25 Апреля, 2024 Четверг

«Уладар сяла»: хто паедзе на вобласць?

  • 11 июля 2018 Общество Беларуская 0

    Цяжкая праца ў вяскоўцаў. Але, як кажуць, не хлебам адзіным жыве чалавек. Умеюць яны і спяваць, і танцаваць, ствараюць сваімі рукамі прыгожыя сувеніры. А што тычыцца кулінарных страў, то многія гарадскія гаспадыні могуць ім пазайздросціць. Напрыклад, на святочным стале сям’і Паўла і Таццяны Несцерчукоў з Краснага побач з традыцыйнымі беларускімі закускамі і напіткамі былі іншыя стравы, сярод якіх і папулярная цяпер страва японскай кухні — сушы.

    — Усё, што на стале, мы прыгатавалі разам, — расказала гаспадыня. — Дзеці і муж мне заўсёды дапамагаюць ва ўсім. Мы ўвогуле дружная сям’я. Усё робім разам, і адпачываем таксама. Таму ніколі не сумуем.  

    Сёлета асаблівасць конкурсу ў тым, што супаў ён з Міжнародным днём сям’і, любові і вернасці. Гэтай тэме прысвяцілі сваю творчую «візітную картку», якая называлася «Вітаем па-беларуску», усе ўдзельнікі. Дарэчы, змагаліся за права ўдзельнічаць у абласным этапе чатыры сям’і. Сапернікамі гаспадароў раённага конкурсу Паўла і Таццяны Несцерчукоў былі сем’і Наталлі і Міхаіла Ігнатовічаў з Відзеўшчыны, Івана і Таццяны Дзяўго з Дубрава, Міхаіла і Ірыны Хацяевых з Аляхновіч. І дзецям, і бацькам трэба было прайсці шмат выпрабаванняў. Наперадзе іх чакалі конкурсы, дзе яны паказалі свае спартыўныя і гаспадарчыя здольнасці: уменне хутка запрэгчы і распрэгчы каня, змайстраваць лаўку, запоўніць бак вадой, аба-

    браць бульбу і інш.

    Падтрымаць сваіх прадстаўнікоў прыехалі сваякі, сябры і знаёмыя ўдзельнікаў. Зразумела, найбольш прадстаўнічай была група падтрымкі гаспадароў спаборніцтваў. Але не менш дружнымі і актыўнымі аказаліся і суседзі з Відзеўшчыны. Іх сямейныя каманды і вялі барацьбу за першае месца.

    Не менш паспяхова выступалі іншыя ўдзельнікі. Варта адзначыць, што кожная сям’я мела сваю «изюминку», вызначалася самабытнасцю, непаўторнасцю. І журы, безумоўна, нялёгка было вызначыць пераможцу.

    Так, на сцэне не было роўных сям’і Хацяевых. Прысутных асабліва ўразілі песні ў выкананні Ірыны і яе дачок Анастасіі і Вікторыі, якія яны прысвяцілі сямейным каштоўнасцям. Таму не стала нечаканасцю, калі ў намінацыі «Самая музычная сям’я» перамога была прысуджана менавіта ўдзельнікам з Аляхновіч.

    Ганаровае званне «Самая ўмелая сям’я» атрымалі Іван і Таццяна Дзяўго з сынам Андрэем.

    У барацьбе за галоўны прыз перамагла сям’я Ігнатовічаў, у камандзе якой акрамя бацькоў былі ўсе іх дзеці — 18-гадовая Наталля, дзевяцігадовы Улад, сямігадовая Даша, чатырохгадовая Ульяна і нават Мілана, якой толькі споўніліся два месяцы. І хаця яна амаль увесь час была ў калясцы (акрамя першага конкурсу, калі сям’я выходзіла на сцэну ў поўным складзе), старэйшыя члены сям’і паведамілі, што яе голас сярод іншых у групе падтрымкі быў самы гучны і самы жаданы.

    А гаспадары конкурсу — сям’я Несцерчукоў з Краснага, якія выступалі разам з дзецьмі Аляксандрам, Ксеніяй і Ангелінай, сталі пераможцамі ў намінацыі «Самая дружная сям’я».

    У гонар пераможцаў, усіх удзельнікаў конкурсу гучалі песні, вершы. Свае лепшыя танцавальныя нумары дарылі прысутным юныя ўдзельнікі мясцовай харэаграфічнай студыі. Мерапрыемства ператварылася ў сапраўднае свята, а яго ўдзельнікі яшчэ раз нагадалі, што няма больш моцнага саюза, чым шчаслівая, дружная сям’я.

    Фота: АЎТАР.

    Автор: Вячаслаў ТАБУЛІН.Маладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)