25 Апреля, 2024 Четверг

Купанні на Вадохрышча ў Ашмянах

  • 20 января 2018 Общество Беларуская 0

    Апошняе свята каляднага цыкла ў праваслаўным календары – Вадохрышча.

    “Святое Хрышчэнне — Калядам прашчэнне”, — так сведчыла народная прыказка. У Вадохрышча з’яўляецца нябачная сувязь паміж водамі нябеснымі і зямнымі, якія надзяляюцца ў гэты дзень цудадзейнымі якасцямі. Асвечаная ў храме вада прымянялася практычна пры ўсякай нагодзе: у радасці і бядзе, падчас хваробы, пры нараджэнні і ў час апошняга развітання.

    Вялікае значэнне апошнім часам надаецца ў святочныя дні купанню ў іардані – вадаёме, альбо прасечанай у ім палонцы ў выглядзе крыжа. Галоўнае пры гэтым – не аднесціся да купання як да “спартыўнага” подзвігу. Варта разумець, што гэта акунанне не ачышчае, як некаторыя думаюць, ад грахоў. Пагружэнне ў халодныя воды іардані сведчыць аб веры чалавека ў непахісную сілу ласкі Боскай, якая зберажэ яго ў моцныя маразы, а таксама ад хвароб і немачы абароніць.

    Традыцыйна вадохрышчанскае купанне праводзіцца і ў Ашмянах. Протаіерэй Пётр Пятлёха, благачынны цэркваў Ашмянскай акругі пасля богаслужэння ў храме Уваскрасення Хрыстова накіроўваецца на вадаем у квартале Будаўнікоў.

    Пасля асвячэння іардані шмат ашмянцаў пажадала акунуцца ў ледзяную купель. Не спалохаліся вернікі і холаду, які разам са снегам прыйшоў-такі на Беларусь. Лічыцца, што марознае і снежнае надвор’е ў гэты перыяд — надзея на добры ўраджай, а таксама сонечныя дні ў час жніва.

    Разам з мужчынамі і жанчыны смела падыходзілі да купелі, а пасля акунання канстатавалі, што вада зусім не халодная. Сагрэцца пасля абраду можна было гарачым чаем. За захаваннем правапарадку сачылі праваахоўнікі. На ўсялякі выпадак дзяжурыла ля месца купання брыгада хуткай дапамогі. Пільна неслі сваю службу супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. У гэты дзень і яны адзначаюць свята, праўда, сваё, прафесійнае – Дзень выратавальніка.

    Настаяцель храма Уваскрасення Хрыстова Пётр Пятлёха павіншаваў ашмянцаў са святам Богаяўлення і пажадаў адзначыць яго ў міры душэўным і радасці. У гэты дзень айцец Пётр асвяціў таксама ваду ў абсталяванай купелі ў в. Агароднікі, на тэрыторыі селекцыйна-племяннога цэнтра.

    Автор: Аліна СанюкАшмянскі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)