19 Октября, 2021 Вторник

Пачуццё прыгожага

  • 23 января 2018 Общество Беларуская 0

    Элегантныя капелюшы, модныя сумкі, шыкоўныя вазы з кветкамі, непаўторныя скрыні і шкатулкі, мудрагелістыя кошыкі і многія іншыя дэкаратыўныя рэчы з саломы болей пятнаццаці гадоў вырабляюць у сям’і Калесніковіч з гарадскога пасёлка Лагішын. Ала Паўлаўна і Аляксандр Мікалаевіч ствараюць вырабы з прыроднага матэрыялу, ад якога заўсёды вее цяплом, ласкай і часткай душы майстроў.

    А пачалося ўсё з таго, што аднойчы Алу Паўлаўну разам з іншымі калегамі (на той час жанчына працавала выхавацелем у дзіцячым садку) адправілі на курсы павышэння прафе-сійнай кваліфікацыі ў Брэст, дзе на адным з заняткаў педагогаў пазнаёмілі з такой тэхнікай народна-прыкладнога мастацтва, як салома-пляценне. Вярнуўшыся дадому, жанчына цалкам захапілася новым для яе заняткам, а разам з ёю – муж Аляксандр Мікалаевіч і дачка Алена.

    Такі просты, на першы погляд, маэрыял, як салома, у руках таленавітых майстроў адкрывае вялікую прастору для дызайнерскіх пошукаў і задумак.

    – Вельмі цікава назіраць за канчатковым вынікам пасля апрацоўкі саломы, – дзеліцца Ала Паўлаўна. – Уяўляеце, жорсткая і колкая салома робіцца мяккай і падатлівай.

    Але каб такое стала магчымым, прыродны матэрыял праходзіць доўгі і цяжкі этап падрыхтоўкі.

    – Салому мы нарыхтоў-ваем яшчэ ў чэрвені, – расказвае Аляксандр Мікалаевіч. – Таму што менавіта ў гэты час жытняе сцябло мае воскавую структуру, што робіць яго падатлівым. Пасля салома карпатліва перабіраецца і доўгі час сушыцца.

    – У такой справе мала прытрымлівацца адных тэхналогій, патрэбна адчуваць матэрыял і ўмець з ім размаўляць, – дабаўляе да слоў мужа Ала Паўлаўна.

    Самае складанае ў майстэрстве саломапляцення не ідэя, а ўвасабленне яе ў матэрыяле. Салома падатлівая да дабрыні і ласкі чалавечых рук. Прыродны матэрыял перадае тонкія фактуры, рэльефы. У вырабах з саломы майстры сям’і Калесніковіч ператвараюць у жыццё свае ідэі і задумкі.

    Навокал людзі здзіўляюцца, як сям’я ўсё паспявае: асноўная праца, асабістае жыццё, а яшчэ так ладна майстраваць. Калесніковічы на гэта адказваюць, што, каб гэта сумяшчаць, трэба іх падзяляць, але ж яны звязаныя неразрыўна. Мноства думак, ідэй, планаў не даюць пакою членам сям’і Калесніковіч усе 24 гадзіны ў суткі.

    – Можна прачнуцца ноччу ад таго, што прыйшла ў галаву новая задумка – у мяне такое часта здараецца, – расказвае Ала Паўлаўна. – Гэтая справа цікавіць нас усё больш і больш, і, здаецца, наша творчасць не мае межаў.

    Свае вырабы Ала Паўлаўна і Аляксандр Мікалаевіч часцей за ўсё дораць сваім блізкім і сябрам.

    – Самае галоўнае ў нашай справе тое, што вырабы з саломы заўсёды нясуць у дом прыгажосць, адмысловы настрой і ўтульнасць. Яны робяць людзей шчаслівымі, – дзеліцца Ала Паўлаўна. – Гэта лепшая ўзнагарода за нашу працу.

    Дэкаратыўныя вырабы з саломы сям’і Калесніковіч можна пабачыць на кірмашах і выставах, што ладзяцца ў раёне.

    Автор: Татьяна ПолховскаяПолесская правда

Комментарии (0)