, джэм). Абсалютна недапушчальныя вострыя прадукты з гарчыцай, перцам, воцатам. Прадукцыя ў школьных сталовых пераважна беларускай вытворчасці. Пастаўляецца яна на падставе праведзеных працэдур дзяржаўных закупак, з улікам сезона і, безумоўна, узросту навучэнцаў, фізіялагічных норм спажывання харчовых рэчываў і энергіі.

    — Дазваляецца браць вучням «ссабойкі»?

    — Калі бацькі жадаюць даць дзіцяці «перакус», варта ўлічваць тэрмін рэалізацыі, умовы захоўвання і карыснасць. Ні ў якім разе не дазваляюцца скорапсавальныя мясныя прадукты дамашняга прыгатавання, як і заводскай вытворчасці, а таксама чыпсы, сухары накшталт «кірыешак», газіраваныя напіткі. Вучню можна пакласці з сабой арэхі, пячэнне, шакалад, батончыкі-мюслі з рознымі злакамі ў індывідуальнай дробнай упакоўцы.

    — А калі ў дзіцяці алергія? Ці будуць для яго гатаваць па асобным меню, нават калі ён адзіны ў школе (гімназіі)?

    — Будуць, калі ёсць адпаведнае заключэнне ўрача-педыятра або «вузкіх» спецыялістаў. Ва ўстановах раёна васьмярым вучням рэкамендавана дыетычнае харчаванне. Тэхнолагі ад-

    дзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама распрацоўваюць рацыён на падставе адпаведных даведак па кожным канкрэтным выпадку. Наогул, найчасцей маладзечанскім школьнікам асобнае меню паказана з-за хвароб сэрца і алергіі.

    — У каго ёсць права на бясплатнае харчаванне?

    — У дзяцей-інвалідаў, а таксама з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў. У іх двух- або трохразовае харчаванне ў залежнасці ад таго, колькі часу яны знаходзяцца ў школе (гімназіі). Ёсць вучні, для якіх прадугледжана бясплатнае аднаразовае харчаванне: гэта пачаткоўцы, дзеці з сельскай мясцовасці і тыя, якія займаюцца ў спартыўных класах… Усяго такіх 14 катэгорый. Поўны пералік можна знайсці ў пастанове Савета Міністраў №177.

    — Ці аднолькавае меню для тых, хто харчуецца за грошы і бясплатна?

    — Штогод Міністэрства адукацыі распрацоўвае метадычныя рэкамендацыі па харчаванні для школ (гімназій). Наша ведамства акцэнтуе ўвагу на тым, каб меню было аднолькавым для тых, хто купляе ежу за грошы, і хто харчуецца за кошт бюджэту. Аднак ва ўстановах можа быць меню на выбар – калі дзеці, якія ядуць за бацькоўскія грошы, могуць выбіраць, што яны сёння хочуць з’есці. У льготнікаў такой магчымасці няма – ім прапануюцца канкрэтныя стравы. Заўважу і тое, што пры цэнтралізаваным харчаванні яно павінна быць арганізавана па класах, а не па сацыяльных групах. Ніякіх асобных месцаў у сталовых, як і часу прыёму ежы, для «бясплатнікаў» не вылучаецца. Гэта прапісана і на заканадаўчым узроўні.

    — Ва ўстановах адукацыі захавалася традыцыя дзяжурства па сталовай. Што ўваходзіць у абавязкі вучняў?

    — Школьнікі 1-2 класаў могуць самастойна сервіраваць сталы (расстаўляць прыборы, раскладаць сурвэткі), прымаць посуд са сталоў. Поўная сервіроўка з падачай на сталы парцыённых страў арганізуецца з сёмага класа. Забаронена прыцягваць дзяцей любога ўзросту да прыгатавання і раскладання страў па порцыях.

    — Як часта праводзіцца кантроль за арганізацыяй харчавання ва ўстановах адукацыі і хто гэтым займаецца?

    — Адказнасць за арганізацыю рацыянальнага харчавання, выкананне санітарных норм і правілаў на харчблоку ў адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях ускладаецца на кіраўніка ўстановы. У кожнай створана бракеражная камісія, якая кантралюе закладку прадукцыі, якасць прыгатаванай ежы, умовы захавання і тэрмін рэалізацыі. Таксама ў кожнай установе наладжаны вытворчы кантроль, распрацаваны адпаведныя праграмы, створаны саветы па харчаванні.

    Што тычыцца аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, то тэхнолагі згодна з графікам ажыццяўляюць вытворчы, у тым ліку лабараторны кантроль за якасцю ежы. Апошнім часам практыкуюцца сумесныя маніторынгі са спецыялістамі занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. За выяўленыя парушэнні да віноўнікаў (гэта, як правіла, повары, кладаўшчыкі, кіраўнікі) прымяняецца дысцыплінарнае спагнанне.

    А як у іншых краінах?

    У Еўропе няма адзіных стандартаў харчавання для школьнікаў: у адных краінах выдаткоўваюць мільярды долараў на праграмы здаровай ежы, у той час як у іншых для вучняў проста закупляюць шакаладныя батончыкі і газіроўку.

    Швецыя. Кожнае дзіця можа атрымаць не толькі сняданак (бясплатна яго даюць тым, хто прыходзіць на заняткі да 7.00), але і гарачы абед з двума-трыма варыянтамі страў, некалькімі відамі салатаў, супам і фруктамі на дэсерт, а таксама падвячорак (сыракваша, малако, фрукт і несалодкая выпечка). У сталовых самаабслугоўванне, колькасць падыходаў не абмежаваная. Дзеці п’юць ваду і нятлустае малако. На кухні амаль не выкарыстоўваецца цукар. У школе забаронены любыя салодкія напіткі (нават фруктовы ёгурт), чыпсы, пячэнне, марожанае. Усё гэта нельга прыносіць і з сабой.

    Вялікабрытанія. Гэта краіна першая ў свеце ўвяла дзяржаўную сістэму забеспячэння вучняў ежай (у 1906 годзе). Сёння навучэнцы 1-2-х класаў харчуюцца бясплатна. Старэйшым дзецям даводзіцца плаціць. У меню: піцца, курыца, рыба, мяса, свежая садавіна і салаты, а таксама дэсерт, напрыклад, ёгурт. Пасля 14.00 даюць фрукты і малако.

    Францыя. Аплачваюць харчаванне бацькі, хаця дзяржава можа кампенсаваць выдаткі, калі ўзровень жыцця сям’і недастатковы. Меню школьнікаў звычайна складаецца з адной асноўнай стравы. Астатняе на выбар: салата, сыр, фрукт, ёгурт, кекс…

    Автор: Ірына РАБУШКАМаладзечанская газета

Комментарии (0)