27 Апреля, 2024 Суббота

Паланэз вяртання на Радзіму

  • 04 февраля 2015 Культура Русский 0

    Няма, напэўна, такой дзяўчынкі, якая б не марыла трапіць на цудоўны баль. Па тым, як загараюцца  вочы ў маіх сябровак саліднага ўзросту пры напаміне пра баль у “Паўночных Афінах”, я зразумела, што гэта мара ніколі не пакідае жаночае сэрца. Не ва ўсіх, як у казачнай Папялушкі, ёсць мецэнатка-Хросная, што падорыць сукенку, пальчаткі і туфелькі (каб не парушаць патрабаванні дрэс-коду). Але хто вельмі хацеў, той не пашкадаваў сродкаў і атрымаў сапраўдную асалоду ад наведвання балю ў музеі-сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі.

    Згадваючы пра балі ў князя Агінскага, Ян Баршчэўскі ў сваёй кнізе “Шляхціц Завальня” пісаў, што гаспадар запрашаў да сябе заўжды толькі прыстойных гасцей і толькі шляхецкага паходжання, нават калі яны і не дужа багатыя. Па шыкоўных строях і ганарыстых паставах большасці прысутных нельга было вызначыць іх радаслоўную, тым не менш, па таму, як усе кінуліся танчыць паланэз і мазурку, мне падалося, што я адзіная тут сялянка. Запрасіўшы мяне на паланэз, яснавяльможны пан Зянон Грышкевіч (а «в миру» старшыня Залескага сельсавета Зянон Зянонавіч) увесь час тактоўна стрымліваў мой імпэт, не абмежаваны бальным статутам. 

    У атмасферы шляхетнай вытанчанасці, салоннай музыкі, прыгожых стасункаў паступова пачынала адчуваць сябе што называецца “ў тэме”. І ўжо хацелася звяртацца да прысутных тут намесніка старшыні райвыканкама Генадзя Бычко, яго галоўнай памочніцы ў арганізацыі імпрэзы Таццяны Ражэвай, дырэктара дабрачыннага фонду “Паўночныя Афіны М. К. Агінскага” Алы Шыцікавай не па імені па бацьку, а менавіта “пан” і “пані”. Што да ганаровага грамадзяніна Смаргонскага раёна, знакамітага дыпламата Уладзіміра Шчаснага, то зварот да яго іншым і быць не мог. Але Уладзімір Рыгоравіч, як належыць сапраўднаму дыпламату, сціпла ўладкаваўся ў адтуліне каля сцэны, і па яго твары вопытнага служкі дыпламатычнай музы цяжка было нешта прачытаць. Тым не менш, як адзін з галоўных ініцыятараў і актыўных удзельнікаў рэстаўрацыі палаца, пан Шчасны не мог не адчуваць задавальнення. А наконт яго мар на будучае, то пагадзіўся, што сцэна канцэртнай залы — даволі прыстойнае месца для пастаноўкі п’есы “Фантазія ля-мінор”, і прыгадаў, што прэм’ера п’есы тут адбылася ў пастаноўцы Маладзечанскага драматычнага тэатра яшчэ задоўга да пачатку рамонтных работ. Але артысты адзначылі асаблівую аўру месца, таму ёсць спадзяванне на тое, што маладзечанцы яшчэ не раз парадуюць сваёй творчасцю і дадуць магчымасць аматарам тэатра сустрэцца хоць на падмостках з князем Агінскім і яго акружэннем.

    Не хавалі сваіх эмоцый і захаплення актыўнымі мясцовымі шляхціцамі маршалак, танцмайстар і Павел Калінкоў, кіраўнік клуба “Залатая шпора”, які выконваў ролю Агінскага. Бо маючы вопыт правядзення падобных баляў у Міры і Нясвіжы, яны адзначылі, што нідзе з такой ахвотай не далучаліся да танцавальнай праграмы мясцовыя жыхары. Смаргонцы не толькі танчылі. У сцэнарыі балю былі выступленні смаргонскіх калектываў. Чароўнымі гукамі віталі прысутных удзельніцы народнага струннага ансамбля “Кантрасты”. Старадаўні раманс праспявала Аксана Дагоцкая, а выхаванцы школы мастацтваў імя Агінскага ўразілі прыгожым выкананнем паланэзу, вальса і мазуркі. 

    Кожны знайшоў на балі занятак па душы. Хтосьці танчыў, хтосьці слухаў жывую камерную музыку, хтосьці ўдзельнічаў у шматлікіх конкурсах, а нехта ладзіў асабістую фотасесію на фоне старажытнага інтэр’ера палаца. Можна было далучыцца да кампаніі, што, уладкаваўшыся за спецыяльным сталом пад трыма жырандолямі, развучвала карцёжную гульню віст.

    Ініцыятары і арганізатары балю мелі на мэце не толькі папулярызацыю старажытных бальных традыцый, але і магчымасць прыцягнення дадатковых сродкаў для далейшай рэстаўрацыі палацава-паркавага комплексу ў Залессі. З гэтай мэтай ладзіўся аўкцыён, на якім у якасці лотаў прапаноўваліся вырабы мясцовых майстроў. Трэба было бачыць, з якім азартам змагаліся за права набыцця копіі гравюры Л. Ходзькі мясцовы прадпрымальнік Сяргей Залескі і яснавяльможная пані з Мінска. 

    Усе сродкі, сабраныя падчас правядзення балю, будуць выкарыстаны для набыцця музейных экспанатаў, папаўнення калекцыі і фондаў палаца.

    Чарговы баль мяркуецца правесці восенню, і прымеркаваны ён будзе да юбілею Міхала Клеафаса Агінскага.

    Фота Галіны АНТОНАВАЙ.

    Автор: Ала СТРАШЫНСКАЯСветлы шлях

Комментарии (0)