30 Сентября, 2022 Пятница

"Дзедаўшчына", сябры і армейскія будні. Даверлівая размова з былым вайскоўцам

  • 11 декабря 2017 Общество Беларуская 0

    Мая сустрэча з Аляксандрам Дудалем з в. Бірча адбылася, прызнаюся, невыпадкова. Маючы дваіх сыноў, як і многія ў краіне, надзвычай балюча ўспрыняла трагедыю, якая ўскалыхнула грамадскасць болей за месяц таму, — смерць Аляксандра Коржыча ў барысаўскіх Печах. Захацелася пагаварыць з хлопцамі, якія служаць, якія толькі вярнуліся з войску, папытацца пра армейскае жыццё, узаемаадносіны, у тым ліку неўстаўныя, пацікавіцца меркаваннямі пра здарэнне, дый, зрэшты, проста зазірнуць у вочы…

    Магчымасць такая неўзабаве з’явілася: Аляксандра сустрэла на парозе ваенкамата, куды хлопец завітаў, каб стаць на ўлік пасля праходжання службы. Ад размовы ён не адмовіўся. Я ж на поўную адкрытасць суразмоўцы не разлічвала: хлопцы — яны народ у асноўным закрыты. Стаўку рабіла больш на тое, што сама, як ка­жуць, не першы год жыву на свеце. У выніку размова атрымалася, як мне падалося, шчырай.

    — Аляксандр, са спортам па жыцці сябруеш?

    — Гледзячы з якім. Футбол, бокс — гэта маё.

    — У армію ішоў з усведамленнем таго, што гэта твой абавязак і гэта нармальна ці проста не знайшоў лазейкі ўхіліцца?

    — Асазнана. Па-першае, таму што пасля заканчэння аўта-транспартнага каледжа меркаваў пайсці працаваць у дэпартамент аховы, а туды без арміі нельга. Па-другое, з дзяцінства марыў быць міліцыянерам, падабалася (усміхаецца) ваенная форма. Людзі вайсковых прафесій выклікалі асацыяцыю мужных, адважных, якім і самому хацелася быць. Напэўна, таму і да дысцыпліны ставіўся станоўча, і армія не палохала, не выклікала адмоўнага стаўлення.

    — У аднагодкаў, сяброў паразуменне ў гэтым плане знаходзіў? Яны падзялялі твае погляды на службу?

    — Не ўсе. Некаторыя дагэтуль шукаюць спробу яе пазбегнуць. А вось трое нас —

    адзін вярнуўся адначасова са мной, адзін яшчэ служыць — лічым, што час у войску патрачаны не дарэмна.

    — Значыць, сваіх поглядаў не памяняў?

    — Ніколькі.

    — У сілавыя структуры па-ранейшаму збіраешся?

    — Так. Якраз гэтымі днямі ўладкоўваюся на працу ў патрульна-паставую службу.

    — Лічыш, фізічна і маральна падрыхтаваны для гэтай работы?

    — Так.

    — Хлопцы, з якімі падтрымліваеш адносіны, як ставяцца да твайго выбару прафесіі?

    — У большасці негатыўна.

     Чаму, як лічыш?

    — Думаюць, што я змянюся і нашае сяброўства скончыцца.

    — Як да парфесійнага выбару ставяцца родныя?

    — Яны не супраць.

    — Службу дзе давялося несці?

    — У Слоніме на Гродзеншчыне, у 11-й асобнай механізаванай брыгадзе.

    — Род войскаў сам выбіраў?

    — Не. Проста туды прызвалі.

    — Войска аказалася тым, чаго ад яго чакаў?

    — Не зусім. Меркаваў, што складаней будзе. А яно аказалася не тое што складана, а хутчэй лёгка.

    — Час доўжыўся марудна?

    — Наадварот, паўтара гады прайшло хутка.

    — Магчымасці, каб загартаваць сябе фізічна, у арміі былі?

    — Вядома ж. Прычым, від спорту выбіраеш, які па душы.

    — Часта можна чуць, што войска — дарэмна патрачаны час: не дае дастатковай прафесійнай кваліфікацыі дый ўвогуле армейцы зачастую займаюцца не тым, для чаго прызваныя?

    — Той, хто так гаворыць, альбо не ведае, альбо наўмысна маніць. Вайсковы графік дакладны: альбо навучаешся спецыяльнасці, альбо трэніруешся фізічна.

    — Сам якой прафесіі навучаўся?

    — Ваеннага слесара —служыў у рамонтнай роце. Мы вывучалі зброю, спецтэхніку і спосабы яе рамонту.

    — Выдатна гэтым авалодаў?

    — (Усміхаецца) Хацелася б, каб заняткаў было болей.

    — Ці ёсць тое, што, лічыш, добра б было змяніць у сучаснай арміі? Уяві, што да тваіх рэкамендацый прыслухаюцца — якія б унёс прапановы?

    — Лепш, чым цяпер, наўрад ці можа быць. Я ў войску пабываў, і мне там усё спадабалася.

    — Можа, так гаворыш, што так прынята гаварыць?

    — Не. Проста так яно было ў нас. Афіцэры з разуменнем адносіліся да малодшага складу, нікога не вылучалі. Добрыя ўражанні пакінулі ротны, намеснікі камандзіраў. Мне з імі, з упэўненасцю магу сказаць, пашанцавала.

    — Ну а, да прыкладу, часцей бываць дома?

    — Гэтага, можа, і не трэба: чым болей ездзіш дамоў, тым больш хочацца там застацца.

    — Цябе часта наведвалі родныя?

    — За службу чатыры разы.

    — Ну а “дзедаўшчына”? Яна ёсць у сучасным войску?

    — У параўнанні з тым, што было раней, — няма.

    — Адкуль ведаеш пра раней?

    — Расказвалі… Зараз за неўстаўныя адносіны і артыкулы могуць даць, і крымінальную справу завесці.

    — А як праяўляецца — пачысціць унітаз?

    — Не, такога таксама няма (смяецца). Найбольшае пакаранне ў войску — пазачарговы нарад — і то, калі ты надта правініўся.

    — А бывае пакаранне ні за што. Напрыклад, у “дзеда” няма настрою…

    — Якім бы “дзед”, як вы кажаце, ні быў, у яго ёсць сябры, тыя, з кім разам прызываўся. Калі ён што і паспрабуе дапусціць ні за што, паплечнікі абавязкова супыняць і заступяцца. У калектыве надзвычай трывалыя прынцыпы справядлівасці.

    — Лічыш нармальным, каб быў ананімны сайт, куды б вайскоўцы маглі паведам­ляць пра тое, што іх хвалюе?

    — Гэта тэхнічна немагчыма: вайскоўцы не могуць карыстацца тэлефонамі з выхадам у Інтэрнэт, відэакамерай, дыктафонам — усё ж такі на тэрыторыі часці ёсць аб’екты, распаўсюджваць інфармацыю пра якія нельга.

     У сваёй часці пасля трагедыі ў Печах адчулі змены?

    — Так. Асабістаму складу стала надавацца больш увагі. Сталі частымі агляды вайскоўцаў на выяўленне цялесных пашкоджанняў. Правяраюць усіх без выключэння, незалежна ад тэрміну службы. Пастаянна ў будзённыя дні працуе псіхолаг. Да яго можна прыйсці ў любы час і весці размову столькі, колькі патрабуецца.

    — Юнакі звяртаюцца да псіхолага?

    — Бывае такое. У асаблівасці, калі дома якія праблемы. Часта наведваюць псіхолага тыя, хто збіраецца застацца “на кантракце”.

    — Хлопцам з лідарскімі якасцямі, напэўна ж, прасцей. А як быць тым, хто па натуры, як кажуць, “хатні”?

    — У войску калектыўнае жыццё і адносіны будуюцца па прынцыпе “як ты адносішся да людзей, так адносяцца і да цябе” незалежна ад таго, ты з лідарскімі якасцямі ці не. Сярод калектыву няма прывілегій тым, хто, скажам, быў “на гражданцы” лідарам і душой кампаніі — там усе роўныя.

    — Што тады, як мяркуеш, магло здарыцца ў Печах?

    — Там, наколькі ведаю, завялі крымінальныя справы. Але, як мне здаецца, ніхто не мог забіць гэтага хлопца: гэта нерэальна, такое проста немагчыма. Там, напэўна, ішло да гэтага — такі, відаць, у чалавека лёс…

    — Сяброў у арміі пры­дбаў?

    — Так. Адзін зямляк — з Баб­руйска, другі хлопец з Мінска.

     Сустракацца збіраецеся?

    — Абавязкова.

    — Дык, кажаш, у цябе пра вой­ска станоўчыя ўражанні?

    — Толькі станоўчыя.

    Автор: Алена КАРПЕНКАТрыбуна працы
    Теги: 

Комментарии (0)