04 Мая, 2024 Суббота

В политехническом колледже Молодечно установили уникальное учебное оборудование

  • 19 декабря 2017 Общество Беларуская 0

    Халадзільнае абсталяванне набыта ў рамках Дзяржаўнай праграмы развіцця прафесійнай адукацыі. Каштавалі агрэгаты амаль 100 тысяч рублёў, якія былі выдаткаваны з рэспубліканскага бюджэту. Па словах намесніка дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Алы Кароль, наш каледж адзіны ў краіне, дзе ёсць такое абсталяванне для навучання будучых мехатронікаў.

    — Зроблены халадзільныя ўстаноўкі на ТАА «ХоладІнвестГруп», што ў Мінску, пераважна з нямецкіх камплектуючых, — заўважае Ала Іванаўна. – Агрэгаты для лабараторыі каледжа аналагічныя тым, што выкарыстоўваюцца на харчовых прадпрыемствах. Цяпер выпускнікі, якія набылі ў нашай установе прафесію мехатроніка, будуць ісці, як кажуць, у нагу з часам.

    Спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй з веданнем мехатронікі, электронікі і тэхналогіі холаду і халадзільных машын і ўстановак у каледжы пачалі рыхтаваць з мінулага навучальнага года. Прафесія запатрабаваная на рынку працы. Гэта разумеюць і абітурыенты, аб чым сведчыць конкурс сярод іх. Дарэчы, выпускнікам прысвойваецца пяты рабочы разрад мехатроніка.

    Пакуль у каледжы ўсяго дзве групы будучых спецыялістаў па абслугоўванні халадзільнага абсталявання. Гэта паўсотні юнакоў, якія вучацца на першым і другім курсах. Дзякуючы найноўшаму абсталяванню, набытаму ў рамках Дзяржаўнай праграмы развіцця прафесійнай адукацыі, у вытворчай лабараторыі па месцы вучобы яны змогуць праходзіць практыку па электрамантажы і слясарнай справе, дыягностыцы і ліквідацыі няспраўнасцей халадзільных агрэгатаў.

    Цікавы і той факт, што вучыць працаваць з імі дзяўчына Нора Шакура, якая працуе ў каледжы выкладчыцай спецдысцыплін трэці год. Трапіла яна сюды па размеркаванні пасля заканчэння Магілёўскага ўніверсітэта харчавання, дзе набыла спецыяльнасць інжынера-механіка харчовага абсталявання. Яшчэ ў школьныя гады Норы лёгка даваліся матэматыка і фізіка. Веды па гэтых прадметах спатрэбіліся ў авалоданні будучай прафесіяй. А харчовую прамысловасць Нора Уладзіміраўна лічыць адной з самых перспектыўных сфер. Безумоўна, яна рада, што ў падапечных ёсць магчымасць авалодаць прафесійнымі навыкамі ўжо ў час вучобы і ступіць на рынак працы кваліфікаванымі спецыялістамі.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Ірына РАБУШКАМаладзечанская газета

Комментарии (0)