25 Апреля, 2024 Четверг

Знай наших! Владелица бренда "Label D" Дарья Луцкевич и ее наполеоновские планы

  • 15 января 2018 Общество Беларуская 0

    Магчыма, многія памятаюць Дар’ю Луцкевіч, былую гімназістку, як удзельніцу шматлікіх школьных і гарадскіх мерапрыемстваў. Дар’я ўжо паспяхова скончыла лінгвістычны ўніверсітэт, цудоўна валодае англійскай, італьянскай і польскай мовамі, а таксама з’яўляецца ўладальніцай брэнда «Label D». Можна было б пачаць па-іншаму і проста напісаць, што Дар’я займаецца вырабам унікальных ювелірных упрыгажэнняў, але ўсё намнога цікавей!

    — Дар’я, ты ствараеш ўпрыгажэнні з дрэва, удзельнічаеш у міжнародных выставах і паказах мод, паспяхова прадаеш свае вырабы і пры гэтым не маеш спецыяльнай адукацыі. З чаго ж усё пачалося?

    — Усё пачалося з захаплення майго таты. У свой вольны час ён вырабляў простыя рэчы з дрэва: нейкі няхітры посуд. Мне было цікава назіраць за яго работай, я нават спрабавала размалёўваць тое, што ў яго атрымлівалася. А аднойчы папрасіла вытачыць для мяне бранзалет. Тата нават здзівіўся: яму і ў галаву не прыходзіла, што можна з дрэва рабіць упрыгажэнні. Таму я вырашыла паспрабаваць сама…

    Гэта быў вельмі павольны працэс. Я проста час ад часу вярталася да свайго новага хобі. Але ўсё рэзка змянілася, калі тата недзе набыў некалькі кавалачкаў моранага дубу…

    — Гэты матэрыял прывабіў настолькі, што хобі перайшло ў стварэнне ўласнага брэнда?

    — Так. Уявіце, што самае маладое дрэва, з якім я працую, мае ўзрост звыш 2000 гадоў, а ў серыі «Luxury» выкарыстоўваю і старэйшае за 5000 гадоў! Гэта пацверджана радыевугляродным аналізам. За тысячагоддзі знаходжання ў вадзе дуб прымае глыбокі чорны колер. Гэта ўсё не магло пакінуць мяне абыякавай. Пры працы з гэтым дрэвам я выкарыстоўваю толькі натуральны матэрыял і нават стараюся не змяняць форму, створаную прыродай. 

    — Ты натхнілася мораным дубам — і ўсе астатнія справы адышлі на другі план?

    — Я працягвала вучыцца і працаваць (працую з другога курса ўніверсітэта), а ў вольны час сядала за прылады і рабіла ўпрыгажэнні. Дарэчы, майстэрня ў мяне і па сённяшні дзень знаходзіцца ў Пружанах (у нас з татам адзін інструмент на двух). Я вырабляю дэталі, калі прыязджаю да бацькоў, а ў Мінску ўжо займаюся зборкай. На самай справе, творчасць можа прыносіць грошы, але для мяне на першым месцы сам творчы працэс. Я планую паступіць у магістратуру і паспрабаваць сябе ў ролі выкладчыка ВНУ. Яшчэ я вельмі хачу скончыць курсы ювеліраў, бо ў асноўным раблю ўпрыгажэнні інтуітыўна. Думаю, я павінна з усім справіцца.

    — Атрымліваецца, «Label D» так і застанецца проста хобі?

    — Гэта любімая справа, якая займае шмат майго часу. Я не толькі раблю ўпрыгажэнні, але і сама вяду сайт, рэкламую свой брэнд у сацыяльных сетках, дамаўляюся пра фотасесіі, выставы, паказы мод. Мае вырабы ўжо дэманстрава-ліся на Беларускім, а таксама Нью-Ёркскім тыднях моды. Ганаруся і тым, што трапіла на старонкі сайта італьянскай версіі часопіса «Vogue» ў рубрыку, прысвечаную маладым талентам.

    Атрымалася зацікавіць сваімі работамі і знакамітую «Accindal Icon» – зорку інстаграма, ікону стылю, прафесара сацыялогіі з Нью-Ёрка Лін Слэйтар. Гэтая 63-гадовая жанчына натхняе сваім выглядам. Яна прызнаецца, што ніколі не апране на фотасесію тое, што не падабаецца ёй у якасці адзення для паўсядзённага жыцця. Здымкі з маімі завушніцамі з’явіліся ў інстаграме гэтай стыльнай жанчыны.

    — І няўжо гэта ўсё ты сама?

    — Ільвіную долю работы я выконваю сама. Але мне вельмі пашанцавала з камандай. Для фатаграфавання гатовых калекцый я заўсёды запрашаю прафесіяналаў. Мой сябар стыліст Дзмітрый Мачарнюк, які працаваў з рэкламнымі кампаніямі «Zikо Zorka» i «Nescafe», заўсёды падбірае ўсё такім чынам, што я застаюся задаволенай. А яшчэ ён заўжды мяне падбадзёрвае, калі я адчуваю творчы заняпад.

    Тата па-ранейшаму выразае для мяне дошчачкі і вучыць асвойваць інструмент. Ну і, зразумела, без падтрымкі ўсёй маёй сям’і ў мяне нічога не атрымалася б. З разуменнем да майго занятку ставіцца і муж.

    — Раскажы пра сваё супрацоўніцтва з фондам «Unihelp»…

    — «Unihelp» — гэта фонд, які займаецца дапамогай хворым дзецям. Падчас работы ў мяне застаюцца невялічкія кавалачкі моранага дубу, з якіх я раблю так званыя wish-бранзалеты. Чалавек, які набывае такое ўпрыгажэнне, перад тым, як яго надзець, загадвае жаданне, якое абавязкова спраўдзіцца. А ўсе сродкі ад продажу бранзалетаў пералічваюцца на дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу.

    — Дар’я, а дзе можна ўбачыць твае вырабы і пры жаданні набыць?

    — Можна звязацца са мной праз сайт https://www.labeld.by/. Там ёсць уся неабходная інфармацыя і фотаздымкі работ. Жыхары Мінска могуць набыць упрыгажэнні ў трох гандлёвых кропках, адрасы якіх таксама змешчаны на сайце. Буду рада, калі мае вырабы спадабаюцца і вашым чытачам!

    А наперадзе ў мяне напалеонаўскія планы!

    Гутарыла Кацярына Пашкевіч.

    Автор: Кацярына ПашкевічРаённыя будні

Комментарии (0)