28 Марта, 2024 Четверг

«Стильные линии», или Как пружанские швеи питерских модниц одевают

  • 09 апреля 2018 Общество Беларуская 0

    У 2017 годзе ў раёне было зарэгістравана 12 новых прадпрыемстваў, на якіх створана звыш 200 працоўных месцаў. Безумоўна, не ўсе прыватныя прадпрыемствы адразу пачалі работу, некаторыя знаходзяцца яшчэ на стадыі вырашэння арганізацыйных пытанняў. Але ёсць і такія, што актыўна ўзяліся за працу, і сярод іх — прыватнае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «Стыльныя лініі», якое займаецца выпускам гатовага адзення пад заказ юрыдычных асоб.

    — Для нас спрыяльна склаліся абставіны, дзякуючы якім мы атрымалі выдатную базу для паспяховага старту,— расказвае заснавальнік маладой кампаніі С.П.Вакульчык.

    ПВУП «Стыльныя лініі» было зарэгістравана ў верасні мінулага года, а запрацавала вытворчасць на пачатку кастрычніка. Пераадолець пачатковы перыяд станаўлення за такі кароткі тэрмін удалося дзякуючы некалькім фактарам. Як расказвае Сяргей Пятровіч, па-першае, значную дапамогу ў пераадоленні арганізацыйных выпрабаванняў аказалі мясцовыя ўлады, якія актыўна падтрымалі жаданне бізнесмена наладзіць вытворчасць. Па-другое, С.П.Вакульчык ужо меў вопыт падобнай работы: ён узначальваў філіял адной з брэсцкіх фірмаў, якая раней займалася такім жа відам дзейнасці ў нашым райцэнтры.

    — І хоць гэтая арганізацыя спыніла сваю работу ў Пружанах, засталіся і прыстасаванае памяшканне, і падрыхтаваныя спецыялісты,— працягвае Сяргей Пятровіч.— Людзі былі вымушаны зноў шукаць работу, звярталіся да мяне з прапановай стварыць новае, цяпер ужо самастойнае, швейнае прадпрыемства.

    Гатовае памяшканне і кваліфікаваныя кадры сталі трэцім станоўчым фактарам, што паспрыяў рэалізацыі задумы па адкрыцці ўласнай справы. У дадатак ад былой работы ў прадпрымальніка засталіся дзелавыя сувязі, што сталі трывалым падмуркам для першых крокаў.

    Аднак, як гаворыць прадпрымальнік, нягледзячы на гэтыя акалічнасці, даводзіцца пераадольваць іншыя цяжкасці, якіх магло б і не быць. У якасці самай галоўнай перашкоды, на якую трэба траціць нямала працоўнага часу, Сяргей Пятровіч называе дакументаабарот папер: штомесяц неабходна рыхтаваць справаздачы ў розныя кантралюючыя органы. Прычым справа строга рэгламентавана па тэрмінах, па інфармацыі, нават па правільнасці перадачы звестак на паперу.

    — Каб гэтай работы было менш, то працаваць было б значна лягчэй,— падкрэслівае дырэктар.

    Работа маладога прадпрыемства, як зазначае яго кіраўнік, даволі запатрабаваная. Геаграфія заказаў, якія сюды паступаюць, ахоплівае не толькі Брэстчыну: наладжваюцца кантакты з Масквой і Санкт-Пецярбургам. Напрыклад, у культурную сталіцу Расіі напярэдадні навагодніх святаў ПВУП «Стыльныя лініі» адправіла партыю карнавальных убораў, якія былі высока адзначаны заказчыкам.

    Па словах С.П.Вакульчыка, нягледзячы на тое, што прадпрыемства яшчэ не адзначыла першую гадавіну, ужо бачныя рэальныя перспектывы. Яны спрыяюць будаванню далейшых планаў па росце і пашырэнні вытворчасці. На сённяшні дзень на швейным прадпрыемстве задзейнічана 11 чалавек, якім, з улікам заказаных аб’ёмаў, у студзені даводзілася працаваць нават у выхадныя дні.

    Паралельна Сяргей Пятровіч бачыць неабходнасць адкрыцця ў Пружанах магазіна швейнай фурнітуры, у чым атрымаў падтрымку з боку пастаўшчыка адпаведнай прадукцыі. І гэта задумы толькі на бліжэйшую будучыню.

    Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

    Автор: Алег СідарэнкаРаённыя будні

Комментарии (0)