19 Апреля, 2024 Пятница

Немецкие волонтеры в Молодечно помогают учить язык и знакомятся с Беларусью

  • 31 января 2018 Общество Беларуская 0

    Трэці год установа адукацыі прымае ўдзел у праекце «Школы-партнёры будучыні», арганізаваны добраахвотнай службай Германскай камісіі па справах ЮНЕСКА. Прадстаўнікі маладзёжнага руху «Kulturweit», заснаванага пры ёй, аказваюць падтрымку ў навучанні нямецкай мовы, ладзяць розныя пазашкольныя мерапрыемствы і праекты з вучнямі, каб пазнаёміць іх з традыцыямі і культурай Германіі, матываваць да больш глыбокага авалодання нямецкай мовай.

    Сярод актывістаў Табеа Сандэр і Амелі Катарына Хармгарт. Табеа з невялікай вёскі Шрэксбах ля Франкфурта-на-Майне. Амелі з горада Фірнхайм. Дзяўчатам па 18 гадоў, яны закончылі школу і, як прынята ў нямецкай моладзі, перш чым вызначыцца з прафесіяй, шукаюць сябе і займаюцца валанцёрствам. Аб тым, што трапяць у Беларусь, Табеа і Амелі даведаліся за некалькі дзён да паездкі. Пра нашу краіну яны амаль нічога не ведалі.

    — Раней мая старэйшая сястра прымала ўдзел у аналагічным валанцёрскім праекце ў Грузіі, а таксама падарожнічала па Усходняй Еўропе. Па яе меркаванні, ва ўсіх усходнееўрапейскіх краінах жывуць добрыя людзі. Яна раіла мне абавязкова паглядзець беларускі балет. Хаця… у Беларусі і не была, — расказвае Табеа.    

    — А я з кніг пра падарожжы даведалася пра Беларусь. Яна ніяк не прадстаўлена ў нямецкай перыёдыцы, не гавораць пра вашу краіну і ў тэленавінах. Хіба толькі зрэдку ў агульных рысах згадваецца савецкі перыяд, — далучаецца да размовы Амелі, якая, дарэчы, мяркуе звязаць свой прафесійны лёс з піяр-журналістыкай.

    Табеа марыць аб навуковай дзейнасці ў галіне хіміі.

    Валанцёры Табеа Сандэр (у другім радзе першая злева) і Амелі Катарына Хармгарт (у другім радзе другая справа) з вучнямі гімназіі №10 і настаўніцай нямецкай мовы Вольгай Бруй.

    У Маладзечне нямецкія дзяўчаты жывуць амаль пяць месяцаў. За гэты час у іх склалася ўжо ўласнае меркаванне пра наш горад, які ім вельмі падабаецца. Асабліва іх уражвае парк. Таксама яны адзначылі, што ў Маладзечне можна цікава арганізаваць вольны час, бо тут шмат устаноў культуры і спорту. Дзяўчаты адкрылі для сябе беларускі хакей, з задавальненнем ходзяць на розныя турніры ў спартыўна-забаўляльны цэнтр. Пабывалі яны і ў Мінску, дзе пераканаліся ў адметнасці балета. Дзяўчаты заўважылі, што цэны на білеты на культурныя і спартыўныя мерапрыемствы ніжэйшыя, чым у Германіі. Іх уразіла таксама велічная прыгажосць праваслаўных цэркваў. А яшчэ — беларуская кухня. Табеа падабаюцца дранікі са смятанай (у Германіі аналагічныя ядуць з яблычным мусам). Амелі палюбіла бульбяное пюрэ з катлетай. А самым смачным ласункам дзяўчаты называюць глазураваныя сыркі. Кажуць, у іх такой смакаты няма.

    Адзіная цяжкасць для валанцёраў — недастатковае веданне рускай мовы, каб «уліцца» ў соцыум.

    — Тую ж англійскую беларусы мала ведаюць. Таму спытацца штосьці ў прахожых не проста. Але людзі вельмі добразычлівыя, заўсёды імкнуцца дапамагчы, — у адзін голас заўважаюць дзяўчаты. – Наогул, асаблівай розніцы паміж Беларуссю і Германіяй няма.

    Тым не менш, сістэма адукацыі ўсё ж адрозніваецца. Напрыклад, у тым жа вывучэнні замежных моў. У Германіі англійская абавязковая з трэцяга класа. Вучні сярэдняга звяна выбі-

    раюць для асваення яшчэ адну, найчасцей гэта французская, лацінская або руская. Дадатковы (але неабавязковы) выбар ёсць і ў старшакласнікаў: як правіла, па ўласным жаданні яны аддаюць перавагу італьянскай, іспанскай ці старажытнагрэчаскай мовам.

    — У Германіі няма адзінага Кодэкса (закона) аб адукацыі. На кожнай зямлі дзейнічае свой, — каменціруе настаўніца нямецкай мовы гімназіі №10 Вольга Бруй, якая курыруе ва ўстанове праект «Школы-партнёры будучыні». – Мы вельмі зацікаўлены ў супрацоўніцтве з нямецкімі валанцёрамі. У вывучэнні замежных моў надзвычай важна чуць іх сапраўдных носьбітаў. У выніку гэта спрыяе адукацыйнаму працэсу, які праводзіцца па прынцыпе «роўныя з роўнымі». Юных валанцёраў гімназісты ўспрымаюць як старэйшых сяброў.

    Штодзень Табеа і Амелі спяшаюцца на ўрокі ў гімназію. Пераважна яны дапамагаюць у выкладанні нямецкай мовы. У аўторак збылася іх мара: іншаземкі пабывалі і на занятках беларускай літаратуры і мовы, якую лічаць надзвычай прыгожай, меладычнай і не разумеюць, чаму ў паўсядзённым жыцці на ёй мала размаўляюць.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Ірына РАБУШКАМаладзечанская газета

Комментарии (0)