20 Апреля, 2024 Суббота

Для больных туберкулезом в Молодечно организуют дневной стационар

  • 22 марта 2018 Общество Беларуская 0

    Дзённы стацыянар у гэтай галіне медыцыны-- своеаблівы эксперымент для жыхароў Мінскай вобласці. А ў суботу, 24 сакавіка, у Сусветны дзень барацьбы з туберкулёзам, кожны жадаючы зможа зрабіць флюараграму і адразу атрымаць кансультацыю ўрача.

    Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, гэта хвароба ўваходзіць у дзясятку вядучых прычын смерці на планеце. У Беларусі існуе Дзяржаўная праграма «Туберкулёз», разлічаная да 2020 года, да ажыццяўлення якой далучыўся і наш дыспансер. Асноўныя яе мэты –закуп прэпаратаў, падтрымка хворых і рэабілітацыя. Нядаўна праблема абмяркоўвалася і на медыцынскім форуме ў Мінску, у якім прыняла ўдзел загадчыца Маладзечанскага супрацьтуберкулёзнага дыспансера Тамара Навіцкая.

    — Надзвычай важны аспект – пераканаць хворых, што ім патрэбен поўны курс лячэння, бо яно вельмі працяглае (доўжыцца два гады), з мноствам пабочных эфектаў, і не кожны вытрымлівае яго, — зазначае ўрач. – Прэпараты, дарэчы, выкарыстоўваюцца пераважна беларускай вытворчасці. Мы прытрымліваемся спосабаў лячэння, якія апрабаваныя ў свеце. Дзяржаве курс лячэння аднаго пацыента абыходзіцца прыкладна ў дзесяць тысяч долараў. Акрамя гэтага, для хворых прадугледжаны харчовыя пайкі з высокакаларыйнымі прадуктамі, неабходнымі ў іх рацыёне, каб падтрымаць здароўе.  

    Сітуацыя стабільная

    Летась на Маладзечаншчыне на туберкулёз захварэлі 38 чалавек: 16 рабочых і служачых, 13 беспрацоўных, 8 пенсіянераў і адна навучэнка. Наогул, у нашым раёне 82 жыхары з гэтай інфекцыяй, пераважна мужчыны 35-50 гадоў, якія злоў-жываюць цыгарэтамі і спіртным.

    Сітуацыя з захворваемасцю на Маладзечаншчыне даволі стабільная. Калі звярнуцца да статыстыкі па краіне, то найгоршая яна ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях, на што ўплывае актыўная міграцыя насельніцтва. У гэтых рэгіёнах нярэдка фіксуюцца «прывазныя» выпадкі інфекцыі. У Мінскай вобласці складаная сітуацыя ў Жодзіне і Салігорску, дзе туберкулёз выяўляецца разам з ВІЧ.

    Дарэчы, у сталічным рэгіёне супрацьтуберкулёзныя дыспансеры адкрытыя ў Слуцку, Барысаве і Маладзечне, у  іншых райцэнтрах ёсць толькі адпаведныя кабінеты пры ўстановах аховы здароўя. Менавіта ў нашым горадзе арганізуюць дзённы стацыянар.

    — Хворыя на туберкулёз вымушаны працяглы час знаходзіцца ў бальніцы. Цяпер у іх з’явіцца альтэрнатыва амбулаторнага лячэння, калі не будзе жорсткіх абмежаванняў неабходнасці закрытага стацыянара. Такая практыка ў краіне ўжо ёсць. У нашым дыспансеры добраўпарадкуецца памяшканне на пяць ложкаў, — гаворыць загадчыца ўстановы. – Наогул, хворыя на туберкулёз акрамя штодзённага прыёму прэпаратаў штомесяц павінны здаваць пэўныя аналізы і кожныя тры месяцы на працягу лячэння праходзіць рэнтгеналагічнае абследаванне.

    Што з флюраграмай?

    Флюраграфія --  адзіны надзейны спосаб выяўлення інфекцыі, якая практычна не мае сімптомаў.

    Штогадовае абавязковае праходжанне флюараграмы ў нашай краіне прадугледжана толькі некаторым катэгорыям насельніцтва – напрыклад, тым, хто стаіць на адпаведным уліку ў дыспансеры (а таксама знаходзіцца на пастаянным кантролі ў нарколага або псіхіятра), мае захворванні страўнікава-кішачнага тракту, працуе ў шкодных умовах (у моцным задымленні, на швейнай пуховай вытворчасці, займаецца зварачнымі работамі і інш.), работнікам малочнатаварных ферм. Асаблівая ўвага надаецца і тым, хто вяртаецца з месцаў пазбаўлення волі. Тым не менш, астатнім катэгорыям рэкамендуецца праходзіць флюараграфію раз на год, калі няма іншага назначэння ўрача.  

    — Як сцвярджае гісторыя, у ХІХ стагоддзі туберкулёз лічыўся хваробай арыстакратаў, пакутаваць ад якой было… модна. Сёння ўсім вядома, што для гэтай інфекцыі не існуе ўзросту, полу, сацыяльных адрозненняў. У наш час яна, на жаль, працягвае забіраць чалавечыя жыцці, — заўважае Тамара Навіцкая. – Лепшы «сродак» ад смяротнай хваробы – веды, прафілактыка і здаровы лад жыцця. Напэўна, мала хто ведае, што пры выяўленні інфіцыраванага чалавека даводзіцца абследаваць усіх, з кім ён апошнім часам меў стасункі, каб выключыць туберкулёз і ў іх. А гэта сям’я, сябры, суседзі, калектыў, у якім ён працуе ці вучыцца. Іншым разам у полі зроку аказваюцца дзясяткі людзей. Прычым пацыент не заўсёды пагаджаецца адразу прыгадаць свае кантакты. Многія проста саромеюцца.

    З нагоды Сусветнага дня барацьбы з туберкулёзам 24 сакавіка з 9.00 да 14.00 кожны жадаючы можа абследавацца ў супрацьтуберкулёзным дыспансеры, а з 11.00 да 14.00 — пракансультавацца ва ўрача.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Ірына РАБУШКАМаладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)