13 Октября, 2024 Воскресенье

Не змаўкаюць званы памяці

  • 20 марта 2018 Общество Беларуская 0

    Вайна… Гэтае слова страшным рэхам адгукаецца ў сэрцы кожнага беларуса. Колькі гора прынесла яна нашай зямлі! І амаль у кожным раёне ёсць вёскі, якія падзялілі трагічны лёс Хатыні. Вогненныя вёскі – боль і памяць Беларусі. Не абмінуў страшэнны віхор вайны і Івацэвіччыну. На тэрыторыі нашага раёна ад рук нямецкіх акупантаў палалі разам з мірнымі жыхарамі вёскі Вяда, Красніца, Тупічыцы, Бабровічы, Зыбайлы, Зацішша. А тых, хто вырываўся з вогненнага пекла, даганялі кулямётныя чэргі, выпушчаныя нямецкімі салдатамі. Лічаным адзінкам удалося выратавацца ад неміну-чай гібелі, каб потым расказаць пра гора, якое яны перажылі, сваім нашчадкам.

    Ля помніка ў вёсцы Зыбайлы, з нагоды 75-годдзя трагедыі, якая адбылася там у сакавіку 1943, прайшоў мітынг-рэквіем, на якім ушанавалі памяць спаленых вёсак Івацэвіччыны. У мерапрыем-стве прымалі ўдзел настаўнікі і вучні ДУА “Воленская СШ”, якія ў апошнія гады ўзялі шэфства над абеліскам, а таксама прадстаўнікі мясцовай улады. Распачаўшы мітынг-рэквіем, старшыня Жытлін-скага сельвыканкама Петр Свібовіч падкрэсліў, што памяць аб вайне, яе ахвярах, стойкасці і мужнасці абаронцаў Айчыны ўвасоблена не толькі ў граніце помнікаў і абеліскаў, яна – у сэрцах людзей, а таму будзе жыць вечна.

    – Гэты мемарыял­ – сімвал мужнай барацьбы з ворагамі Радзімы і нескаронасці мясцовых жыхароў, ­– адзначыў ён. ­– Нямецкія салдаты не даравалі мясцовым жыхарам сувязі з партызанамі, якім яны дапамагалі. У сакавіку 1943 года вёску Зыбайлы, якая тады налічвала 42 двары і 260 жыхароў, спалілі.

    Вёска Зыбайлы адна з тых, што аднавілася з попелу пасля вайны. Але зараз, на жаль, тут пражывае ўсяго пяць чалавек. Трагічныя падзеі той вясны заўсёды будуць жыць ва ўспамінах нашчадкаў.Дырэктар ДУА “Воленская СШ” Аляксандр Вакуліч, звяртаючыся да моладзі, адзначыў, што на сучасным этапе сусветная супольнасць забылася на ўрокі, паднесеныя той жудаснай вайной. І сёння ў свеце павялічваецца колькасць краін, дзе ідуць баявыя дзеянні, дзе па-ранейшаму гінуць мірныя жыхары. Таму галоўная задача сучаснага пакалення нашай краіны — зрабіць усё магчымае, каб не дапусціць паўтарэння той жудаснай трагедыі і свята берагчы мір.

    Хвілінай маўчання была ўшанавана памяць закатаваных тут мірных жыхароў. У памяць аб ахвярах трагедыі ў вёсцы Зыбайлы і ўсіх жыхароў вялікіх і малых вёсак, жыццё якіх было абарвана фашысцкімі катамі, да мемарыяла былі ўскла-дзены вянкі. Не змаўкаюць званы памяці, плачуць яны над лёсамі спаленых вёсак. Плыве жалобны звон не змаўкаючы. Нібы напамін пра нашых загінуўшых землякоў у тым вогненным пекле вайны, як покліч, што адрасаваны нам, сённяшняму пакаленню, — каб радаваліся міру на зямлі і бераглі яго.

    Ганна Ільяшэвіч, фота аўтара. 

    Автор: Ганна ІЛЬЯШЭВІЧІвацэвіцкі веснік

Комментарии (0)