Біяграфія
Ураджэнец суседняй вёскі Гарэлае, выхадзец са шматдзетнай сям’і, Коля Залуцкі з маленства меў цягу да творчасці. Азы выяўленчага мастацтва асвойваў у гуртку пры Бягомльскай школе-інтэрнаце, дзе вучыўся. А яшчэ яму вельмі падабалася працаваць з дрэвам. Талент, падмацаваны ведамі і мэтанакіраванасцю, паспяхова сябе праявіў: Мікалай, вытрымаўшы конкурс шэсць чалавек на месца, паступіў у Бабруйскае мастацкае вучылішча. Са светлай настальгіяй успамінае гады вучобы, цікавых і адметных людзей, з якімі звёў лёс. Сярод іх быў нават вядомы падарожнік Фёдар Конюхаў, вучыўся ў адной з Мікалаем групе.
Пасля атрымання дыплома ў новаспечанага мастака-рэстаўратара і рэзчыка-інкрустатара ў адной асобе прадоўжылася яркае, творчае, насычанае падзеямі і памятнымі сустрэчамі жыццё. Мікалай Іванавіч працаваў у Беларускіх навукова-вытворчых рэстаўрацыйных майстэрнях, займаўся рэстаўрацыяй у музеях і храмах. Давялося рэалізаваць свой талент і ў Мікалаеўшчыне, на былой сядзібе Якуба Коласа, дзе ён пасябраваў з братам слыннага паэта Юзікам. Самыя значныя рэстаўрацыйныя работы Залуцкі правёў у цэрквах Мсціжа і Слуцка.
Справа
Пачалі са “святая святых” – з майстэрні. Не быў бы Мікалай Іванавіч майстрам высокага ўзроўню – нават гэта памяшканне выглядае стыльна. З масіўнымі бэлькамі, са станкамі, манументальнымі работамі з дрэва дзіўным чынам знаходзяць гармонію карціны, у асноўным пейзажы, – лёгкія, светлыя, вытанчаныя. Мікалай Іванавіч прызнаецца, што, як толькі выпадае вольная хвілінка і дазваляе надвор’е, бярэ эцюднік і ідзе пісаць – хараство тут вакол.
Далей – лазня, якую, думаецца, ацэняць высокім балам аматары папарыцца: тут ёсць усё для лазеннага рытуалу ў самых найлепшых традыцыях, нават драўляная купель з халоднай вадой і абсталяванне для прыгатавання мяса барбекю.
Дом для гасцей уражвае сваёй дабротнасцю. Ніякіх шкодных для здароўя чалавека матэрыялаў у інтэр’еры няма – толькі дрэва. Уся мэбля, усё аздабленне зроблена рукамі гаспадара і выглядае шыкоўна. На сценах – рэпрадукцыі карцін вядомых мастакоў. Пакоі стылізаваны пад купецкія, але маюць усе выгоды дваццаць першага стагоддзя. Бытавая тэхніка – ад электрачайнікаў да пральных і посудамыйных машын. Адзін з нумароў, прасторны, светлы, з вокнамі ад столі да падлогі і выхадам на балкон, часта здымаюць маладажоны.
На тэрыторыі аграсядзібы ёсць стадыён, дзе можна гуляць у футбол, валейбол, баскетбол, для дзяцей – арэлі і батут. Яшчэ адзін будынак уведзены ў строй нядаўна – вежа. Мікалай Іванавіч выконвае ў ёй унутраныя работы, і ў хуткім часе тыя, хто разлічвае на больш сціплы па бюджэце адпачынак, змогуць там камфортна праводзіць час.
Агратурызм – справа ў Залуцкіх сямейная. Дакументацыяй, рэкламай, кантактамі з кліентамі займаюцца дачка і сын у горадзе, на адлегласці. Гэта разумна, бо нельга ахапіць неахопнае. Дзіву даешся, як Мікалай Іванавіч, які мог бы з куды меншымі клопатамі працягваць жыць у Сенніцы, паспявае тварыць і адначасова падтрымліваць парадак у сваіх уладаннях – акрамя сядзібы, ёсць яшчэ ўласны дом, агарод, пчолы, птушкі.
Найбольш гасцей сядзіба “Асавы” прымае, вядома ж, летам. Даволі ажыўлена там таксама з наступленнем першых цёплых веснавых дзянькоў і ранняй восенню. Адпачываюць, у асноўным, віцябляне і жыхары сталіцы. Арганізацыі і фірмы праводзяць карпаратывы, святкуюцца юбілеі і іншыя значныя падзеі, праходзяць вясельныя вечарынкі. Адпачываць у “Асавы” едуць і сем’ямі, часцей на выхадныя. Прыязджаюць аматары рыбнай лоўлі. Мікалай Іванавіч ганарыцца тым, што многія з наведвальнікаў, пабываўшы ў яго ў гасцях аднойчы, прыязджаюць зноў і зноў.
Талент
Як за некалькі гадоў паспець так шмат зрабіць? – цікавімся сакрэтамі поспеху ў спадара Залуцкага..
– Проста я працаголік, – усміхаецца Мікалай Іванавіч. – Калі тое, чым займаешся, кажучы па-руску, “не в тягость, а в радость”, то, паверце, усё будзе атрымлівацца. А ўвогуле хтосьці з разумных людзей сказаў: знайдзі сабе справу па душы – і табе не давядзецца працаваць ніводнага дня ў сваім жыцці. Мне пашчасціла: знайшоў. Таму мая справа для мяне і ёсць паўнавартаснае жыццё. Калі цябе ва ўсім падтрымлівае твая сям’я, ёсць сябры, не падводзіць здароўе, ты да месца прыйшоўся на радзіме і вынікі тваёй працы дораць людзям радасць, чаго яшчэ ад жыцця хацець? Толькі натхнення на далейшую творчасць.
Тэкст і фота Алены НЕСЦЯРОНАК.
Комментарии (0)