28 Марта, 2024 Четверг

Каго залічаць у профільны клас?

  • 29 марта 2018 Общество Беларуская 0

    Пастановай Міністэрства адукацыі ад 3 сакавіка 2018 года № 10 унесены змяненні і дапаўненні ў Палажэнне аб установе агульнай сярэдняй адукацыі.

    — Гэты дакумент прымаўся яшчэ ў 2011 годзе, таму была неабходнасць яго адкарэктаваць з улікам многіх новых абставін і прывесці ў адпаведнасць з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб прыёме ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі і навучанні ў іх», — растлумачыла начальнік галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Святлана УКЛЕЙКА.

    У прыватнасці, цяпер у палажэнні зафіксаваная магчымасць навучання ў класах з вывучэннем асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні (раней у дакуменце гэтага пункта не было). Прычым такія класы ці групы могуць стварацца ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі не толькі на трэцяй, але і на другой ступені адукацыі. Для таго каб прэтэндаваць на залічэнне ў профільны клас на старшай ступені школы (10—11 класы), трэба мець сярэдні бал пасведчання аб агульнай базавай адукацыі не ніжэй за 6 балаў, а па вучэбных прадметах, што будуць вывучацца на павышаным узроўні, не менш за 7 балаў.

    — Для старшай ступені школы нічога не змянілася — такія ж патрабаванні для залічэння ў класы з павышаным узроўнем вывучэння асобных прадметаў дзейнічалі і раней, — удакладніла Святлана Уклейка. — А на другой ступені навучання конкурсны адбор у класы, дзе пэўныя прадметы будуць вывучацца на павышаным узроўні, увогуле не прадугледжаны. Не будзе больш экзаменаў і ў пятыя класы гімназій. Вучні, якія атрымалі пачатковую адукацыю ў гімназіях і гімназіях-інтэрнатах, па жаданні могуць працягнуць навучанне ў тых жа ўстановах на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Але ёсць адзін нюанс: прыём асоб для атрымання базавай адукацыі ў гімназіях-каледжах мастацтваў будзе ажыццяўляцца па конкурсе на падставе праверкі іх здольнасцяў у галіне асобных відаў мастацтва. Гэта значыць, што творчае выпрабаванне для іх застаецца, а мову і матэматыку яны больш не здаюць.

    Тыя, хто скончыў дзевяць класаў у гімназіі, змогуць і далей — без іспытаў і праверкі творчых здольнасцяў — працягнуць навучанне ў 10-м і 11-м класах. Здараецца, што ў дзясятым класе ў гімназіях з'яўляюцца свабодныя месцы. Тых, хто будзе на іх прэтэндаваць, чакаюць два ўступныя экзамены па прадметах, якія тут вывучаюцца на павышаным узроўні (экзамены прадугледжваліся і раней). Гэта можа быць дыктант, дыктант з граматычным заданнем, тэставыя заданні, кантрольная работа ў пісьмовай форме, тэарэтычныя пытанні для правядзення экзамену ў вуснай форме, тэарэтычныя пытанні і практычныя заданні для правядзення ўступных іспытаў пры спалучэнні вуснай і практычнай формаў. Тэрмін правядзення экзаменаў — з 2 па 12 жніўня.

    Экзамены ў 10-ы клас ліцэяў будуць арганізаваныя з 16 па 20 чэрвеня. Будучыя ліцэісты здаюць два ўступныя іспыты з ліку вучэбных прадметаў, вызначаных вучэбным планам для вывучэння на павышаным узроўні. Гэта могуць быць не толькі матэматыка і фізіка ці матэматыка і інфарматыка, а, напрыклад, матэматыка і хімія.

    Таксама Святлана Уклейка звярнула ўвагу яшчэ на адзін важны нюанс: дакументы ад бацькоў аб прыёме іх дзяцей у першы клас цяпер будуць прымацца не з 2 чэрвеня, як было раней, а з 12 чэрвеня па 28 жніўня. Паколькі ў першай дэкадзе месяца ва ўстановах адукацыі ідуць выпускныя экзамены, праходзяць выпускныя вечары, было вырашана пасунуць гэты тэрмін, каб не ўскладаць на педагагічны калектыў залішнюю нагрузку.

    Автор: Надзея НікалаеваЗвязда

Комментарии (0)