29 Марта, 2024 Пятница

Штодзённа на варце правапарадку

  • 03 марта 2018 Общество Беларуская 0

    Начальнік РАУС Аляксандр КЛІМЯНКОЎ: “Напачатку гэтага года мы вызначылі шэраг напрамкаў, над якімі будзем працаваць далей. У прыватнасці, над змяншэннем колькасці злачынстваў, якія ўчыняюць п’яныя людзі, папярэджаннем ДТЗ, выдаленнем ноччу з дарог пешаходаў, якія не абазначаны святлоадбівальнымі элементамі. Прадаўжым прафілактычную работу ў сельскай мясцовасці, прыкладзём намаганні па стабілізацыі сітуацыі ў сферы сямейна-бытавых адносін, змяншэнні колькасці выпадкаў хатняга насілля. Для гэтага будуць задзейнічаны ўсе суб’екты прафілактыкі. Мерапрыемствы распрацаваны сумесна з раённым аддзелам Следчага камітэта і пракуратурай. Праведзена некалькі нарад з кіраўніцтвам раёна, выпрацаваны алгарытм сумесных дзеянняў па стабілізацыі абстаноўкі.

    На нядаўніх выбарах ў мясцовыя Саветы дэпутатаў супрацоўнікі міліцыі неслі службу ва ўзмоцненым рэжыме, дзяжурылі кругласутачна на выбарчых участках і па забеспячэнні грамадскага парадку. Парушэнняў не дапушчана. Дзеянням міліцыянераў далі высокую ацэнку міністр унутраных спраў, старшыні аблвыканкама і райвыканкама”.

    Павышаныя патрабаванні

    Намеснік начальніка РАУС Антон Курыловіч адзначыў, што ветэраны райаддзела міліцыі падобраму зайздросцяць цяперашнім супрацоўнікам, бо раней не было камп’ютарнай тэхнікі, сучасных сродкаў сувязі, райаддзел меў толькі дзве-тры аўтамашыны. Праўда, тады ўчынялася менш злачынстваў. Да таго ж, патрабаванні да цяперашніх супрацоўнікаў міліцыі павышаюцца, ідзе падбор кадраў. Кандыдаты на службу ў міліцыі праходзяць не толькі строгую медыцынскую камісію, але і псіхалагічны адбор. Пастаянна праводзіцца рэформа органаў унутраных спраў, ствараюцца новыя навучальныя ўстановы. У Мінску адкрыты ліцэй Міністэрства ўнутраных спраў (аналаг сувораўскага вучылішча), і там ужо вучыцца адзін хлопчык з нашага горада.

    Зарэкамендавалі сябе добра

    У аддзяленні па грамадзянстве і міграцыі РАУС Ала Савіцкая 20 гадоў працуе пашпартыстам. Прыйшла сюды часова, замяняла работніцу, якая знаходзілася ў дэкрэтным водпуску. Потым перавялася на пастаяннае месца працы. Асвоіць прафесію дапамагалі старэйшыя калегі. Работа не складаная, але патрабуе цярпення і ўвагі. Неабходна праверыць дакументы, правільна аформіць пашпарт. Акрамя гэтага, Ала Антонаўна вядзеархіўную картатэку, зарэкамендавала сябе адказным і старанным работнікам. Дзмітрый Шыловіч родам з Гомельскай вобласці, але сваё дзяцінства правёў у Смаргоні.Службу ў міліцыі пачаў з узвода ППСМ. Потым вырашыў стаць афіцэрам, паступіў у Магілёўскую школу міліцыі на дзённае навучанне. Лейтэнантам вярнуўся ў Смаргонскі райаддзел міліцыі, быў прызначаны аператыўным упаўнаважаным крымінальнага вышуку.

    Потым яму прапанавалі такую ж пасаду ў аддзяленні па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Цяпер Дзмітрый Шыловіч – старшы аператыўны ўпаўнаважаны гэтага падраздзялення, капітан. Напрамак яго службовай дзейнасці – барацьба з фальшываманецтвам, кантроль за расходаваннем бюджэтных сродкаў суб’ектамі гаспадарання, нагляд за работай банкаўскай сферы.

    Андрэй Кавяза пасля заканчэння ўніверсітэта фізічнай культуры, спорту і турызму вярнуўся ў Смаргонь. Год гуляў у аднайменным футбольным клубе. Потым яго прызвалі на службу ў армію. Трапіў у Камітэт дзяржбяспекі. Потым два гады адпрацаваў на агрэгатным заводзе. Аднойчы прапанавалі паслужыць у РАУС. Паколькі быў лейтэнантам запасу, то згадзіўся паспрабаваць сябе ў ролі супрацоўніка міліцыі. Цяпер — участковы інспектар. Адміністрацыйны ўчастак знаходзіцца ў Заходнім мікрараёне і самы вялікі па колькасці жыхароў. Але дзякуючы прафілактычнай рабоце колькасць злачынстваў на ім значна зменшылася.

    Аляксандр Сілевіч многа гадоў праслужыў у аддзеле ДАІ. Спачатку быў інспектарам ДПС, потым – інжынерам па арганізацыі дарожнага руху, старшым дзяржаўтаінспектарам. А нядаўна яго прызначылі начальнікам МРЭА. Аляксандр Іванавіч добра ведае калектыў супрацоўнікаў новага падраздзялення, не адзін раз прыходзіў сюды, калі быў дзяржаўтаінспектарам, каб зрабіць выбарку дзяржаўтатранспарту прадпрыемстваў, арганізацый і гаспадарак. Вядома ж, вопыту на новай пасадзе пакуль малавата ў Аляксандра Сілевіча, таму ён падтрымлівае сувязь з былым начальнікам МРЭА Уладзімірам Ігнатовічам, які цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку.

    У гарадскім аддзеле “Ахова” ёсць спецыяльная група міліцыі, якая суправаджае грузы, ахоўвае фізічных асоб, у тым ліку і судовых выканаўцаў органаў прымусовага выканання. Сітуацыі бываюць розныя. Адны даўжнікі спакойна ставяцца да таго, што да іх завітаў судовы выканаўца, іншыя паводзяць сябе не лепшым чынам. Таму асноўная задача ахоўнікаў – не дапусціць прычынення шкоды фізічнай асобе. Для гэтага супрацоўнікі ахоўнага падраздзялення прайшлі спецпадрыхтоўку, маюць спецыяльную экіпіроўку, спецсродкі, могуць аказаць псіхалагічную і медыцынскую дапамогу.

    Служба ва ўнутраных войсках паўплывала на выбар Русланам Ткачовым прафесіі па вяртанні на грамадзянку. Ён скончыў Акадэмію МУС і больш за 10 гадоў аддаў крымінальнаму вышуку. А два гады таму быў прызначаны на пасаду начальніка ізалятара часовага ўтрымання. У яго падпарадкаванні 11 атэставаных супрацоўнікаў і грамадзянскі персанал. Руслан Уладзіміравіч лічыць, што падраздзяленні, у якім служыў раней і якое ўзначальвае цяпер, неаддзельныя адно ад другога. Крымінальны вышук адшуквае злачынцаў, якія потым трапляюць у ізалятар часовага ўтрымання. Дарэчы, летась тут адрамантавалі ўсе памяшканні камернага тыпу, зманціравалі сантэхнічнае абсталяванне. І цяпер ізалятар часовага ўтрымання адпавядае ўсім патрабаванням, якія прад’яўляе да падобных аб’ектаў санітарна-эпідэміялагічня служба. Па выніках аператыўнаслужбовай дзейнасці за мінулы год начальнік ізалятара часовага ўтрымання міліцыі грамадскай бяспекі маёр Руслан Ткачоў быў прызнаны лепшым па прафесіі сярод начальнікаў ІЧУ райаддзелаў міліцыі Гродзенскай вобласці.Сусанна Гарайнава таксама была прызнана лепшай па прафесіі. Яна — начальнік аддзялення інфармацыйнага забеспячэння РАУС. У міліцыю прыйшла з гімназіі, дзе працавала аператарам-праграмістам. Спачатку была радавым супрацоўнікам, потым паступова падымалася па службовай лесвіцы.

    Галоўная задача інфармацыйнай службы, якую ўзначальвае Сусанна Гарайнава, — правільна ўнесці ў камп’ютар усе звесткі, статыстычныя паказчыкі па відах злачыннасці, прааналізаваць іх.

    А яшчэ ў абавязкі супрацоўнікаў гэтай службы ўваходзіць своечасовая і правільная выдача інфармацыі кіраўніцтву РАУС, начальнікам структурных падраздзяленняў для авільнага прыняцця рашэнняў.

    Автор: Юрый ЯНУШКЕВІЧ.Светлы шлях
    Теги: 

Комментарии (0)