20 Апреля, 2024 Суббота

Лельчыцкі дзіцячы сад робіць акцэнт на беларускі фальклор

  • 16 февраля 2015 Культура Беларуская 0

    Прывіццё любові да сваёй маленькай радзімы, таго найпрыгажэйшага куточка, дзе нарадзіўся, вырас, атрымаў першыя жыццёвыя ўрокі, пачынаецца менавіта з дзяцінства. Кожны чалавек, у тым ліку і маленькі грамадзянін, павінен ведаць родную мову, культурную спадчыну свайго народа, гераічнае мінулае сваёй краіны, бо гэта нашы карані, нашы вытокі.

    Менавіта аб гэтым ішла размова падчас семінара-практыкума музычных кірайнікоў раёна, які праходзіў у гарадскім дзіцячым садку №5. Яго арганізатары імкнуліся раскрыць змест работы з дзецьмі, педагогамі, бацькамі ў гэтай навучальнай установе па арганізацыі патрыятычнага выхавання падчас творчага засваення музыкі. Асноўны акцэнт быў зроблены на фальклорную культуру — беларускія народныя песні, танцы, гульні, прыпеўкі.

    Яшчэ свята не пачалося, а ўсе госці нібы перанесліся ў мінулае. Асаблівы народны каларыт стваралі з густам падабраныя дэкарацыі  — утульная сялянская хата з печчу, упрыгожаная даматканымі ручнікамі з маляўнічымі ўзорамі-кветкамі, цудоўнымі вышытымі вырабамі, бытавымі прыладамі, якімі карысталіся нашы продкі.

    Адкрыла семінар-практыкум  метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Таццяна Сарнаўская. Яна адзначыла, што дзіцячы сад №5 абраны месцам правядзення семінару не выпадкова — тут ёсць чаму павучыцца і што паказаць, бо работа па адраджэнню нацыянальных традыцый і абрадаў — адзін з асноўных напрамкаў работы калектыву.

    — Многія з’явы дзяцінства чалавек памятае ўсё жыццё, — сказала Таццяна Анатольеўна. — Таму неабходна менавіта ў гэты перыяд знаёміць будучае пакаленне з нашай духоўнай спадчынай, вучыць яго разумець народнае мастацтва, будзіць лепшыя пачуцці прыгожага ў сэрцах хлопчыкаў і дзяўчынак.

    Прадоўжыла пачатую размову намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Алена Акуліч. Алена Васільеўна спынілася на ролі музычнага кіраўніка ў фарміраванні нацыянальнай культуры, зазначыла, што ў яго руках багацейшы матэрыял: і фальклорная творчасць, і абрадавая паэзія.  Дарэчы дзяцей дашкольнага ўзросту лёгка зацікавіць, бо яны дапытлівыя, эмацыянальныя, чыстасардэчныя, адразу адгукаюцца на нешта цікавае, з дзіцячай непасрэднасцю прымаюць актыўны ўдзел у фальклорных святах. Алена Акуліч лічыць, што толькі сумеснымі сіламі і намаганнямі магчыма выхаваць дастойных грамадзян нашай краіны.

    Вопыт работы па тэме семінару прэзентавала намеснік дырэктара дзіцячага сада №5 Святлана Юхневіч. Святлана Віктараўна паведаміла, што ў іх установе вялікае значэнне надаецца развіццю беларускага маўлення, на занятках дзеці знаёмяцца з творамі беларускай літаратуры, адзін раз у тыдзень праводзіцца дзень беларускай мовы. Трэба адзначыць, што выхаванцы садка прыгожа размаўлялі на мілагучнай матчынай мове, было відаць, што ў гэтым накірунку работа праводзіцца сістэматычна.

    Цікава было даведацца, што ў садзе функцыяніруе дадатковая адукацыйная паслуга па дзіцячаму ручному ткацтву, дзякуючы якой хлопчыкі і дзяўчынкі далучаюцца да аднаго з відаў традыцыйнага нацыянальнага мастацтва — ткацтва. Фрагмент такога занятку ўдзельнікі семінару ўбачылі сваімі вачыма. Дзеці нават прадэманстравалі свае працы — яркія і прыгожыя дыванкі, якія яны выткалі самі.

    — Мы прапанавалі бацькам з дочкамі і сынамі прыняць удзел у вырабе сямейнага герба, і яны адгукнуліся, — паведаміла Святлана Юхневіч. — Дзякуй усім. Было вельмі прыемна слухаць дзяцей, як яны дзяліліся сваімі ўражаннямі ад сумеснай з татамі і матулямі працы. Нашы выхаванцы даведаліся аб сямейных традыцыях, важных падзеях сваіх сям’яў, аб іх мінулым. Многія з гонарам распавядалі пра сваіх прадзядуль і прабабуль.  Самае галоўнае, што дзеці даведаліся аб жыццёвых каштоўнасцях, чым жывуць іх бацькі, глыбей пазналі сваю сям’ю, свой радавод

    Вялікае задавальненне, узнёслы настрой прынесла гасцям тэатральна-музычнае прадстаўленне “У госці да цёткі Алены”. Маленькія выхаванцы выйшлі ў прыгожых нацыянальных касцюмах, с прыемнымі ўсмешкамі на тварах і бляскам у вочках. З якой радасцю яны дарылі гасцям свае музычныя нумары, цеплыню і шчырасць сваіх маленькіх сэрцаў!  Цудоўна, весела, задорна выконвалі народныя песні і танцы, вадзілі карагоды, адгадвалі загадкі, якія прапанавала ім гасцінная і добрая гаспадыня Алена, спрытна гулялі ў гульні з Катом.  З першых слоў пакарыў адразу ўсіх Арсень Маркевіч. Трэба было бачыць, з якой інтанацыяй, мімікай, успешкай на твары, да месца падабранымі жэстамі хлопчык расказваў небыліцу! Ну сапраўдны маленькі артыст! Мы добра разумеем: каб дабіцца такога выдатнага выніку, патрэбна было працаваць усім: і кіраўніку ўстановы, і выхавальнікам, і музычнаму кіраўніку, іншым работнікам садка, бацькам не адзін дзень і нават тыдзень. Дададзім яшчэ, што свае ролі выдатна выканалі выхавальнік Алена Акуліч і кастэлянка Алена Дзямко, разам з дзецьмі спявала, падтрымлівала іх кіраўнік фізічнага выхавання Людміла Ваянец. Акрамя таго, не толькі дзеці, але і ўсе дарослыя — удзельнікі тэатральна-музычнага прадстаўлення былі апрануты ў нацыянальныя касцюмы.

    Вопытам работы па фарміраванню музычнай культуры дашкольнікаў сродкамі беларускага фальклору падзялілася з калегамі музычны кіраўнік ясляў-сада №3 Святлана Хамутоўская.

    — Мы разумеем, — падагульніла Святлана Паўлаўна, — што нацыянальная культура заўжды застаецца духоўнай скарбонкай. Энтакультура нашага народа мае свой унікальны пласт матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей. Яна ўтрымлівае магутны выхаваўчы патэнцыял для развіцця і фарміравання паўнацэннай асобы. Таму праца педагогаў у гэтым накірунку патрабуе пастаяннага пошуку новых спосабаў і магчымасцей уключэння розных элементаў этнакультуры ў духоўны свет маленькага чалавека, каб выхаваць яго асобаю. Агульныя мэты яднаюць калектыў, робяць яго трывалым, творчым.

    Цікава прайшла і практычная частка семінару. Усе яго ўдзельнікі атрымалі дамашняе заданне: падрыхтаваць гульню, элемент народнага танца і папеўку, каб потым развучыць іх з незнаёмымі дзецьмі. Уладальнікамі шчаслівых білетаў сталі музычныя кіраўнікі ясляў-сада №1, №4 і Мілашавіцкага сада Ала Касінская, Святлана Акуліч і Пётр Гаўрылавец. Дзеці адразу падтрымалі першапраходцаў і з радасцю акунуліся ў народную гульню “Подушечка”, танцавалі “Лявоніху” і вучылі папеўку. Усё атрымалася добра!

    Музычны кіраўнік ясляў-сада №5 Ірына Шпакоўская падзякавала ўсіх сваіх калег за дапамогу і падтрымку. Яна лічыць: калі работнікі калектыву працуюць у адным накірунку, адной камандай, то і вынік заўсёды адбываецца добры. Дарэчы, Ірына Анатольеўна — чалавек творчы, адораны, сама вельмі хораша спявае, любіць народныя песні, танцы, таму гэта тэма ёй вельмі блізка. Сваю любоў да фальклорнай творчасці яна ўжо каторы год запар перадае сваім маленькім выхаванцам.

    Падчас семінару адчувалася, што педагогі нашых дашкольных устаноў з маленства прывіваюць сваім выхаванцам любоў і пашану да свайго роднага краю, роднага горада і вёскі, роднай культуры, роднай мовы, фарміруюць цікавасць да гісторыі Беларусі, яе мінулага і цяперашняга, каб выхаваць сапраўдных патрыётаў сваёй краіны.

    Напрыканцы ўсе ўдзельнікі сталі ў круг. Кожны сказаў цёплае  і шчырае пажаданне — дабра, цеплыні, любові, узаемаразумення і ўзаемадапамогі, творчага запалу, каб педагогі с радасцю і ўсмешкай ішлі па жыцці. Мы таксама далучаемся да ўсіх гэтых слоў і жадаем гэтаму дружнаму, творчаму калектыву далейшых поспехаў і адкрыццяў, каб іх маленькія выхаванцы заўсёды радавалі, натхнялі на працу з запалам, аганьком, з душой і любоўю. 

    Ведаеце, заўсёды, калі бываю ў дзіцячых садках, адчуваю лёгкасць, акрылёнасць, а на душы становіцца добра і спакойна. Чаму так адбываецца? Таму што адкрыць свае сэрцы маленькім дзецям могуць толькі добрыя, шчырыя, душэўныя людзі, чулыя і з вялікім цярпеннем. Гэта сапраўдныя куточкі цяпла, чысціні і дабраты, і хочацца, каб так было ўсюды.

    Яшчэ фота

    Автор: Святлана ЛІПСКАЯСветлае жыццё

Комментарии (0)