У Кітаі традыцыйна Новы год адзначаюць двойчы — 1 студзеня, як у большасці хрысціянскіх краін, і ў другую поўню пасля зімняга сонцастаяння. Фіксаванай даты няма, штораз яна перамяшчаецца паміж 21 студзеня і 21 лютага. Сёлета кітайскі Новы год прыпаў на 16 лютага. Называецца ён Чуньцзэ і азначае свята вясны. З гэтай нагоды на мінулым тыдні гімназія №10 ператварылася ў кітайскую правінцыю.
«Мяў» – гэта кошка, а «маў» – кот
Другі год у гэтай навучальнай установе арганізаваны факультатыў па кітайскай мове. Дапамагаюць асвойваць яе маладзечанскім вучням валанцёры з Паднябеснай. Гімназія №10 плённа супрацоўнічае з Інстытутам Канфуцыя Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, а таксама з упраўленнем па грамадзянстве і міграцыі УУС Мінскага аблвыканкама. Валанцёр Вэньжуй Цуй прыехала з Харбіна ўслед за сваёй сяброўкай, якая працавала ў гімназіі ў мінулым навучальным годзе і засталася задаволеная набытым вопытам і ўражаная Маладзечнам.
Вэньжуй 22 гады, у сваёй краіне ва ўніверсітэце яна вывучае педагогіку і марыць выкладаць рускую мову. Дарэчы, яе родны горад вельмі вялікі і развіты. Там жыве звыш 10 мільёнаў чалавек, апошнім часам у модзе будаўніцтва шматпавярховак ад 30 да 50 паверхаў. Але кітаянка пры-
кіпела ўжо сэрцам і да Маладзечна, якое падаецца ёй ціхім і ўтульным. Хіба толькі цяжка дзяўчыне прызвычаіцца да беларускай кухні. Вэньжуй вельмі любіць рыбу, але тая, што прадаецца ў нас, зусім не такая, як у Кітаі. Цяпер у рацыёне дзяўчыны пераважна смажаныя бульба, курыца і свініна.
З радасцю Вэньжуй спяшаецца на заняткі, як і яе вучні. Дзеці наперабой расказваюць, што ў яе на ўроках заўсёды цікава і весела, а за правільныя адказы на пытанні можна атрымаць «сувенір поспеху».
— Ужо само вымаўленне многіх слоў смешнае! – шчабечуць хлопчыкі і дзяўчынкі. – Давайце і вас навучым гаварыць па-кітайску: «мяў» – гэта кошка, а «маў» – кот…
На заняткі да Вэньжуй прыходзіць больш за 70 чалавек – ад пачаткоўцаў да старшакласнікаў. Сёлета адзін хлопчык нават з Вілейкі прыязджае.
А ў стылізаваным свяце кітайскага Новага года, які ініцыявала валанцёр, прыняла ўдзел літаральна ўся гімназія. Дарэчы, у Паднябеснай яго будуць адзначаць з 16 лютага і аж да 2 сакавіка.
Каменныя джунглі на сучасны лад
— Наша задача навучыць дзяцей не толькі кітайскай мове, але і пазнаёміць іх з традыцыямі, культурай гэтай краіны, – далучаецца да размовы дырэктар гімназіі №10 Таццяна Камкова.
Летась яна трапіла ў склад беларускай дэлегацыі педагогаў і медыкаў, якія ў рамках адукацыйнай праграмы галоўнага ўпраўлення Інстытутаў Канфуцыя (Ханьбань) пабывалі ў Кітаі. Як настаўніцу Таццяну Генадзьеўну цікавіла сістэма адукацыі гэтай краіны: у чымсьці яна падобная на нашу, але мае і свае асаблівасці. Школьнікі займаюцца па 12-гадовай праграме. Сярод выкладчыкаў пераважна жанчыны. Распрацавана цэлая сістэма павышэння кваліфікацыі педагогаў, у тым ліку анлайн. Наогул, кітайцы зацікаўлены ў тым, каб іх родную мову вывучалі ў розных краінах, што ўрэшце спрыяе развіццю міжнародных сувязей, а таксама ў замежных студэнтах, сярод якіх усё больш беларусаў.
Іерогліф шчасця
Дзіўную атмасферу паспрабавалі стварыць у гімназіі з нагоды кітайскага Новага года. Працавалі тэматычныя пляцоўкі па аквагрыме, дэкаратыўна-прыкладной творчасці, дэманстрацыі народных касцюмаў, а таксама вакальна-музычная. Зразумела, усюды былі сімвалы, у магічную сілу якіх і сёння вераць кітайцы. Напрыклад, у іх існуе павер’е, што злыя духі баяцца чырвонага колеру. Таму на розныя прадметы наклейваюцца чырвоныя палоскі паперы. Гэты колер пераважна выкарыстоўваецца і ў адзенні. Некаторым вучням пашанцавала апрануцца ў сапраўдныя нацыянальныя касцюмы, якія Вэньжуй прывезла з Кітая. Дзяўчынкі адчувалі сябе ў іх не інакш як усходнімі прынцэсамі. Хлопцы былі больш сціплыя на эмоцыі. А васьмікласнік Максім Задорскі, напэўна, адзіны на свяце не марыў пабываць у Кітаі, бо, як ён заўважыў, там шмат людзей і цесна. Згодна з традыцыямі ўпрыгожылі і галоўны атрыбут Чуньцзэ — мандарынавае дрэва. Яно было стылізаванае, але фрукты сапраўдныя, побач — мноства падвешаных на стужцы карцінак з выявай іерогліфа шчасця. Менавіта гэты сімвал прынята дарыць адзін аднаму ў Кітаі ды яшчэ абменьвацца двума мандарынамі. Гэты фрукт азначае золата. Галоўная святочная страва на поўначы краіны — цзяоцзы (пельмені), а на поўдні – няньгао (лусты з клейкага рысу). Лічыцца, што гэтыя стравы сімвалізуюць паляпшэнне жыцця з кожным годам…
Фота: Аляксей ПЛАТКО.
Комментарии (0)