29 Марта, 2024 Пятница

Шосты школьны дзень? Час выбіраць прафесію!

  • 16 января 2018 Общество Беларуская 0

    Сярод шматлікіх ідэй і прапаноў аб тым, чым заняць дзяцей у шосты школьны дзень, адной з самых цікавых выглядае работа па прафесіянальнай арыентацыі. Гэта тэма знайшла свой разгляд у час раённага метадычнага аб’яднання намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Кобрынскага раёна, якое прайшло на базе Кобрынскага дзяржаўнага ліцэя сферы абслугоўвання. 

    — Мэтай нашага аб’яднання з’яўляецца павышэнне ўзроўню прафесіянальнай кампетэнцыі намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце, — расказвае галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Міранец. – Акрамя таго, вельмі цікава на ўласныя вочы ўбачыць, як у ліцэі праводзіцца работа па ўзаемадзеянні са школамі.

    Пасля пасяджэння ў бібліятэцы ліцэя ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі экскурсію па навучальнай установе, наведалі музей, дзе пазнаёміліся з выставай дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Паміж мінуўшчынай і будучыняй”. Самым цікавым і відовішчным момантам сталі майстар-класы, якія прадставілі гасцям ліцэісты.

    — Такая работа ў нас праводзіцца кожную суботу. З установамі адукацыі заключаны дамовы, планы па шостым школьным дні адпраўлены ва ўсе школы раёна, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Кобрынскага дзяржаўнага ліцэя сферы абслугоўвання Святлана Ляўчук. – Усё гэта робіцца для таго, каб дапамагчы школьнікам правільна вызначыць свой шлях, каб яны ведалі, як на практыцы будзе выглядаць тая ці іншая прафесія.

    Свае навыкі наглядна дэманстравалі будучыя швачкі, прадаўцы, камплектоўшчыкі дэталяў цацак, вялікую зацікаўленасць выклікала работа цырульнікаў і павароў. Пасля цікавай экскурсіі ўдзельнікі семінара вярнуліся да абмеркавання рабочых пытанняў, сярод якіх знайшлі свой разгляд такія тэмы, як патрабаванні бяспекі пры арганізацыі пазакласных і пазашкольных мерапрыемстваў, рэалізацыя мерапрыемстваў міжведамаснага плана па прафілактыцы суіцыдальных паводзінаў і ўдасканаленне сістэмы работы ўстаноў адукацыі ў шосты школьны дзень.

    НА ЗДЫМКУ аўтара: удзельнікі семінара знаёмяцца з майстар-класамі.

    Автор: Дзмітрый БЯЛОЎ.Кобрынскі веснік

Комментарии (0)