14 Июля, 2024 Воскресенье

Главный врач Молодечненской ЦРБ Дарья Колядич: "Лечить людей - дело творческое"

  • 27 декабря 2017 Общество Беларуская 0
    Нядаўна калектыў Маладзечанскай цэнтральнай раённай бальніцы ўзначаліў новы галоўны ўрач – 35-гадовая Дар’я Калядзіч. Ці цяжка было рашыцца стаць кіраўніком структуры, у якой налічваецца без малога 3,5 тысячы чалавек, як да гэтага паставіліся ў сям’і, якія першачарговыя задачы стаяць перад калектывам ЦРБ – пра гэта і многае іншае мы пагаварылі з галоўным урачом ў канцы яе першага рабочага тыдня.

    — Дар’я Аляксандраўна, напэўна, вы самы малады галоўны ўрач у вобласці?

    — Наколькі мне вядома, не. Мой калега з Валожынскай ЦРБ  маладзейшы, як і выконваючая абавязкі галоўнага ўрача Барысаўскай ЦРБ.

    — У горадзе добра ведаюць вашу маці Людмілу Кандрашову, якая шмат дзесяцігоддзяў працуе стаматолагам-хірургам у гарадской стаматалагічнай паліклініцы. Магчыма, яна паўплывала на ваш выбар прафесіі?

    — Маміна работа ў дзяцінстве мне была больш зразумелай, чым бацькава, які працаваў машыністам на чыгунцы. Так, у дзяцінстве я  хацела быць урачом, але не стаматолагам. Хаця ў час вучобы ў тады яшчэ беларускай гімназіі №10 многім захаплялася. Мне вельмі пашанцавала з настаўнікамі, асабліва з класным кіраўніком Святланай Юрэвіч, якая не толькі выкладала рускую мову, але адкрывала для нас свет сапраўднай паэзіі, музыкі, жывапісу, па вялікім рахунку, вучыла нас жыццю. Некаторы час я хацела быць журналісткай. Акрамя таго, закончыла музычную школу па класе фартэпіяна, займалася ў цудоўнай выкладчыцы Людмілы Раінчыкавай, да якой цяпер ходзіць мой сын Герман. Вялікая асалода – іграць з сынам у чатыры рукі…

    — Ведаю, што вы добра спяваеце, шмат гадоў саліравалі ў хоры «Журавачка», ездзілі на фестывалі ўжо калі працавалі ўрачом. А калегі па ЦРБ вашы выступленні на сцэне бачылі?

    — Безумоўна, раней даволі часта даводзілася ўдзельнічаць у нашай мастацкай самадзейнасці, ездзіць на конкурсы. Цяпер спяваем з мужам, які выдатна іграе на гітары. Галоўныя слухачы – сын з дачкой і мае бацькі.

    — У гімназіі ўсе прадметы выкладаліся на беларускай мове?

    — Так, і я рада, што ведаю яе і ў любы момант магу перайсці на мову, падтрымаць гутарку.

    — Для залатой медалісткі гэта нескладана. А ўніверсітэт закончылі з чырвоным дыпломам?

    — Не, гэта і не было галоўнай мэтай. Да таго ж я на трэцім курсе выйшла замуж, у час праходжання інтэрнатуры нарадзіла сына.

    — Ваш муж Сяргей Калядзіч – таксама паважаны ў горадзе медык, загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі радзільнага дома. Агульныя інтарэсы, шмат тэм для размоў…

    — Гэта так. Але дома мы стараемся не гаварыць пра работу. Нашаму сыну 12 гадоў, дачушцы Маргарыце — 5, імкнёмся правозіць з імі як мага больш часу, развіваць іх здольнасці.

    — А каго вы лічыце сваімі настаўнікамі ў прафесіі?

    — І тут мне вельмі пашанцавала. Моцныя і зацікаўленыя выкладчыкі былі ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце ў Мінску. Маё першае месца працы – участковы ўрач-тэрапеўт у гарадской паліклініцы №1. Удзячная за падтрымку, дапамогу загадчыцы аддзялення Ганне Лескіць. Маім участкам быў Залінейны мікрараён. Прыватны сектар, шмат даводзілася хадзіць, але ўражанні ад першых двух гадоў работы засталіся самыя лепшыя. Цудоўныя людзі жывуць на Лясных, я з імі знайшла агульную мову. Але з універсітэта марыла пра кардыялогію, тэрапеўтам часта дзяжурыла ў кардыялагічным аддзяленні, куды праз два гады прыйшла працаваць. Галоўнае, чаму я там навучылася, – браць на сябе адказнасць у экстрэмальных сітуацыях, не баяцца прымаць рашэнні, ад якіх залежыць не толькі здароўе, але і жыццё пацыента. Гэта бясцэнны вопыт, які ніхто не забярэ… Вельмі дапамагаў загадчык кардыялагічнага аддзялення Міхаіл Шаўлюк. Яму можна было патэлефанаваць, папрасіць парады ў любы час дня і ночы, былі выпадкі, калі Міхаіл Міхайлавіч тэрмінова прыязджаў. У яго асаблівы талент – вучыць маладых, перадаваць ім свой вопыт.

    — Даводзілася ратаваць людзей ад смерці?

    — Безумоўна, аддзяленне такое… Гэтыя сітуацыі застаюцца ў памяці на ўсё жыццё. Вельмі радасна, калі змог дапамагчы чалавеку. З многімі сваімі пацыентамі падтрымліваю стасункі, з некаторымі нават пасябравала. З часам зразумела, што ў складаных выпадках, у лячэнні цяжкіх пацыентаў важна не толькі выконваць прадпісанні медыцынскага пратакола, але і знаходзіць індывідуальны падыход, праяўляць творчасць. Я пераканана, што прафесія медыка творчая.

    — З чэрвеня гэтага года вы ўзначалілі бальніцу №2. Як вас прыняў калектыў? Па практычнай рабоце не сумавалі?

    — У бальніцы №2 выдатная каманда, якой шмат гадоў кіравала Людміла Джурава – медык з вялікім вопытам, выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі. З першых дзён я адчувала сябе там камфортна: работа наладжана, дакументацыя ў ідэальным парадку. Безумоўна, кожны дзень узнікалі неадкладныя пытанні, праблемы, але сумеснымі намаганнямі мы іх вырашалі. А што тычыцца практыкі, то я брала дзяжурствы ў бальніцы, акрамя таго, у раддоме рабіла ўльтрагукавое даследаванне сэрца ў цяжарных жанчын.

    — Вы доўга думалі над прапановай узначаліць цэнтральную раённую бальніцу?

    — Скажу шчыра: прыняць такое рашэнне было вельмі няпроста. Выдатна разумею, якая гэта вялікая адказнасць, які цяпер складаны  час. Аднак лічу: калі жыццё дае табе шанц, адкрывае новыя перспектывы, трэба ісці наперад, развівацца. Лічу, што ў адміністрацыі ЦРБ працуюць адказныя, нераўнадушныя і прафесійныя спецыялісты, якім можна давяраць, у якіх ёсць чаму павучыцца. Для мяне вельмі важна і тое, што сям’я падтрымала мяне. Ведаю, што ў сваіх блізкіх я заўсёды знайду разуменне.

    — Якія першачарговыя задачы будзеце вырашаць у наступным годзе?

    — У 2018-2020 гадах на базе ЦРБ плануецца стварыць адзін з найбуйнейшых у вобласці дыягнастычны комплекс, сродкі на які будуць выдзелены з рэспубліканскага і абласнога бюджэту. У наступным годзе ў бальніцы №1 будзе ўстаноўлены апарат МРТ, у 2019-м – ангіограф – рэнтгенапарат для даследавання сасудаў і правядзення на іх эндаваскулярных умяшанняў. У 2020 годзе плануецца ўстанавіць другі камп’ютарны тамограф. У бліжэйшых планах – пашырэнне псіханеўралагічнага дыспансера (ён пераедзе ў іншае памяшканне), бягучыя рамонты ў лячэбных установах, якіх у нашай сістэме налічваецца 23. І, безумоўна, вырашэнне кадравых пытанняў. Лічу, што вельмі важна не проста ўкамплектаваць штат, а рабіць стаўку на кваліфікаваных, зацікаўленых спецыялістаў. Савецкі лозунг «Кадры вырашаюць усё» актуальны і сёння.

    — Наша размова адбываецца напярэдадні Новага года. Што вы пажадаеце калектыву цэнтральнай раённай бальніцы, пацыентам?

    — Найперш здароўя ім і іх блізкім. Няхай усё ладзіцца ў іх сем’ях, работа абавязкова прыносіць задавальненне. А мы, прадстаўнікі адміністрацыі, будзем імкнуцца ствараць для гэтага аптымальныя ўмовы.  

    Нашых паважаных пацыентаў хачу заклікаць больш адказна ставіцца да свайго здароўя і ўсведамляць, што яно, як сведчыць Сусветная арганізацыя аховы здароўя, на 90 працэнтаў залежыць ад іх ладу жыцця і толькі на 10 – ад медыкаў. Жадаю кожнаму пацыенту знайсці свайго ўрача, якому ён давярае. Беражыце сябе, жывіце ў гармоніі з самім сабой і навакольным светам.

    Автор: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.Маладзечанская газета

Комментарии (0)