17 Апреля, 2024 Среда

Тунэль паміж станцыямі "Вакзальная" і "Юбілейная плошча" практычна гатовы

  • 29 марта 2018 Общество Русский 0

    Трэцюю лінію мінскага метро будуюць каля чатырох гадоў. Працуюць у хуткім тэмпе, бо рух па некалькіх новых станцыях плануюць запусціць ужо ў 2020 годзе. Механізаваны тунэлепраходчы комплекс «Алеся» прайшоў пад зямлёй адзнаку ў 1400 метраў ад станцыі «Вакзальная» да станцыі «Юбілейная плошча». На «Вакзальнай» ужо з'явіліся абрысы будучага наземнага вестыбюля станцыі, а на вуліцы Кіжаватава поўным ходам ідзе вынас інжынерных сетак. На станцыях, якія будуюцца, пабывала карэспандэнт «Рэспублікі».

    Перш за ўсё адпраўляемся на вуліцу Кіжаватава. Тут рыхтуюць тэрыторыю для будаўніцтва станцый «Немаршанскі сад» і «Слуцкі гасцінец». Поўным ходам ідзе вынас інжынерных сетак. Горад літаральна спаласаваны імі пад зямлёй. Інжынерныя сеткі, якія аказваюцца на шляху тунэлепраходчага шчыта, адносяць убок. Толькі на гэтым участку штодзень занята каля ста чалавек.

    — Работы ідуць па плане, — сустракае мяне на аб'екце намеснік галоўнага інжынера УП «Мінскметрабуд» Сяргей Лагоўскі. — Мы выкарыстоўваем устаноўкі для гарызантальна накіраванага шнэкавага бурэння. Яны дазваляюць праходзіць вуліцы без раскопак, гэта значыць, не ствараючы нязручнасцей для аўтамабілістаў і пешаходаў.

    Пакуль адны рабочыя заняты пераносам інжынерных сетак, другія разбіраюць пуцеправод на вуліцы Кіжаватава насупраць Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Выкананы аб'езд па першым этапе рэканструкцыі. Амаль палова пуцеправода дэманціраваная. Калі работы скончаць, аўтатранспарт пусцяць па выкананых канструкцыях і пяройдуць да разборкі другой паловы пуцеправода.

    Наступны пункт у нашым маршруце — 48-ы пікет. Так метрабудаўцы называюць участак другога пускавога комплексу трэцяй лініі метро ў раёне станцыі «Кавальская слабада». Тут два тунэлепраходчыя шчыты ШЧН-1С пачалі праходку ў бок вуліцы Каржанеўскага.

    На самой станцыі «Кавальская слабада» поўным ходам ідуць аддзелачныя работы.

    — Сцены і падлога падземных пераходаў платформеннага ўчастка і касавай залы ў асноўным ужо абліцаваныя. Паралельна завяршаюцца тынковачныя работы. Неўзабаве ўстановім дзверы ў тэхнічных памяшканнях. У бліжэйшы час тут пачнуць мантаж абсталявання ў СЦП, — заўважаючы мой недасведчаны погляд, Сяргей Лагоўскі тлумачыць: — СЦП — гэта сумешчаная цягавая падстанцыя з абсталяваннем, якое забяспечвае станцыю і рух цягнікоў.

    На платформе не хапае толькі аднаго рада пліт уздоўж пуцей. Аказалася, хутка тут з'явіцца яшчэ адна навінка будучых станцый метро — ахоўныя экраны па краі платформы. Яны будуць адчыняцца сінхронна з дзвярамі вагона цягніка, які прыбывае на станцыю. Гэта павінна цалкам выключыць выпадковыя падзенні пасажыраў на рэйкі.

    У гэтым годзе плануецца завяршыць праходку тунэлепраходчага механізаванага комплексу «Алеся» па левым тунэлі ад станцыі «Вакзальная» да станцыі «Кавальская слабада».

    Дарэчы, пра «Вакзальную». Гэта адно з самых складаных збудаванняў метрапалітэна. Станцыя фактычна ўключае ў сябе тры паверхі: наземны вестыбюль, пасажырскую платформу з тунэлямі для электрацягнікоў і на самым нізкім узроўні — злучальныя пешаходныя тунэлі з першай лініяй метро. Гэта будзе першая ў Мінску станцыя з наземным вестыбюлем. Ім метрабудаўцы плануюць заняцца ўжо ў гэтым годзе. Гаворка ідзе пра ўстаноўку ўваходных груп, уцяпленне і шкленне шклопакетамі.

    Канструкцыі «Вакзальнай» плануюць увязаць з канструкцыямі гандлёва-забаўляльнага цэнтра «Мінск Сіці Мол». Зараз прапрацоўваюцца варыянты ўвязкі абодвух аб'ектаў. У бліжэйшы час на станцыі «Вакзальная» плануюць пачаць закладку падмурка для эскалатараў. Завяршаецца будаўніцтва падмуркаў для травалатараў. Паралельна ўладкоўваюць размеркавальную залу. Яна злучыць пешаходныя тунэлі з першай лініі на трэцюю.

    Неўзабаве чакаецца пастаўка абсталявання для травалатараў. Гэта гарызантальныя аналагі эскалатараў, падобныя на тыя, што ўстанаўліваюць у аэрапортах. Травалатары будзе два. Адзін даўжынёй 252 метры, другі — 170 метраў. Імі абсталююць пераходы паміж «Вакзальнай» і «Плошчай Леніна». Травалатары рухаюцца з хуткасцю каля шасцідзесяці сантыметраў у секунду, гэта значыць практычна з хуткасцю чалавечага кроку. Жадаючыя прайсціся без старонняй дапамогі змогуць зрабіць гэта па баках травалатара.

    Тым часам на станцыі «Плошча Францішка Багушэвіча» фарміруюць катлаван і ўмацоўваюць барты. Паралельна будуюць пешаходныя пераходы. Дарэчы, драўляныя шпалы больш не выкарыстоўваюць. Замест іх кладуць вібраізаляцыйныя блокі. Яны дазваляюць знізіць узровень вібрацыі ад цягніка. Таксама фарміруюцца тунэлі ў катлаванах на вуліцы Мельнікайтэ.

    Будаўнічыя работы вядуцца паралельна на ўсіх чатырох станцыях участка трэцяй лініі метро ад «Юбілейнай плошчы» да «Кавальскай слабады». На будоўлі задзейнічана каля дзвюх тысяч чалавек. Людзі працуюць у кругласутачным рэжыме, без выхадных. Працы шмат! Згодна з планам, агульная працягласць трэцяй лініі метро перавысіць 17 кіламетраў. Гэта 14 станцый.

    Автор: Инна ГОРБАТЕНКОРэспубліка

Комментарии (0)