28 Марта, 2024 Четверг

У Ашмянскім раёне пачалі разводзіць аленяў

  • 11 января 2018 Общество Беларуская 0

    У студзені ў нашым раёне з’явіліліся новыя жыхары – з суседняга раёна прывезлі дваццаць восем высакародных аленяў. Карэспандэнты раённай газеты сталі сведкамі першых крокаў гордай жывёлы на Ашмяншчыне, недалёку ад аграгарадка Баруны

    Грацыёзныя лясныя прыгажуны ад паездкі атрымалі невялікі стрэс, таму, калі іх выпусцілі на волю, яны адразу ўцякалі, збіваліся ў групкі і сыходзілі ўглыб тэрыторыі, каб схавацца ад людскіх вачэй. Невыпадкова і тое, што жыць алені будуць у ціхім месцы, паблізу паляўнічай хаткі. Дарэчы, умовы, у якіх яны гадаваліся ў Іўеўскай лясной гаспадарцы, падобныя, вось толькі зменшылася колькасць асобін.

    Новае месца жыхарства – вальер, які раскінуўся на сем гектараў. На агароджанай высокім плотам тэрыторыі створаны ўсе ўмовы, каб лясныя жыхары адчувалі сябе бяспечна і камфортна. Сярод іх пятнаццаць самак, адзін дарослы самец і дванаццаць сегалеткаў — так называюць жывёл, якім яшчэ не споўніўся год.

    Старшыня раённай арганізацыйнай структуры рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” Іван Вікенцьевіч Шэпет расказаў, што ў раёне алені з’явіліся дзякуючы дзяржаўнай праграме  па абароне леса “Беларускі лес” з 2016-2020 гады, згодна з якой прадугледжана развядзенне і гадоўля дзікіх жывёл у рэспубліцы і ў нашым раёне, у прыватнасці.

    На будаванне і абсталяванне вальера спатрэбілася няшмат часу – паляўнічыя егерскага абхода №4 кожную вольную хвіліну прысвячалі добраўпарадкаванню “дома” для аленяў.

    Хутка вялікія кармушкі напоўняцца сенам, ячменнай саломай, зернем, карыснымі карняплодамі морквы і соллю – крыніцай мінералаў і вітамінаў. Егер Іван Іванавіч Кунюта расказаў, што без ежы алені дакладна не застануцца, нягледзячы на студзеньскія маразы, кармоў хапае – гэта і трава, і плады з сада, які прыйшоў у занядбанне. На тэрыторыі ёсць і праточная вада – роўнай стужкай працякае чыстая крынічка і зіхаціць на марозе лёд на невялічкай сажалцы, а вакол маляўнічы прастор з адкрытымі пляцоўкамі і густапасаджанымі дрэвамі і кустамі.

    Лясныя прыгажуны пад пільным кантролем егера і паляўнічых будуць знаходзіцца тут да восені. Калі з'явяцца на свет аляняты і змогуць упэўнена трымацца на нагах, увесь статак выпусцяць на волю. У лесе ім давядзецца самастойна здабываць корм, павялічваць папуляцыю, ратавацца ад небяспекі, ў тым ліку з боку драпежнікаў і людзей.

    Ад Івана Шэпета мы даведаліся, што алені на тэрыторыі раёна не вяліся, а проста невялікі час знаходзіліся толькі тыя, хто “страціўся” па дарозе да дому – на тэрыторыю лясных гаспадарак суседніх раёнаў, таму старшыня таварыства  ўпэўнены, што вельмі важна захаваць і памножыць папуляцыю гэтых жывёл у нашай мясцовасці.

    Тэрыторыя, на якой цяпер знаходзяцца алені, зачынена ад чужых людзей, а ў вальер заходзіць забараняецца. Ветэрынар Ірына Мацкель адзначыла, што жывёлы знаходзяцца ў выдатным стане і за імі будуць назіраць і далей.

    На жаль, цяпер жыццю аленяў пагражаюць ваўкі, іх зграя палюе ў суседніх лясах, таму егер і паляўнічыя пільна сочаць за парадкам і бяспекай не толькі каля вальераў, але і на прылеглай тэрыторыі. Вось толькі ў наш час галоўны вораг аленяў не ваўкі, а людзі, інтарэс якіх да дзікіх жывёл можа быць шкодным і небяспечным. 

    Автор: Кацярына РУДЗІКАшмянскі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)