29 Марта, 2024 Пятница

У слаўным сталічным сузор'і

  • 16 января 2018 Общество Беларуская 0

    Сэрцам Беларусі сталічную вобласць сёння называюць не толькі з-за геаграфічнага становішча, але і за каштоўную гісторыка-культурную спадчыну. З Міншчынай непарыўна звязаны імёны вядомых дзеячаў культуры і мастацтва: асветніка і гуманіста Сымона Буднага, кампазітараў Станіслава Манюшкі і Міхала Клеафаса Агінскага, майстроў мастацкага слова Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка і многіх іншых.

    Мінская губернія існавала да 1921 года, затым заходняя яе частка апынулася ў складзе Польшчы, а ўсходняя — Беларусіі. У 1924-1926 гг. у БССР правялі адміністрацыйна-тэрытарыяльную рэформу. Яна падзяліла рэспубліку на 10 акруг і 100 раёнаў, з’явілася Мінская акруга з 11 раёнамі. У 30-х гадах чарговая рэформа прывяла да ліквідацыі акруг і падпарадкавання напрамую сталіцы раёнаў, “урэзаных” да 75. У 1934-м рэформу адмянілі і тэрытарыяльнае дзяленне стала падобным на тое, якое існавала ў 20-я гады. Толькі 15 студзеня 1938 года І сесія Вярхоўнага Савета прыняла рашэнне аб стварэнні на тэрыторыі БССР абласцей — Віцебскай, Гомельскай, Магілёўскай, Палескай і Мінскай. Але працэс фарміравання нашай вобласці завяршыўся толькі ў 1960-х гадах.

    Узнагароды

    — За актыўны ўдзел у партызанскім руху, за мужнасць і гераізм, праяўленыя працаўнікамі вобласці ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і поспехі, дасягнутыя ва ўзнаўленні і развіцці народнай гаспадаркі, Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 1 лютага 1967 года Мінская вобласць узнагароджана ордэнам Леніна.

    — Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 23 снежня 1970 года вобласць узнагароджана другім ордэнам Леніна за поспехі, дасягнутыя працаўнікамі Міншчыны ў выкананні заданняў

    8-га пяцігадовага плана па развіцці прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці.

    — За асаблівыя дасягненні ў сацыяльна-культурным развіцці і ў сувязі з 60-годдзем з дня ўтварэння Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі ад 13 студзеня 1998 года № 29 вобласці прысуджаны Ганаровы Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь.

    — У сувязі з 70-годдзем з дня ўтварэння і за асаблівыя дасягненні ў гаспадарчым развіцці вобласці прысуджаны другі Ганаровы Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Адпаведны Указ Прэзідэнт Беларусі А. Р. Лукашэнка падпісаў 3 студзеня 2008 года.

    МЯДЗЕЛЬШЧЫНА: У ЛЮСТЭРКУ ВОБЛАСЦІ

    Мядзельшчына, як і ўся Заходняя Беларусь, у складзе БССР апынулася толькі ў верасні 1939 года. І адразу пасля ўз’яднання ў верасні 1939 г. быў створаны Мядзельскі раённы Савет дэпутатаў працоўных. У карыстанне працоўнага сялянства перайшло больш за 97% усёй зямельнай плошчы. У верасні 1939 года на аснове Рабочай гвардыі быў утвораны раённы аддзел Упраўлення Народнага Камісарыята Унутраных Спраў (начальнік Гур’ян). На аддзел былі ўскладзены наступныя задачы: ахова дзяржаўных пабудоў і ўстаноў, вылоўліванне ворагаў Савецкай улады, падтрымка грамадскага парадку.

    У 1939-40 гг. у раёне было адкрыта каля 20 няпоўных сярэдніх і прыкладна 100 пачатковых школ. Многа настаўнікаў прыехала з Савецкай Беларусі, але былі і настаўнікі-ўраджэнцы Мядзельшчыны, сярод якіх Нафрановіч В. Г., Місуна М. Л. (інспектар Мядзельскага РАНА), Балаховіч З., Бабровіч І., Малевіч А. С., Пашкевіч Г. І., Палонік В. І., Шабан У. А., Касяк І. К. і многія іншыя. У гэты ж перыяд была створана сетка культурных устаноў, пераважна хат-чытальняў. Адна з першых адкрыта ў в. Куцькі (загадчыца Т. Позныш).

    15 студзеня 1940 года быў утвораны Мядзельскі раён, а таксама Крывіцкі і Свірскі. У склад Мядзельскага ўвайшлі Кабыльніцкая, Жоснаўская воласці Пастаўскага павета. Тэрыторыя раёна складала ў той час 1107 кв. км, насельніцтва — 31850 чал. Максімальная адлегласць паміж межамі раёна была з поўначы на поўдзень 26 км, з захаду на ўсход — 40 км. Раённым цэнтрам вызначылі мястэчка Мядзел, насельніцтва ў якім тады складала 1290 чалавек, жылых забудоў налічвалася 215, таксама меліся 2 млыны, 2 пачатковыя школы, клуб на 150 месцаў, бальніца на 15 ложкаў, паштова-тэлеграфнае аддзяленне.

    У 1940 годзе на Мядзельшчыне ствараюцца першыя калгасы. Калектыўна сталі апрацоўваць сваю зямлю жыхары вёсак Навасёлкі, Місуны, Лук’янавічы, Куцькі, Гулі, Пузыры, Камарова і іншых. Да вайны налічвалася 25 калгасаў. Былі створаны чатыры машынна-трактарныя станцыі ў Мядзеле, Камарове, Будславе і Крывічах. У Камарове адкрылася школа механізацыі (будучы Свірскі сельскагаспадарчы ліцэй). У студзені 1940 года пачала сваю дзейнасць рыбапрамысловая гаспадарка “Нарач”, а восенню ў раёне была праведзена алімпіяда самадзейнага мастацтва.

    Выразна выяўляліся ў тыя часы працоўны энтузіязм, вера ў слушнасць новай справы. Здавалася, жыццё нарэшце наладжваецца. Але 22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна. Ужо 28 чэрвеня быў акупіраваны і наш раён. “Было балюча і крыўдна. Мы пакідалі бацькоўскія мясціны, такія блізкія і родныя. Пакідалі зямлю, якая абяцала даць добры ўраджай. І ўсё гэта цяпер заставалася ворагу”, — успамінае былы член КПЗБ, адзін з арганізатараў партызанскага руху на Мядзельшчыне і Пастаўшчыне Якаў Аляксандравіч Пронька.

    З першых дзён вайны і на працягу ўсяго перыяду акупацыі раёна (1941-1944 гг.) насельніцтва Мядзельшчыны, як і ўвесь беларускі народ, вяло гераічную барацьбу з гітлераўскімі захопнікамі. Ужо ў 1941 г. на тэрыторыі раёна ствараюцца падпольныя партыйныя і камсамольскія, партызанскія групы. Першая арганізацыя была створана ў

    в. Місуны. Масавая барацьба з ворагам разгарнулася ў канцы 1942-пачатку 1943 гг. і працягвалася да самага вызвалення раёна ад фашысцкай навалы. Не здолеўшы захапіць саміх партызан, якія праводзілі тую ці іншую аперацыю, фашысты наносілі жорсткія ўдары па мірным насельніцтве. 345 жыхароў, у тым ліку 41 дзіця, расстралялі яны за цяжкія гады акупацыі, у агні палаючых вёсак, хутароў спалілі 74 чалавек, ператварылі ў руіны і папялішчы 2839 хат, 5623 гаспадарчыя пабудовы. У няволю ў Германію вывезлі 3079 працаздольных мужчын і жанчын.

    Пасля вызвалення Мядзельскага раёна — 4 ліпеня 1944 г. — адразу пачалося аднаўленне народнай гаспадаркі. Перад вамі — хроніка падзей першай пасляваеннай пяцігодкі. У свеце сучаснага жыцця нешта можа падацца наіўным, прымітыўным. Але патрэбна ўявіць той цяжкі час, калі ўсё было разбурана, большасць насельніцтва пражывала ў зямлянках, не было нічога, што нам здаецца звыклым.

    У 1944 г. адбыўся 1 з’езд калгаснікаў раёна. У чэрвені адкрыліся раённая бальніца, участковыя бальніцы на 10 ложкаў у Слабадзе і Нарачы, 9 фельчарска-акушэрскіх пунктаў. 7 снежня 1944 г. выйшаў першы нумар раённай газеты “Савецкая вёска”, а 10 студзеня 1945 г. у Мядзеле прайшла раённая настаўніцкая канферэнцыя. 24 ліпеня 1945 г. выканкам Мядзельскага райсавета прыняў рашэнне аб будаўніцтве новых школ у Брусах і Сватках. Да сакавіка 1946 г. было адноўлена і пабудавана 816 жылых дамоў, 1851 часовае збудаванне, у якія перасялілася больш за 2677 сем’яў. Аднавілі працу 60 пачатковых і 5 сямігадовых школ, у якіх навучалася 4159 дзетак.

    12 красавіка 1946 г. у Мядзеле адбыўся 2-і з’езд сялян раёна. Прысутнічала 250 дэлегатаў. З дакладам “Закон аб пяцігадовым плане ўзнаўлення і развіцця народнай гаспадаркі СССР на 1946-1950 гг.”

    выступіў першы сакратар райкама КП(б)Б Пяхоцін. 18 красавіка 1946 г. адбыўся першы раённы з’езд моладзі, а 19 мая — чарговы пленум Мядзельскага райкама камсамола. З дакладам выступіў сакратар РК ЛКСМБ Вараб’ёў. Пленум прыняў пастанову, у якой абавязаў камсамольскім арганізацыям сумесна з моладдзю аказваць актыўную дапамогу партыйна-савецкім арганізацыям у будаўніцтве школ, цагельнага завода ў в. Місуны, у выкананні гадавога плана здачы малака дзяржаве. Таксама было прынята рашэнне паслаць на будаўніцтва трактарнага і аўтамабільнага заводаў у г. Мінску 10 чалавек. У той жа час выканкам Мядзельскага райсавета прыняў пастанову “Аб правядзенні ў сельскіх Саветах раёна набору рабочых-будаўнікоў для ўзнаўлення горада Мінска ў колькасці 50 чалавек”.

    У верасні-кастрычніку 1946 г. адкрыты школы рабочай моладзі ў райцэнтры і сельскай моладзі ў Кабыльніку, Занях, у Мядзеле і Кабыльніку запрацавалі першыя радыёвузлы.

    У 1948 г. пачаўся масавы рух за калектывізацыю. Толькі за два месяцы — ліпень-жнівень — было арганізавана 19 новых сельгасарцелей. На верасень 1949 г. іх налічвалася больш за 200. У калгасы ўступіла звыш 80% сялян. У 1947 г. на харчовыя і прамысловыя тавары адмянілі картачную сістэму. Зніжэнне цэн на многія тавары народнага спажывання адбылося ў 1949-50 гг., і да 1951 г. гандлёвая сетка дасягнула ўзроўню 1940 г.

    Май 1945 — час стварэння аддзела культуры. А ў сакавіку 1950 г. адбылася раённая нарада перадавікоў сельскай гаспадаркі, на якой прысутнічалі старшыні калгасаў і сельскіх Саветаў, брыгадзіры, спецыялісты сельскай гаспадаркі. У маі 1950 г. разгарнулася будаўніцтва маслазавода ў Кабыльніку. У 1956 г. на беразе возера Нарач быў адкрыты першы Дом адпачынку рэдакцыі і выдавецтва газеты “Звязда”, а ў 1957 г. праведзена абследаванне возера Нарач і прынята пастанова аб выкарыстанні яго пад курорт.

    31 жніўня 1959 г. ліквідавалі Свірскі раён, а 25 снежня 1962 г. — Крывіцкі. Большасць іх населеных пунктаў увайшла ў склад Мядзельскага. У лістападзе 1959 г. вёска Мядзел стала называцца гарадскім пасёлкам. З 20 студзеня 1960 г. Мядзельскі раён увайшоў у склад Мінскай вобласці.

    У 60-я гады ў раёне адбываецца будаўніцтва школ (у 1966 г. іх налічвалася 108 васьмігадовых і 11 сярэдніх), Дамоў культуры, бібліятэк. 26 верасня 1964 г. утвораны курортны пасёлак Нарач. 30 снежня 1998 г. гарадскому пасёлку Мядзел нададзены статус горада. 28 ліпеня 1999 г. створаны Нацыянальны парк “Нарачанскі” (цяпер — Дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова

    “Нацыянальны парк “Нарачанскі”). 2000-я гады ў жыцці раёна адзначыліся адкрыццём аграгарадкоў. Першы быў здадзены ў эксплуатацыю ў снежні 2005 г. у Занарачы.

    Можна пералічваць шмат дасягненняў у жыцці нашага раёна, якія адбыліся дзякуючы працавітым і таленавітым людзям Мядзельшчыны. Але спадзяёмся, што шмат добрага нас чакае яшчэ і наперадзе!

    Автор: З фондаў Мядзельскага музея народнай славы.Нарачанская зара
    Теги: 

Комментарии (0)