19 Октября, 2021 Вторник

10 з 20 без тэхагляду. Колькі на дарогах патэнцыйна небяспечных аўто?

  • 22 марта 2018 Общество Русский 0

    Сёння на слыху праблема праходжання тэхагляду: справа ў тым, што каля паловы аўтаама­тараў стараюцца пазбегнуць гэтай працэдуры. Магчыма, у хуткім часе выяўляць такіх парушальнікаў будуць з дапамогай камер фотафікса­цыі: іх плануюць перавесці з падзейнага рэжыму на бесперапынны. Ці гатовыя нашы вадзіцелі да такога татальнага кантролю? Карэспандэнт «Р» выйшла ў рэйд і даведалася, колькі на вуліцах машын без ТА.

    Разам з дзяржаўтаінспектарамі заступаю на службу — буду дзяжурыць уначы і днём. 22.00, машын на дарогах становіцца менш. Далучаюся да экіпажа Дзмітрыя Зямцова, інспектара ДПС АДАІ Ленінскага РУУС Мінска. Едзем на першую кропку: пачатак Партызанскага праспекта. Міма нас кожную секунду праязджаюць аўтамабілі: вочы разбягаюцца, каго спыніць?

    — Тут няма алгарытму: парушаюць і пачаткоўцы, і вадзіцелі са стажам, — распавядае інспектар. — І не важна, якая машына: дарагая, ці гэта аўто сярэдняга класа. Прычыны ва ўсіх розныя. Адны каюцца, што проста не паспелі своечасова прайсці тэхагляд. Іншыя сцвярджаюць, што грошай не назбіралі — як ні дзіўна, часцей за ўсё так апраўдваюцца гаспадары элітных мадэляў аўто.

    Інспектар просіць прыпаркавацца да абочыны старэнькі «Жыгуль». Пенсіянер без лішніх пытанняў прад'яўляе дакументы: усё ў парадку. Запрыкмеціўшы журналіста, кажа: «Бяспека вышэй за ўсё. Нават у думках не было праігнараваць працэдуру праходжання тэхагляду». Жадаем яму добрай дарогі і зноў з агульнага патоку выбіраем машыну. Вадзіцель «Аўдзі», убачыўшы ДАІ, адразу занерваваўся.

    — Я даўно збіраўся, але ўсё не атрымлівалася. То справы сямейныя, то працы шмат, — пачынае апраўдвацца. Не выратавала — інспектар ДАІ выпісвае штраф у памеры адной базавай велічыні. Калі вадзіцель не аплаціць яго на працягу 30 сутак, сума вырасце ўдвая.

    Праходзіць гадзіна, і дарогі прыкметна пусцеюць. Правяраем наяўнасць адзнакі аб тэхаглядзе ў вадзіцеляў яшчэ пяці машын — усе яны, як аказалася, свядомыя грамадзяне. А вось і чарговы парушальнік: малады чалавек за рулём «Рэно» едзе дадому.

    — Вінаваты, прызнаю, — нават не спрабуе адкруціцца. — Які будзе штраф?

    Пачуўшы, што прыйдзецца аплаціць 24,5 рубля, прыкметна весялее:

    — Гэта яшчэ па-боску. Добра, што пакаранне не суровае — сума пасільная.

    ...У 7 гадзін раніцы на дзяжурства заступае іншы экіпаж ДАІ. Васіль Зуёнак, старшы інспектар ДПС АДАІ Ленінскага РУУС Мінска, прапануе спыніцца на праспекце Ракасоўскага. Дзесяць хвілін я спрабую на вока вызначыць, у якой машыны няма пройдзенага тэхагляду, але дарэмна. Усе вадзіцелі, каго мы прасілі прад'явіць дакументы, своечасова прайшлі ТА. Чаго не скажаш пра маладога чалавека, які на грузавой машыне «Мерседэс» ехаў на працу.

    — Я заўсёды праходжу ТА своечасова, глядзіце, — мужчына паказвае дакумент. — У гэты раз нешта затрымаўся, прабачце. Штраф аплачу, сёння ж.

    Дарэчы, адзнака аб праходжанні тэхагляду грузавіка павінна была стаяць у кастрычніку мінулага года. Прайшло паўгода — відавочна, вадзіцель нават не збіраўся нічога прадпрымаць. Васіль Зуёнак тлумачыць: гэта даволі распаўсюджаная з'ява, калі аўтааматары вырашаюць катэгарычна ігнараваць ТА. Бывае, тэхагляд не праходзяць два, тры, чатыры і нават пяць гадоў запар. Такія паводзіны нярэдка прыводзяць да вялікіх трагедый.

    Успамінаем нядаўнія выпадкі: у канцы мінулага года ў адным толькі Мінску былі дзве гучныя аварыі з удзелам грузавых аўтамабіляў. У першым выпадку ЗІЛ, у якога адказалі тармазы, заехаў у натоўп людзей на пешаходным пераходзе ля ГЦ «Замак»: загінула 11-гадовая дзяўчынка, іншыя людзі атрымалі траўмы. У другога грузавіка адарвалася кола, выскачыла на тратуар і траўміравала пешахода.

    — Вадзіцелі часта апраўдва­юц­ца: не паспелі, забыліся прайсці тэхагляд. Шмат каму здаецца, што гэта проста фармальнасць. Аўтаўладальнікі часта ўпэўненыя, што самі могуць аб'ектыўна ацаніць стан сваёй машыны. Але гэта не так: шматлікія сур'ёзныя непаладкі выяўляюцца толькі ва ўмовах дыягнастычнай станцыі з дапамогай спецыяльнага абсталявання і спецыя­лістаў.

    Мой рэйд з інспектарамі ДАІ паказаў: з 20 аўто, якія мы спынілі, палова не мела адзнакі пра пройдзены тэхагляд. Пра што думаюць усе гэтыя людзі?..

    Автор: Юлия ПОПКОРэспубліка
    Теги: 

Комментарии (0)