29 Марта, 2024 Пятница

Камфортны і ўтульны Велікасліўскі ФАП

  • 18 января 2018 Общество Беларуская 0

    ААТ «Ісерна» бязвыплатна перадала будынак на баланс райвыканкама. За сродкі раённага бюджэту, каля 160 000 рублёў, у 2017 годзе праведзены рамонтныя работы спецыялістамі ДУП «ПМК-225» УП «Мінскаблсельбуд» (дырэктар Андрэй Валянцінавіч Яновіч).

    Светлыя прасторныя кабінеты фельчара, акушэркі, здаровага дзіцяці, працэдурны, прывівачны, фізіятэрапеўтычны аснашчаны новай мэбляй, ёсць і аптэчны пункт – створаны неабходныя ўмовы, каб медыцынская дапамога аказвалася на высокім узроўні. Абсталяваны месцы для чакання прыёму. Першыя пацыенты ўжо ацанілі зручнасць і камфорт абноўленай медыцынскай установы, адзначыўшы прасторныя памяшканні,  добрую асветленасць. Засталося толькі добраўпарадкаваць тэрыторыю.

    Старшыня Слуцкага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі пазнаёміўся з работай установы, сустрэўся з калектывам і мясцовымі жыхарамі, якія выказалі шматлікія словы падзякі кіраўніцтву раённага выканаўчага камітэта, цэнтральнай раённай бальніцы за ўвагу і клопат.

    Адкрытае акцыянернае таварыства «Ісерна» (дырэктар Уладзімір Міхайлавіч Мяцельскі) падарыла ўстанове халадзільнік.

    Галоўны ўрач Слуцкай цэнтральнай раённай бальніцы Аляксандр Аляксандравіч Лінкевіч адзначыў, што ў зоне абслугоўвання Велікасліўскага ФАПа тры населеныя пункты – вёскі Валаты, Лясішча, Вялікая Сліва, у якіх пражываюць больш за 650 чалавек, у іх ліку і 107 дзяцей да 18 гадоў. Аказанне медыцынскай дапамогі ўсім слаям насельніцтва, дыспансерызацыя і прафілактыка захворванняў – галоўныя кірункі  дзейнасці ўстановы. Усяго ў Слуцкім раёне 13 фельчарска-акушэрскіх пунктаў.

    Узначальвае Велікасліўскі ФАП Іна Віктараўна Наумовіч, ва ўстанове працуюць медсястра фізіятэрапеўтычнага кабінета Ала Іванаўна Качур, акушэрка Таццяна Міхайлаўна Шчапанава, санітарка Таццяна Віктараўна Мурашкевіч. Толькі самыя добрыя словы гучалі ў адрас работнікаў фельчарска-акушэрскага пункта. Гэтыя жанчыны сваёй нястомнай працай, клопатам, дабрынёй і спагадлівасцю заваявалі сярод аднавяскоўцаў аўтарытэт. Медработнікі ў цяжкую хвіліну спяшаюцца да іх на дапамогу. За гады працы медработнікі ўжо добра ведаюць гісторыі захворванняў усіх сваіх пацыентаў, хто якія прэпараты прымае…

    Жыхарка вёскі Вялікая Сліва Ніна Несцераўна Логінава адзначыла, што фельчарска-акушэрскі пункт – утульны, прасторны, камфортны, ён вельмі патрэбны ў сельскай мясцовасці. Там не толькі медыцынскую дапамогу акажуць, а яшчэ і падтрымаюць добрым словам, а гэта немалаважна, асабліва для людзей сталага ўзросту.

    Автор: Ірына КаваленкаСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)