18 Апреля, 2024 Четверг

Як працуе новая бiяметрычная сiстэма кантролю на украiнскай мяжы

  • 05 января 2018 Общество Русский 0

    Каля кас на гомельскім аўтавакзале ажыўлена. Людзі, якія збіраюцца ехаць ва Украіну, разам з грашыма звык-ла дастаюць пашпарты. Тое, што без іх білетаў не прададуць, ведаюць усе. На слыху іншая актуальная тэма: біяметрычны кантроль, пра які «хто-небудзь што-небудзь чуў». Карэспандэнт «Р» высвятляў, што змянілася на ўкраінскай мяжы.

     З першага студзеня ў міжнародных пунктах пропуску на дзяржаўнай мяжы Украіны пачала дзейнічаць сістэма фіксацыі біяметрычных даных. Адпаведнае рашэнне было прынята Саветам нацыянальнай бяспекі і абароны яшчэ мінулым летам. Мэта новаўвядзення — узмацненне кантролю за ўездам і выездам гасцей, а таксама за выкананнем імі правілаў знаходжання ў краіне.

    «Абавязковую фіксацыю біяметрычных даных выкарыстоўваюць у адпаведнасці з вызначаным МЗС пералікам з 70 краін, у тым ліку Расійскай Федэрацыі, аднесеных да катэгорыі рызыкі, — тлумачыцца на сайце Дзяржаўнай пагранічнай службы Украіны. — Астатніх іншаземцаў — па выніках аналізу і ацэнкі рызык».

    Нашай краіны ў гэтым спісе няма. Але, улічваючы агаворку пра «аналіз і ацэнку рызык», гіпатэтычна нашы грамадзяне могуць падпасці пад выбарачны кантроль. Нічога страшнага пры гэтым не здарыцца. Украінскія пагранічнікі здымуць адбіткі пальцаў правай рукі. Пэцкацца не давядзецца — валікі з чарнілам адышлі ў мінулае. На змену ім прыйшлі электронныя сканеры.

    Часова выконваючы абавязкі начальніка ўпраўлення пагранічнага кантролю Гомельскай пагранічнай групы Віталь Юхневіч удакладняе сітуацыю:

    — Украінскія калегі папярэдзілі нас пра новаўвядзенне загадзя, у рабочым парадку. Перасякаць мяжу ў абодвух напрамках грамадзяне нашай краіны могуць, як і раней. Калі ў пунктах пропуску на ўкраінскім баку ім прапануюць прайсці біяметрычны кантроль, працэдура зойме лічаныя хвіліны.

    Дактакарта ўносіцца ў базы даных міжведамаснай інфармацыйна-тэлекамунікацыйнай сістэмы «Арка», а таксама Нацыянальнай сістэмы біяметрычнай верыфікацыі і ідэнтыфікацыі грамадзян Украіны, іншаземцаў і асоб без грамадзянства Дзяржаўнай міграцыйнай службы Украіны.

    Звяртаюся па каментарыі да прадстаўнікоў турбізнесу. Ці лічаць яны, што навіна можа як-небудзь паўплываць на сферу іх дзейнасці? Дырэктар гомельскага ПТУП «ЕврАзияТур» Ала Давыдзенка за навінамі аб увядзенні Украінай біяметрычнага кантролю сочыць ад самага пачатку. Зрэшты, з высновамі і прагнозамі не спяшаецца:

    — Усё пакажа практыка. Пакуль ні пра якія цяжкасці кліенты, якія ездзяць ад нас праз Украіну, не паведамлялі. Думаю, калі біяметрычны кантроль беларусаў неяк і закране, на паток турыстаў ён ніяк не паўплывае. Галоўнае, каб на мяжы ўсё рабілася карэктна, аператыўна і не было дыскамфорту.

    Кліент турфірмы Аліна, выпадкова пачуўшы тэму, уключылася ў размову. Па словах дзяўчыны, яна шмат падарожнічае і праходзіла біяметрычны кантроль неаднаразова. А пры атрыманні візы ў пасольстве Англіі ў прыдачу да зняцця адбіткаў сканіравалі радужную абалонку вачэй.

    — Асабіста мяне ўсе гэтыя працэдуры ніяк не напружваюць, — прызналася Аліна. — У вышуку я нідзе не знаходжуся, нічога супрацьзаконнага не раблю. Тое, што мае біяметрычныя даныя ўнясуць у базу, у пэўным сэнсе нават добра. Ці мала што можа здарыцца падчас знаходжання ў іншай краіне.

    Автор: Руслан ПролесковскийРэспубліка
    Теги: 

Комментарии (0)