29 Марта, 2024 Пятница

Ёсць тысяча! Ганаровую нованароджаную зарэгістравалі ў Маладзечне

  • 29 декабря 2017 Общество Беларуская 0

    Анечка Юша з’явілася на свет 13 лістапада, у панядзелак. Як аказалася, і дата, і дзень наперакор усім забабонам прынеслі ёй і яе сям’і ўдачу: дзяўчынка стала ў нашым горадзе тысячнай нованароджанай 2017 года. Па традыцыі ў ЗАГСе адбылася ўрачыстая цырымонія яе рэгістрацыі.

    На моцных руках таты месячная Анечка адчувала сябе спакойна, нібы прыслухоўвалася да шматлікіх віншаванняў, што гучалі ў яе адрас. Начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Ала Івашкевіч, якая вяла ўрачыстасць, папрасіла шчаслівых бацькоў Ілону і Ігара Юша пацвердзіць сваё жаданне назваць дачушку Ганнай, замацаваць  подпісамі запіс акта аб яе нараджэнні.

    Будучыя муж і жонка сустрэліся ў Мінску. Прычым Ілона, якая жыла ў Смаргоні, спачатку пазнаёмілася з сястрой Ігара. Ён маладзечанец, працуе дыспетчарам вытворчасці на заводзе парашковай металургіі. Ілона – медсястра даўрачэбнага кабінета гарадской паліклінікі №1. Іх сям’і ўжо шэсць гадоў, а дзеці – самая галоўная ўдача, вялікае шчасце, сэнс жыцця. Маладыя бацькі гавораць, што былі вельмі здзіўлены, калі супрацоўнікі ЗАГСа паведамілі, што іх дачушка стала тысячнай нованароджанай. «Мы ніколі не думалі, што вось так неспадзявана можна аказацца ў цэнтры ўсеагульнай увагі. Пасля інфармацыі ў «Маладзечанскай газеце» вельмі многія тэлефанавалі, віншавалі. А цяпер яшчэ і тэлебачанне… Гэта вельмі хвалююча», — падзяліліся эмоцыямі віноўнікі ўрачыстасці.

    Сямейная пара атрымала пасведчанне аб нараджэнні і памятны адрас. Кіраўнік спраў райвыканкама Таццяна Ліхадзіеўская павіншавала сям’ю ад раённага выканаўчага камітэта і выказала спадзяванне, што калі Аня стане дарослай, унясе часцінку сваёй душы, працы ў працвітанне роднага горада. Прыемна было яе бацькам атрымаць ад райвыканкама сертыфікат на пакупкі ў адным з дзіцячых магазінаў. На памяць аб адметнай даце застанецца кніга пра маладзечанскі край. Шчырыя віншаванні і падарункі ад дэпутата Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людмілы Канановіч перадала яе памочнік Вольга Малярэвіч. Першы ў жыцці малышкі навагодні касцюм у выглядзе сімвала года сабачкі, іншыя падарункі падрыхтавала раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын на чале са старшынёй Аленай Барада.

    Не засталіся ўбаку ад знамянальнай падзеі і калектывы, у якіх працуюць Ігар і Ілона. Шмат добрых слоў сказалі ім галоўны інжынер ЗПМ Аляксандр Жукоўскі і начальнік аддзела Васілій Капуцкі, загадчыца паліклінікі №1 Святлана Дубаневіч і галоўная медсястра Таццяна Пісар, а бытавая тэхніка, якую яны падарылі, будзе вельмі дарэчы для маладой сям’і. Прагучала арыгінальнае віншаванне ад пераможцы конкурсу «Супербабуля-2017», мясцовай паэтэсы Святланы Капуцкай, якая прачытала ўласны верш, падарыла сям’і Юша сваю кнігу. «Шчыра дзякуем арганізатарам гэтага мерапрыемства! Мы адчулі цяпло і шчырасць кожнага, хто нас павіншаваў, — расчулена гаварылі Ілона і Ігар. — Будзем рабіць усё для таго, каб нашы сын і дачка былі здаровымі, выхаванымі, добрымі людзьмі. Анечка падрасце — і мы абавязкова раскажам ёй пра гэту ўрачыстасць. А паколькі яна адбылася напярэдадні Новага года, жадаем усім маладзечанцам шчасця і ўдачы, а нашаму гораду – больш новых жыхароў».

    Фота: Аляксей ПЛАТКО. 

    Автор: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.Маладзечанская газета

Комментарии (0)