29 Марта, 2024 Пятница

Машына-месца пустым не бывае

  • 01 марта 2018 Общество Русский 0

    З кожным годам колькасць аўтамабіляў ва ўсім свеце расце. Ды і ў нашай краіне аўтапарк павялiчваецца на 5—8 працэнтаў за год. Паводле звестак Дзяржаўтаінспекцыі, толькі ў Мiнску зарэгістравана каля 800 тысяч транспартных сродкаў. Усё б нічога, калі б горад пры гэтым не ахінала паволі ў футра з аўтамабільнага смогу, а дваровыя тэрыторыі не ператвараліся б у суцэльныя паркоўкі. Якраз праблема з месцамі для стаянкі аўтамабіляў і становіцца самай галоўнай прычынай галаўнога болю ў камунальнікаў.

    Любіш катацца — любі і плаціць

    У хуткім часе колькасць платных парковак павялічыцца ў цэнтры горада.

    Дзіцячыя пляцоўкі і зялёныя зоны ў дварах непрыкметна здаюць пазіцыі аўтамабілям. Нярэдка бывае так, што «хуткая дапамога» ці транспарт МНС не могуць пад’ехаць да пункта прызначэння з-за своечасова не адкрытага шлагбаума. Смеццявоз па некалькі дзён не можа даехаць да пляцоўкі з кантэйнерамі.

    Старшыня Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк упэўнены: жыхароў можна прывучыць да платных парковак. Толькі для гэтага патрэбны час. Як прыклад прыводзіць экалагічную акцыю «Я паркуюся як...», якую яны праводзілі разам з Дзяржаўтаінспекцыяй:

    — На першым этапе з жыхарамі праводзяць інфармацыйную кампанію разам з мясцовымі органамі ўлады, ЖКГ Мінгарвыканкама, мясцовымі ЖРЭА і супрацоўнікамі ДАІ. Адміністрацыя раёна прапануе некалькі рашэнняў па парковачных месцах. Пасля першага этапу няправільна прыпаркаваныя аўтамабілі вывозім з дапамогай эвакуатара і ў прысутнасці работнікаў ДАІ. Парушальнікі могуць атрымаць штраф.

    Праз тры гады пасля пачатку правядзення акцыі аўтаўладальнікі за свой кошт пабудавалі парковачныя месцы, каб «разгрузіць» двор на праспекце Ракасоўскага. Толькі вось ці пойдуць на такія ахвяры іншыя? Усё ж такі 80 працэнтаў затрат пры ўзвядзенні такіх аб’ектаў кладзецца менавіта на плечы жыхароў.

    Не выключана, што на сітуацыю з паркоўкамі ў цэнтры горада дабратворна паўплываюць іншыя ініцыятывы Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

    — У мінулым годзе Беларускай асацыяцыяй экспертаў і сюрвеераў на транспарце (БАЭС) было распрацавана і ўстаноўлена праграмнае забеспячэнне інфармацыйнай сістэмы базы даных для ўліку вы-кідаў забруджвальных рэчываў на вулічна-дарожнай сетцы горада. Праграма дазваляе ў рэжыме рэальнага часу адсочваць становішча вулічна-дарожнай сеткi і аператыўна інфармаваць усе зацікаўленыя службы для прыняцця сумесных мер, накіраваных на зніжэнне нагрузкі ад аўтатранспарту на атмасфернае паветра.

    Час зачыніцца ад чужынцаў

    Вырашыць праблему можна і павелічэннем колькасці платных парковак у цэнтры горада. Дырэктар ДУ «Паркоўкі сталіцы» Алег Ляшчынскі ўдакладняе: у хуткім часе такія з’явяцца на вуліцах Маркса, Кірава, Свярдлова, Ульянаўскай, Акадэмічнай, Чорнага, Сухога, Караля... Праўда, кошт машына-месцаў усё роўна занадта вялікi — у сярэднім па 8 тысяч долараў. 

    У ДУ «Паркоўкі сталіцы» прапануюць яшчэ адну схему для вырашэння праблем з паркоўкамі. Яе сутнасць — адпрацоўка абароны прыдамавых тэрыторый, дзіцячых дашкольных, медыцынскіх устаноў, размешчаных побач з платнымі аўтамабільнымі паркоўкамі:

    — За два-тры тыдні грамадзяне павінны паведаміць, хто жыве або працуе непадалёк. Сфарміраваны «спіс доступу» ўзгадняецца з адміністрацыяй раёна, пасля чаго дваровыя тэрыторыі абазначаюцца забараняльнымі дарожнымі знакамі, устанаўліваецца сістэма фіксацыі парушальнікаў. Апошнія могуць займець непрыемнасці з ДАІ.

    Яшчэ адно відавочнае рашэнне праблемы — устаноўка шлагбаума ў двары. З канца 2016 года правілы для атрымання дазволу ўстаноўкі шлагбаума значна спрасціліся. Зараз дастаткова падаць заяву ў мясцовую адміністрацыю з подпісамі 50 працэнтаў жыхароў пэўнай тэрыторыі і даць праект.

    — Удасканаленне нарматыўна-прававых актаў у галіне праектавання і ўстаноўкі шлагбаумаў на дадзены момант не патрабуецца, заканадаўства спрошчана да немагчымага, — удакладняе намеснік генеральнага дырэктара па добраўпарадкаванні, санітарным утрыманні жыллёвага фонду ДА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» Галіна Гілевіч. — Так, праекты на ўстаноўку шлагбаумаў адбіраюцца на конкурснай аснове. Але гэта нармальная практыка. Хутчэй, пытанне ўзнікае па кошце праектавання, бо праект на практыцы аказваецца ў два разы даражэй за сам шлагбаум. А без яго не абысціся, бо гаворка ідзе пра бяспеку грамадзян.

    Автор: Вероника УЛАСЕВИЧРэспубліка

Комментарии (0)