23 Апреля, 2024 Вторник

Арыфметыка прыгажосці

  • 07 марта 2018 Общество Беларуская 0

    Маладзечанка Наталля Мазура з тых жанчын, якія ўмеюць рабіць падарункі… самі сабе. А гэта на мове псіхолагаў лічыцца вельмі важным для таго, каб зацвердзіцца як асоба. Менш чым за год яна пахудзела на 42 кілаграмы.

    На «старце» Наталля важыла 100 кіло. Але яна працягвае шлях да дасканаласці…

    З дзесяці гадоў Наташа была схільная да паўнаты. Лішняя вага не прыносіла ёй асаблівых клопатаў. Але толькі цяпер ужо як прафесійны псіхолаг яна разумее, што схільнасці да паўнаты… не бывае. Гэта адгаворка тых, хто не сочыць за сваім рацыёнам і не прытрымліваецца здаровага ладу жыцця. Яны проста мараць пахудзець… Маўляў, як без мары жыць?! Калі вагу перабірае дзіця – значыць, побач не аказалася дарослых, якія могуць дапамагчы збалансаваць рэжым і каларыйнасць ежы.

    — Уся дыеталогія ўкладваецца ў два прынцыпы. Няма пераядання – няма лішняй вагі. Безумоўна, важныя аптымальныя і рэгулярныя спартыўныя нагрузкі, — заўважае субяседніца.    

    Наталля спачатку таксама прыдумвала сабе розныя адгаворкі, хаця і спрабавала пахудзець пры дапамозе дыет. Максімум скідвала сем кілаграмаў, але праз непрацяглы час вага вярталася. Штораз Наталля заспакойвалася «дзейснай» фразай: «Я люблю сябе і такую». Аднойчы яе дадалі ў інтэрнэт-праект для тых, хто жадае пахудзець. Яна нават не ведае хто і спачатку не звярнула на гэта ніякай увагі.  

    — Да таго моманту жаданне пахудзець асабліва наспела: стрэлкі на вагах застылі на адзнацы 100 кілаграмаў. Але ў інтэрнэт-праекты я чамусьці не верыла, — гаворыць Наталля. – На працягу трох дзён мне дасылалі розныя заклікі да ўдзелу, на якія я не рэагавала. На чацвёрты «здалася». Па той бок манітора невядомы мне чалавек прапаноўваў у рамках праекта дапамагчы змяніць рацыён харчавання і арганізаваць трэніроўкі 3-4 разы на тыдзень у трэнажорнай зале. Займалася ў Маладзечне і Мінску.

    Самым цяжкім на шляху да дасканаласці быў першы крок.

    — Як мне, такой таўшчэзнай, зайсці ў трэнажорную залу і не згарэць ад сораму?! Гэта думка літаральна авалодала мною, – цяпер ужо з усмешкай успамінае Наталля. — Але я пераадолела сябе. Трэніроўкі — пад пільным кантролем вопытнага інструктара-жанчыны. Спачатку ўпор быў зроблены на спальванне тлушчу, а цяпер ужо на фарміраванне прыгожага мышачнага рэльефу.

    Першыя вынікі ў змяненні фігуры былі відавочныя амаль адразу. За пяць дзён Наталля скінула пяць кілаграмаў, а праз месяц развіталася ўжо з дзесяццю. Калі скарэкціравала рацыён і адмовілася ад салодкіх ласункаў, растаялі яшчэ трыццаць кіло.

    — Часам мне снілася розная смаката… — усміхаецца субяседніца. — Хаця абыходзілася без салодкага лёгка.

    «Няўжо гэта ты?» — неўзабаве сталі пытацца пры сустрэчы знаёмыя і сябры Наталлі, якая заўважна пастрайнела.    

    У прамым і пераносным сэнсе асабліва дарагую радасць ёй прынесла абнаўленне гардэроба: з 58-га памеру яна перабралася ў 44-ы. Над сваім старым адзеннем трапна жартуе: яго хіба толькі летам замест турыстычнай палаткі выкарыстоўваць.

    Цяпер Наталля важыць 58 кілаграмаў, канчатковая яе мэта – 52, што лічыцца пры яе невысокім росце ідэальным. Яна працягвае трэніроўкі ў трэнажорнай зале і сочыць за рацыёнам. Напрыклад, на снеданнне – курыная грудка і грэчка з салатай, на абед – кавалачак рыбы з салатай, на вячэру (не пазней за 18.00) – выключна прадукты з утрыманнем бялкоў (тая ж курыная грудка, або морапрадукты, альбо проста пратэін). Безумоўна, нічога смажанага, вэнджанага, ніякага фастфуду! Наталля адмовілася таксама ад чырвонага мяса і кавы. Без паслаблення нават у святы. Асабліва важным лічыць захаванне пітнога рэжыму: да двух літраў чыстай вады на дзень.

    — Магчыма, камусьці гэта падасца вялікім клопатам. На самай справе, калі здаровы лад жыцця становіцца добрай звычкай, чалавек нават не заўважае гэтага і робіць тое, што прыносіць радасць, — гаворыць Наталля.

    Пачынанні на шляху да дасканаласці падтрымалі і блізкія. 11-гадовы сын таксама захапіўся спортам. Як і мама, спрабаваў займацца ў трэнажорнай зале, апошнім часам зацікавіўся плаваннем і тайскім боксам. Наталля наогул прывяла да здаровага ладу жыцця многіх сваіх сяброў, знаёмых і нават незнаёмцаў, якія бачылі ў сацыяльных сетках яе новыя фотаздымкі. Цяпер ёй падабаецца рабіць сэлфі. А самым крутым кампліментам для сябе лічыць словы свайго трэнера: «Ты мой гонар года!».

    Автор: Ірына РАБУШКАМаладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)