28 Марта, 2024 Четверг

Як беларускія дзяўчаты частавалі ліванцаў стравамі з бульбы

  • 22 января 2018 Общество Беларуская 0

    У Ліване ваенныя медыкі частавалі іншаземцаў стравамі з бульбы і вучылі іх размаўляць па-беларуску.

    Веры Паўлянковіч і Вользе Яхнавец не прызвычайвацца аказваць медыцынскую дапамогу ў палявых і нават экстрэмальных умовах. Гэта з выгляду дзяўчаты далікатныя. Насамрэч у медыцынскім атрадзе спецыяльнага прызначэння 432-га Галоўнага ваеннага клінічнага медыцынскага цэнтра Узброеных Сіл служаць толькі самыя стойкія, загартаваныя і смелыя, гатовыя ў любы момант прыйсці на дапамогу, а то і выратаваць жыццё.

    Не так даўно дзяўчаты вярнуліся з Лівана, дзе былі з міратворчай місіяй. На працягу года медсёстры працавалі ў інтэрнацыянальным шпіталі, які знаходзіцца на тэрыторыі ваеннай базы. На поўдні краіны — па-ранейшаму неспакойна, таму людзі ў пагонах, асабліва мясцовыя жыхары, рады любой дапамозе, а тым больш кваліфікаванай.

    Калі і медык, і вайсковец

    У Ліване Вольга была ўжо трэці раз, Вера — другі. Сказаць, што гэтая краіна на Блізкім Усходзе стала для іх амаль роднай, дзяўчаты не бяруцца. Што не кажы, а ўсё роўна цягне дамоў. Але раз ужо надзеў пагоны, то сам сабе мала належыш.

    — Я з самага дзяцінства марыла быць або ўрачом, або вайскоўцам, — прызнаецца старшына кантрактнай службы Вольга Яхнавец. — Паколькі дзяўчат у армію не бралі, паступіла ў Мінскі дзяржаўны медыцынскі каледж. Толькі яго скончыла, як даведалася, што ў ваенным шпіталі фарміруюць атрад спецыяльнага прызначэння. Удача была на маім баку.

    Вера ж, перш чым трапіць у атрад, паспела набрацца вопыту ў гарадской бальніцы ў Жодзіне, а пасля ў дзіцячым анкалагічным цэнтры ў Бараўлянах. «Калі я прыйшла ў шпіталь, то прасілася на актыўны ўчастак работы: прызвычаілася працаваць са складанымі пацыентамі, — кажа медсястра. — Мне прапанавалі пасаду анестэзісткі. Яшчэ ў Бараўлянах я зацікавілася гэтай спецыяльнасцю, распытвала ў калег пра тонкасці прафесіі».

    Аперацыйная на калёсах

    У медыцынскім атрадзе спецыяльнага прызначэння дзяўчаты служаць ужо не першы год. Яны заўжды там, дзе праходзяць вучэнні. Раптам хтосьці атрымае траўму? Не везці ж у Мінск, калі спатрэбіцца і экстраннае хірургічнае ўмяшанне! Што ўжо казаць пра першую медыцынскую дапамогу.

    — Мабільны палявы шпіталь мы можам разгарнуць дзе заўгодна, — расказваюць медсёстры. — Комплекс складаецца з аперацыйнай, рэанімацыі, перавязачнай, прыёмнага аддзялення. Акрамя таго, у палявых умовах магчыма зрабіць рэнтген, правесці ўльтрагукавую дыягностыку, чалавек можа здаць і элементарныя аналізы, якія аператыўна расшыфруе пераносная лабараторыя.

    Але і па-за выездамі ў поле ў дзяўчат хапае работы. Як і звычайныя медыкі, яны дапамагаюць хворым у аперацыйнай, а таксама ў аддзяленні рэанімацыі і анестэзіялогіі. У іх такія ж змены, дзяжурствы, як і ў астатніх калег. Толькі, згодна са сваёй кваліфікацыяй, медыцынскую дапамогу яны павінны быць гатовы аказаць і днём, і ноччу, у любой форсмажорнай сітуацыі.

    Моўны бар'ер і платная медыцына

    У Ліван дзяўчаты ездзілі ў складзе брыгады: два дактары, яны і афіцэр са штаба. Адных жадання і ўрачэбнай практыкі, каб трапіць у міратворчую місію, недастаткова. Без ведання англійскай мовы там няма чаго рабіць: штодзень ты маеш зносіны з мясцовым насельніцтвам, калегамі з іншых дзяржаў, якія таксама знаходзяцца там па праграме ААН.

    — Часам прыходзяць мясцовыя жыхары, якія ўвогуле не ведаюць англійскай мовы, а табе трэба хаця б зразумець, што ім баліць, — расказвае Вера Паўлянковіч. — Даводзілася карыстацца жэстамі, а потым і вывучыць пэўныя арабскія фразы, каб мінімальна кантактаваць з ліванцамі. Здавалася б, з калегамі ў гэтым плане прасцей, але англійская мова індусаў, ірландцаў і тых жа аўстрыйцаў істотна адрозніваецца ад таго, як прызвычаіліся гаварыць мы.

    Вера не хавае, што за час місіі настолькі адвыкла размаўляць на роднай мове, што пасля вяртання ў Беларусь нават думала па-англійску. А дзесьці за мяжой, спадзяюцца дзяўчаты, у той час гучаць родныя «дзякуй» або «добрай раніцы». «Калегам з іншых краін настолькі спадабалася наша мова, што часцяком пыталіся, як тое ці іншае слова будзе па-беларуску, — у адзін голас кажуць медсёстры. — У Ліване ўвогуле беларусаў любяць і паважаюць».

    Паколькі шпіталь знаходзіцца на тэрыторыі ваеннай базы, то ў першую чаргу там абслугоўваюцца ваеннаслужачыя. Але на памяці дзяўчат не было ніводнага выпадку, каб у медыцынскай дапамозе адмовілі мясцоваму насельніцтву. Больш за тое, апошнія, а асабліва бежанцы, якіх на поўдні Лівана нямала, ведаюць гэта і наўмысна ідуць да ўрачоў шпіталя. Па-першае, таму, што, у адрозненне ад усіх астатніх устаноў аховы здароўя краіны, медыцынская дапамога там бясплатная для ўсіх, а па-другое, ліванцы вельмі давяраюць прафесіяналізму замежных медыкаў.

    — Мясцовыя ўрачы, якія ў свой час атрымлівалі адукацыю ў СССР, там цэняцца, ім давяраюць, — расказвае Вольга Яхнавец. — У Ліване вельмі добра развіта медыцына, але людзям за ўсё даводзіцца плаціць: пачынаючы ад уколу, заканчваючы аперацыяй.

    Недасягальнае мора і «трывожны чамаданчык»

    Ваенны лагер, дзе жылі дзяўчаты, знаходзіцца побач з Міжземным морам. Але гэта абсалютна не азначае, што кожную вольную хвілінку яны адзявалі купальнікі і беглі на пясчаны пляж.

    — Прачынаешся, а за акном мора шуміць, толькі трапіць на яго не можаш, — развенчвае ўсе міфы Вольга. — Прамога выхаду да вады лагер не мае, а пайсці да мора без дазволу нельга. Каб вы разумелі, уваход і выхад за тэрыторыю базы — строга па пропусках.

    Каб заўсёды быць на сувязі, міратворцы аснашчаны дэкфонамі — прыладамі, падобнымі да пэйджараў. За тым, каб усе машыны, якія выехалі раніцай, абавязкова вярнуліся на базу да вечара, вельмі пільна сочаць. Хочаш выйсці на кірмаш або ў краму — абавязкова папярэдзь. Ды і хадзіць па адным забаронена: можна заблукаць або сустрэць узброеных ліванцаў.

    Як прызнаюцца дзяўчаты, па першым часе, канешне, было страшна. Але калі ўсяго баяцца, то ўвогуле цяжка жыць. Родных, вядома, гэта мала супакойвае, таму ваеннаслужачыя імкнуліся быць на сувязі кожны дзень.

    — Аднойчы ў лагеры аб'явілі трывогу, — успамінае Вера. — З боку Ізраіля і Палесціны была выпушчана ракета, якая трапіла ў іспанскі лагер. Адзін з вайскоўцаў, які знаходзіўся на баявым пасту, загінуў. Пра інцыдэнт паведамілі і ў беларускіх СМІ. Мама тэлефануе, а ў мяне, як на зло, сувязі няма. Неяк звязалася з сястрой. Дзеля таго, каб супакоіць родных, папрасіла сказаць, што ўсё гэта адбылося не ў нас, а ў Лівіі. Але маму не падманеш...

    У выпадку трывогі міратворцы размяшчаюцца ў шалтарах — так званых бункерах. Адзяваюць бронекамізэльку, каску, у кожнага — «трывожны чамаданчык», у якім ёсць самае неабходнае: вада, ежа, сродкі гігіены, зменная вопратка, аптэчка. Падчас надзвычайнай сітуацыі ваенныя медыкі павінны прыбыць у шпіталь, каб у выпадку масавага паступлення пацярпелых было каму аказваць дапамогу.

    Бульбяныя сушы і туга па снезе

    Такія сітуацыі ў Накуры, дзе з міратворчай місіяй былі дзяўчаты, хутчэй выключэнне, чым правіла. Тым не менш бяспека — перш за ўсё. Але гэта абсалютна не азначае, што жыццё ў ваенным лагеры абмяжоўвае іх свабоду. На тэрыторыі пабудавана некалькі крам, дзе можна набыць самае неабходнае, працуюць спартыўныя залы, тэнісны корт, ёсць футбольнае поле, нават функцыянуюць кафэ. Як жартуюць дзяўчаты, традыцыя выпіць кавы, напэўна, ёсць ва ўсіх краінах.

    Міратворцы ж харчуюцца ў сталовай, якая знаходзіцца на тэрыторыі базы. Але, як прызнаюцца медыкі, вострая, насычаная спецыямі ежа рана ці позна прыядаецца, таму вельмі хочацца адчуць смак звыклых страў. А паколькі такое жаданне ўзнікала ўсё часцей, Вера і Вольга абсталявалі ў сваім пакойчыку міні-кухню, дзе з задавальненнем гатавалі тое, што елі дома: бульбу, боршч, юшку, пельмені, бліны...

    — Давялося неяк пачаставаць італьянцаў смажанай бульбай з цыбуляй, — расказваюць медсёстры. — І хто б мог падумаць, што гэтым гурманам настолькі спадабаецца, што нават рэцэптам давядзецца дзяліцца! Дзівіліся замежнікі і з таго, што бліны могуць быць і несалодкімі. Увогуле, усе, хто каштаваў прыгатаваную намі ежу, прасіў у кухараў сталовай ладзіць дні беларускай кухні. А кітайцы так хацелі нам дагадзіць, што запрасілі на сушы, прыгатаваныя з… бульбянога пюрэ.

    Увогуле, атмасфера ў лагеры была вельмі дружалюбная. Міратворцы з розных краін не толькі частавалі адзін аднаго, але і разам займаліся спортам, адзначалі святы. Не забываліся пра нацыянальныя ўрачыстасці і беларусы. Кожнае 9 Мая і Дзень Незалежнасці наша дэлегацыя абазначала сябе знаёмымі нам значкамі з беларускім сцягам і яблыневай кветкай.

    — Гэта выклікала цікавасць у нашых калег, — працягваюць дзяўчаты. — Некаторым даводзілася расказваць пра значэнне гэтых святых для беларусаў дат. Потым, пачытаўшы пра Беларусь у інтэрнэце, тыя здзіўлена казалі: «Як крута, што ў вас ёсць Брэст!»

    Нягледзячы на вельмі дружалюбную атмасферу і вялікі прафесійны вопыт, медыкаў у пагонах вельмі цягнула на Радзіму. «Больш за ўсё я сумавала па родных і, як не дзіва, па снезе, — кажа Вера Паўлянковіч. — Калі Новы год можна было кампенсаваць мандарынамі (яны там надзвычай смачныя), то на фотаздымкі заснежаных вуліц і прыбраных ёлак, якія нам дасылалі, глядзелі з зайздрасцю».

    — У Ліване ж у асноўным спёка, — працягвае Вольга Яхнавец. — Ёсць невялікі перыяд, які называецца ліванскай зімой: гэта калі на працягу некалькіх тыдняў або месяцаў ідуць дажджы. Многія, асабліва індусы, былі ўражаны, калі даведаліся, што ў Беларусі — чатыры пары года і кожная прыгожая па-свойму. Яны не маглі зразумець, як праз некалькі месяцаў пасля зімы наступае вясна, а пасля гарачыні можа ісці снег. Каб убачыць усё на ўласныя вочы, нашы калегі, з кім мы пасябравалі, паабяцалі, што абавязкова прыедуць у Беларусь. Адных чакаем ужо ў маі.

    Автор: Вераніка КанютаЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)