19 Апреля, 2024 Пятница

Журналістыка будняў салдацкіх

  • 23 февраля 2018 Общество Беларуская 0

    Праца ў газеце непрадказальная. Шчыра кажучы, ідзеш раніцай у рэдакцыю і проста не ведаеш, што дзень табе прынясе: якія навіны, куды прыйдзецца ехаць, пра што давядзецца пісаць. Але ў гэтым і хараство журналістыкі. Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь успамінаецца асабістае знаёмства з армейскімі буднямі. 

    Яшчэ студэнткай-практыканткай упершыню трапіла ў  батальён кіравання радыётэхнічнай брыгады Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны. Неармейскага чалавека ў армейскім асяроддзі цікавіць літаральна ўсё: як жывецца, чым займаюцца салдаты, у тым ліку што іх цікавіць і на што хапае часу. У месцы, дзе ўсё падпарадкавана статутнаму раскладу, заняткам у камандна-тэхнічным вузле, а дзень распісаны па мінутах, дзе дысцыпліна і дакладнасць –  галоўныя патрабаванні да асабовага складу, усё ж атмасфера добразычлівасці і сяброўства асабліва адчуваецца.

    Армія дазваляе пераасэнсаваць многія рэчы. Часта менавіта гэта меркаванне гучыць з вуснаў людзей у ваеннай форме. Добра запомніліся словы аднаго з іх:

    – Я не ведаў, што так моцна люблю бацькоў. І як мне патрэбны іх звычайныя словы «як ты, сынок?», і якой акрыляючай сілай яны валодаюць. Кажуць, каб ацаніць значнасць чагосьці, трэба гэта на час адняць.

    А яшчэ ўразіла чысціня казармаў і, напэўна, што не менш важна, адносіны салдатаў да гэтага бытавога аспекту. І хоць тут усё пад канцік, лінеечку ці вяровачку, утульнасць прысутнічае, бясспрэчна. Патрабаванні да формы –  без каментарыяў: адпрасаваць, падшыць каўнерык, начысціць берцы. А затое і не адвесці вачэй ад салдацікаў, калі строем нага ў нагу яны крочаць, напрыклад, на абед. А як магутна гучыць у іх выкананні: «У РТВ нам выпала служыць».

    рок мужнасці, прыклад гераізму, якому ёсць месца і ў мірным жыцці, прадэманстравалі радавыя запасу нашы землякі Яўгеній Жарскі з Ляхавіччыны і Дзмітрый Страчук з Брэсцкага раёна (пра іх пісала раёнка ў №4 ад 17 студзеня 2018 года). Кранальныя моманты: урачыста гучыць аркестр, на пляцы выстраіўся ўвесь асабовы склад 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады, зачытваецца Указ Прэзідэнта аб узнагароджанні медалём «За адвагу». Шчырыя словы віншавання міністра абароны Рэспублікі Беларусь Андрэя Раўкова.

    Памятаю, што хваляваліся ўсе: безумоўна, хлопцы, бацькі, камандзіры, журналісты, якім хацелася пагаварыць з героямі. Хваляваліся і салдаты. Упэўнена, ім за гонар служыць у брыгадзе, дзе выхоўваюцца героі, дзе сяброўства сапраўды моцнае і надзейнае. Калі рэдакцыя камандзіравала мяне асвятляць гэту ўрачыстасць, даведалася, што тэрміновую службу сёння там праходзяць 19 нашых землякоў. Сярод іх Артур Кудзін, Ілья Рабцэвіч, Антон Яварчук, Міхаіл Крэнць і інш. Прабягала вачамі па кожным батальёне, выглядала іх у страі, але калі маршыруюць салдаты, калі рухі адточаны да аўтаматызму, усё ўспрымаеш як цэльную карцінку, складана выдзеліць асобнага чалавека.

    Парадавала іншая прыемная  акалічнасць: сустракаў журналістаў мой аднакурснік Максім Вечар, размеркаваўся туды служыць намеснікам камандзіра дэсантна-штурмавой роты.

    Усім ляхавічанам, якія сёння ў страі розных ваенных падраздзяленняў краіны, «веснікаўцы» перадаюць свае шчырыя віншаванні, жадаюць дастойнай і паспяховай службы.

    «Ляхавіцкі веснік»

    Фота аўтара.

    На фота1. Міністр абароны Андрэй Раўкоў уручае медаль «За адвагу» Яўгенію Жарскаму.

    Автор: Маргарыта КУХТАЛяхавіцкі веснік

Комментарии (0)