29 Марта, 2024 Пятница

Там, дзе рай для душы

  • 20 марта 2018 Общество Беларуская 0

    Каб дабрацца да мястэчка Ліпава, ад Кобрына трэба праехаць немалую колькасць кіламетраў, ды і збочыўшы згодна з указальнікам з цэнтральнай дарогі, у рамантычнага падарожніка ёсць яшчэ час наталіцца прыгожымі малюнкамі беларускіх краявідаў, што адзін за адным прамільгаюць за вокнамі аўтамабіля. Гаспадары аграсядзібы “Ціхі край”, што нездарма знайшла свой прытулак менавіта ў гэтым мястэчку, Андрэй і Ірына Шынкарук ветліва сустракаюць мяне на падворку.

    Сваю аграсядзібу яны параўноўваюць з гадавалым дзіцём (“Ціхі край” у канцы студзеня адзначыў свой першы год нараджэння), якое нягледзячы на тое, што нядаўна толькі ўстала на ногі, не баіцца цяжкасцяў і ўпэўнена глядзіць у будучыню.

    — Ідэя адкрыць уласную справу, якая  была б аддушынай і для сябе, і прыносіла б радасць іншым людзям, і, магчыма, стала спадчынай для  нашых дзяцей,  узнікла даўно, — распачынае размову Андрэй Іванавіч. – Праўда, ніхто з блізкіх асабліва не верыў, што мы з жонкай зможам яе рэалізаваць.

    Андрэй і Ірына разам 15 гадоў. За гэты час у іх сям’і нарадзілася чацвёра дзяцей. Старэйшай Дашы 13 гадоў — яна ўжо паўнапраўная памочніца, а малодшаму Лёвачцы толькі сем месяцаў.

    Як заўважаюць гаспадары, яны ніколі не жылі на шырокую нагу. Самі выраслі ў вялікіх сялянскіх сем’ях, таму з дзяцінства ведаюць  цану кожнай заробленай капейкі. Пры першай магчымасці купілі ў брата жонкі невялікі кавалак зямлі з хатай ва ўтульным мястэчку Ліпава, недалёка  ад роднага Дзівіна, і паступова пачалі ўвасабляць сваю ідэю ў жыццё.

    Укласці частачку душы і культуры сваіх продкаў у распачатую справу, а пра самабытнасць дзівінскай старонкі ведаюць многія, на маю думку і  згодна з тымі водгукамі, што пакідаюць пасля сябе  не толькі беларускія госці, але і ўкраінцы, расіяне, палякі, чэхі, аўстрыйцы, гаспадарам ўдалося.

    — Напэўна, адыграла сваю ролю выхаванне, заснаванае на любві да роднай зямлі. Я не раз быў ва Украіне, Расіі, мяне цікавіць быт суседніх народаў, але жадання там пусціць свае карані ніколі не ўзнікала. “Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся”, — простая, усім вядомая, але вельмі трапная прыказка, якую не раз паўтаралі мне ў дзяцінстве бацькі, — заўважае Андрэй  Іванавіч.

    — На гэтым прынцыпе і мы сваіх дзецяй выхоўваем, –дадае Ірына Якаўлеўна. – Родная зямля заўсёды пракорміць і наталіць духоўна. 

    Для Ірыны з Андрэем вялікая дапамога  — уласная гаспадарка: карова, свінні, куры. Таму нацыянальныя стравы, вялікую колькасць рэцэптаў якіх гаспадыня захавала ад сваіх бабуль, гатуе з натуральных, дамашніх прадуктаў.

    Аглядаючы пятае “дзіця” сям’і Шынкарук, адчуваю тое цяпло, якое ідзе ад старэнькіх камодаў, якім далі новае жыццё ўмелыя рукі, ад даматканых дываноў, сурвэтак з беларускім арнаментам, сасновых сцен. 

    — Дзе вы такую прыгожую драўляную мэблю купілі? — праводзячы рукою па  ўзорнай шафе, што стаіць у адным з пакояў, задаю пытанне  гаспадарам.

    — Увесь інтэр’ер — справа ўласных рук, – з гордасцю заўважае Андрэй, паглядаючы на жонку. Я вырабляю, а Ірына надае столікам, шафам, ложкам прыгажосць, пакрывае іх лакам.

    На заўважанні, дзе і калі паспела навучыцца гаспадыня такому майстэрству, Ірына дастае балгарку:

    — Вось мой лепшы сябар, а яшчэ – мора фантазіі ў галаве. Нейкіх спецыяльных навыкаў няма. Праўда, калісьці ў дзяцінстве мроіла пра мастацтва.

    Дзень гэтай маладой працавітай сям’і пачынаецца вельмі рана, а заканчваецца далёка пасля таго, як апошнія промні  сонца схаваюцца за верхавінамі сосен, што ахоўваюць спакой гэтага ўтульнага мястэчка для тых, хто, змарыўшыся ад штодзённай мітусні, аднойчы захоча схавацца ад чужых назойлівых поглядаў і адпачыць душой і целам у “Ціхім краі”.

    НА ЗДЫМКАХ аўтара: гаспадары аграсядзібы; увесь інтэр’ер выраблены сваімі рукамі.

     

    Автор: Алена БакунКобрынскі веснік

Комментарии (0)