19 Октября, 2021 Вторник

Уся праўда пра карыес, жуйкі ды адбельванне

  • 14 декабря 2017 Общество Беларуская 0

    Звычайна зубны боль пачынаецца ў самы нязручны момант: падчас важнай паездкі ці 31 снежня, незадоўга да бою курантаў. Што рабіць, калі магчымасці звярнуцца да доктара ў гэты момант няма? Наогул колькі часу ў суткі трэба прысвячаць сваім зубам? І чаму маладым бацькам так важна сур'ёзна ставіцца да першага паходу з дзіцем да стаматолага? Пра гэта і не толькі размаўляем з чалавекам, які штодзень заляпляе дуплы ды наводзіць масты, старшым выкладчыкам Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта па сумяшальніцтве Аляксандрам ФІСЮНОВЫМ.

    «Трэба выбіраць не месца, а доктара»

    — Пачну інтэрв'ю з анекдота: «— Як знайсці добрага стаматолага? — Шляхам спроб, але запомні: у цябе толькі 32 спробы». Аляксандр, цяпер багаты выбар як дзяржаўных, так і прыватных стаматалагічных клінік. Як не памыліцца з выбарам?

    — Трэба выбіраць не месца, а спецыяліста. Бо ў раённай паліклініцы можа аказацца стаматолаг з залатымі рукамі. А ў дарагім прыватным кабінеце — доктар, у якога з гэтымі рукамі вялікія праблемы. Не варта спакушацца на рэкламу «ў нас самае сучаснае абсталяванне і прывабныя цэны». Лепш кіруйцеся «сарафанным радыё» — не прагадаеце.

    — А вы каму давяраеце свае зубы?

    — Свайму былому студэнту, зараз ён мой калега. За апошнія пяць гадоў я пяць разоў быў на прафілактычным аглядзе. І толькі аднойчы штосьці невялічкае давялося рабіць з зубам. Мы ж, стаматолагі, ведаем, што вельмі складана выправіць тое, што запушчана. Лепш лячыць карыес на пачатковай стадыі. Гэта і для стаматолага прасцей, і пацыента не так б'е па кішэні. Бо невялічкі карыес вылечыць значна танней, чым пульпіт, а потым яшчэ паставіць на гэты зуб каронку.

    — Але ж большасць людзей цягне да апошняга: запісваецца на прыём толькі калі трываць боль ужо немагчыма...

    — З кожным годам я бачу ўсё менш і менш запушчаных выпадкаў. Людзі, нарэшце, пачынаюць сябе любіць. Звычайна мужоў прыводзяць жонкі, рэдка калі жонак прыводзяць мужчыны. Жанчыны больш клапоцяцца пра сваё здароўе.

    — Што рабіць, калі забалеў зуб, а магчымасці тэрмінова звярнуцца да стаматолага няма?

    — Галоўнае, не нашкодзіць сабе. Не трэба грэць месца, якое баліць, звонку. Не прыкладвайце да шчакі цёплы ці гарачы кампрэсы, грэлку. Нельга спаць на гэтай шчацэ, бо рызыкуеце нарасціць за ноч трэць твару. Грэцца трэба знутры. Але не моцнымі напоямі, як шмат хто любіць, а адварам зёлак — падыдзе рамонак, шалфей, календула, нават звычайны чай. Бераце кубачак у адну руку, тазік — у другую, уключаеце любімы фільм, і на працягу гадзінкі-дзвюх грэецеся: набіраеце гарбатку за шчаку, трымаеце, пакуль не астыне, і выплёўваеце. Чым часцей, тым лепш. Гэта здымае боль і крыху запаленне.

    «Нікому не раю адбельваючыя зубныя пасты»

    — Ад чаго залежыць здароўе зубоў — ад ежы, генетыкі, гігіены?

    — Ад першага, другога і трэцяга. Але асноўныя прычыны стаматалагічных хвароб — гэта карыесагенныя мікробы. Таму вельмі важна рэгулярна выконваць гігіену поласці рота. І нават калі ў вашых бацькоў дрэнныя зубы, ці вы не ўяўляеце свайго жыцця без палачкі «Твікс», вы можаце захаваць «здаровую ўсмешку» на ўсё жыццё. Зразумела, есць выпадкі, калі без прафілактычнай дапамогі стаматолага не абысціся (спытайце свайго доктара, што такое «закрытая фісура»). Але ўсё (дакладней усе яны, зубы) у вашых руках.

    Некаторыя пацыенты абураюцца: «Я чышчу зубы па 10 хвілін тры разы на дзень. Чаму ў мяне з'яўляецца карыес?» Многія памылкова думаюць, што чым больш па часе яны чысцяць зубы, тым лепш. Але ж галоўнае — тэхніка чысткі. Раю схадзіць да свайго стаматолага, ён з вялікай радасцю замест таго, каб свідраваць зубы, пакажа, як іх правільна чысціць. Ёсць яшчэ адмысловая вадкасць (і нават таблеткі) для афарбоўвання зубнога налёту. Дастаткова прапаласкаць ёй рот — і вы ўбачыце тыя вобласці, якія не дачысцілі. Такім чынам, пасля таго, як усміхнуліся сабе ў люстэрка, можна ўзяць шчотку ці зубную нітку і скарэктаваць тэхніку чысткі.

    — Колькі часу ў суткі трэба прысвяціць сваім зубам?

    — Раніцай тры хвіліны, вечарам столькі ж. Многія дапускаюць памылку: ледзь прачнуліся, адразу бягуць чысціць зубы. Пасля шчаслівыя размазваюць па іх свой ранішні бутэрброд. І, думаючы, што ў іх чыстыя зубы, ідуць на работу. А зубы былі чыстыя роўна 15 хвілін, пакуль яны гатавалі свой бутэрброд.

    — Чаму так важна карыстацца зубной ніткай?

    — Кантактныя паверхні паміж зубоў эфектыўна чысцяцца толькі з дапамогай зубных нітак. Я раю сваім пацыентам тыя, якія пад уздзеяннем сліны становяцца больш аб'ёмнымі, тым самым запаўняюць міжзубны прамежак і больш чагосьці могуць з яго дастаць. Некаторыя так актыўна арудуюць зубной ніткай, што раняць дзясны. Папрасіце свайго стаматолага паказаць, як правільна ёй карыстацца, каб не выклікаць больш дрэнных наступстваў.

    — Большасць вытворцаў сучасных зубных пастаў абяцаюць пакупнікам беласнежную ўсмешку. Ці эфектыўнае такое адбельванне?

    — Адбельваючыя пасты ў параўнанні са звычайнымі ўтрымліваюць большую колькасць абразіваў. І пры няправільнай тэхніцы чысткі вельмі лёгка нашкодзіць сабе (зарабіць клінавідныя дэфекты, якія часта праяўляюцца большай адчувальнасцю зубоў). Таму я нікому не раю адбельваючыя пасты. Наогул яны першапачаткова ствараліся, каб падтрымаць эфект адбельвання, якога дасягнулі ў кабінеце стаматолага.

    — Вы б самі сабе адбельвалі зубы?

    — Я для сябе не адчуваю такой неабходнасці. Звычайна зубы пачынаюць выглядаць больш прывабна пасля той жа працэдуры прафгігіены поласці рота, загару, або выкарыстання больш цёмнай памады ў дзяўчат. Таму, перш чым ісці на адбельванне, раю паспрабаваць штосьці з гэтага.

    Да працэдуры адбельвання я стаўлюся вельмі асцярожна, бо тут, як у любой справе, існуюць свае паказанні і супрацьпаказанні. Нельга рабіць усё, што кажа пацыент. Напрыклад, ён можа мець штучныя пратэзы ці пломбы на пярэдніх зубах, і калі ты пачынаеш адбельваць, адбельваюцца толькі свае зубы...

    — Як выбраць зубную пасту?

    — У пасце для дарослых абавязкова павінен быць фтор, сярэдняя колькасць — 1450 ppm. У астатнім кіруйцеся сваімі адчуваннямі. Калі я праз пяць гадзін адчуваю, што мае зубы чыстыя, гладкія — гэта добрая паста. Ёсць жа такія пасты, што ўжо праз гадзіну разумееш — не ўсё так добра, як магло б быць.

    — А зубную шчотку?

    — Шчоткі бываюць звычайныя мануальныя і электрычныя. Апошнія распрацоўваліся для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Я гадоў пяць таму меў электрычную шчотку, але адчуў, што звычайнай можна пачысціць не горш. Шчоткі адрозніваюцца па жорсткасці. Тым, у каго адчувальныя зубы ды краваточаць дзясны, пажадана мець мяккія. Людзям, якія кураць, п'юць моцную каву і чай раю больш жорсткія, яны найлепш прыбіраюць пігментаваны налёт. Не забывайцеся мяняць зубную шчотку кожныя тры месяцы. Бо яна, як і рызіна ў аўтамабілі, зношваецца. Дарэчы, не варта забывацца, што гігіена поласці рота ўключае ў сябе таксама чыстку языка...

    — А як выбраць апалосквальнік для поласці рота?

    — Галоўнае, каб ён не ўтрымліваў спірту.

    — У рэкламе часам сцвярджаюць, што жуйка папярэджвае ўзнікненне карыесу?

    — Гэта рэкламны ход. Жуйка ачышчае толькі адну з пяці паверхняў зубоў — жавальную. Больш за тое, яе можна жаваць не больш за дзесяць хвілін і толькі пасля прыёму ежы. У іншым выпадку рызыкуеце зарабіць гастрыт. Цудоўная альтэрнатыва жуйцы — звычайныя яблык ці морква. Яны не толькі ачысцяць жавальную паверхню зубоў ды прастымулююць выпрацоўку страўнікавага соку, але і падараць вашаму арганізму карысныя вітаміны.

    «Першы паход да стаматолага — справа сур'ёзная»

    — Ці праўда, што калі ў аднаго з бацькоў дрэнныя зубы, тады і дзеці будуць пастаяннымі кліентамі стаматолага?

    — Не абавязкова. Дзіця нараджаецца са стэрыльнай поласцю рота. Потым з цягам часу «гадуе» сваю мікрафлору. І шмат залежыць ад таго, якія мікробы будуць дамінаваць… Аднойчы назіраў такую сітуацыю: маці гуляе па парку са сваім дзіцем. Малеча трымае ў роце соску. Соска падае, жанчына абцерла яе і паклала спачатку сабе ў рот, а потым — дзіцяці. Тым самым падарыла малечы свае мікробы...

    — Я не бачыла яшчэ ніводнае дзіця, якое любіла б чысціць зубы...

    — Усё залежыць ад бацькоў. У мяне калега-стаматолаг змалку даглядае за поласцю рота разам з сынам. Ён расказваў, што ў малога істэрыка пачынаецца, калі перад сном не пачысціць зубы.

    Вельмі важна закладваць пазітыў у адносінах да сваіх зубоў. Гэта датычыцца і першых паходаў з дзіцем да стаматолагаў. Нельга настройваць малечу і казаць нешта накшталт: «Цябе толькі паглядзяць, не бойся, не будзе балюча». Лепш за ўсё першы раз зладзіць азнаямляльны паход, калі дзіця пакатаюць на крэсле, пакажуць мульцік пра злыя мікробы, падараць зубную шчотку. Другі раз яно з радасцю пойдзе да стаматолага.

    — Што можаце параіць людзям, якія з дзяцінства баяцца зубнога доктара?

    — Каб пераадолець страх, трэба пазітыўны досвед. Шукайце таго спецыяліста, з якім будзе перш за ўсё ўтульна эмацыянальна. Я сам у дзяцінстве баяўся стаматолага. Ніколі не забудуся на крыкі, якія даносіліся з яго кабінета. Так не павінна быць. Цудоўна, калі мамы расказваюць сваім дзецям пра зубных фей, якія кладуць пад падушку падарункі. Я, дарэчы, нядаўна разбіраў рэчы, і знайшоў свае малочныя зубы. Мама захавала. Цяпер прадаюцца нават адмысловыя драўляныя скрыначкі для малочных зубоў. Я набываў такія ў падарунак сваім сябрам, у якіх маленькія дзеці.

    «Апошні скайз уманціраваў гады тры таму»

    — Ці просяць пацыенты аздобіць зубы скайзамі?

    — Апошні скайз я ўманціраваў гады тры таму. Напэўна, мода прайшла. Гэта абсалютна бясшкодная працэдура. У любы момант ты можаш акуратненька сашліфаваць тое шкельца без пашкоджання эмалі. Чаго не скажаш пра каштоўныя камяні. Аднойчы пацыентка прыйшла на прыём з сапраўдным брыльянтам. Каб яго паставіць, трэба зрабіць у зубе адтуліну. Апошняя, калі пацыентка праз нейкі час перадумае, закрыецца толькі матэрыялам. Я папярэдзіў пра гэта, але яна ўсё адно дакументальна аформіла сваю згоду.

    — Яна расказвала, чаму захацела ўставіць брыльянт?

    — Не. Я паглядзеў на яе і нават не пытаўся, навошта. У яе брыльянты ды стразы былі паўсюль — на чахле для айфона, на вейках, на завязцы для валасоў, на джынсах, на сумачцы і нават на акулярах… Яна ўся зіхацела.

    — Не ведаеце, ці носіць яна той брыльянт дагэтуль?

    — Не ведаю. Але скайзы я здымаў многім, бо людзі, мабыць, выйшлі з таго ўзросту, калі жадалі нешта даказаць іншым. Былі пацыенты, якія прыходзілі з карыесамі і патрабавалі паставіць скайз. Калі доктар мае на мэце не толькі зарабіць грошы, але і ўспамінае час ад часу, што навучаўся ў медыцынскім універсітэце, то ён будзе матываваць чалавека на лячэнне ўвогуле, а не на ўстаноўку скайза.

    — Ці важна захоўваць зубы мудрасці?

    — Усё залежыць ад таго, у якім яны стане. Існуюць паказанні для выдалення. Я, як артапед, часта выкарыстоўваю зубы мудрасці для апоры розных канструкцый. Калі б іх не было, чалавек выйшаў бы на варыянт здымнага пратэза. А так можна зрабіць мостападобны пратэз і аднавіць цэласнасць зубнога раду. Я ніколі не спяшаюся нічога выдаляць, змагаюся за кожны зуб. Свая натуральная апора з пункту гледжання далейшага функцыянавання ўсё ж такі лепшая за штучную.

    — Што вы можаце параіць сваім цяперашнім і будучым пацыентам?

    — Заўсёды імкнуся зрабіць сваю работу якасна. Але ёсць выпадкі, калі праз паўгода пацыент завітвае да мяне зноў. Гляджу, той зуб, які я лячыў, стаіць, але ён увесь у налёце і суседнія зубы, якія паўгода таму былі здаровыя, ужо з карыесам у стадыі плямы. Ведаеш, чым адрозніваецца праца стаматолага ад працы, напрыклад, рамесніка? Апошні вырабіў нейкую цікавую статуэтку. Чалавек набыў, паставіў на паліцу, і яна радуе яго шмат гадоў у адным і тым жа выглядзе. Зубы ж кожны дзень працуюць. Таму калі вы хочаце, каб яны былі здаровыя, тады павінны штодзень клапаціцца пра іх: старанна чысціць, карэктаваць сваю чыстку. Супрацоўнічайце са сваім стаматолагам, бо ў адваротным выпадку нічога талковага, нават за вялікія грошы, не атрымаецца.

    Автор: Надзея ДрындрожыкЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)