07 Мая, 2024 Вторник

Ёсць куток на зямлі, дзе крыніцы звіняць...

  • 23 марта 2015 Культура Беларуская 0

    БЯГУЧЫ год для азёрнага краю адметны найперш тым, што ён юбілейны. Значыць, як традыцыйна заве­дзена ў нашай краіне, бу­дзе ад­значаны новымі набыткамі ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі. Калі крыху азірнуцца ў мінулае, то кожнаму становіцца відавочным і бясспрэчным: за 75 год з моманту ўзнікнення раёна на карце Беларусі пройдзены слаўны гераічны і стваральны шлях, жыццё людзей узнялося на якасна новы ўзровень. Безумоўна, ва ўсіх цудоўных пераўтварэннях вялікая заслуга старэйшых пакаленняў, якія ў смяротных баях разграмілі фашысцкіх захопнікаў, адстаялі мір і свабоду, вынеслі на сваіх плячах увесь цяжар аднаўлення зруйнаванага за гады нямецкай акупацыі, заклалі надзейны падмурак для росквіту Бацькаўшчыны. Пра гэта і гутарка за “круглым сталом”, якая адбылася нядаўна ў райвыканкаме. У размове прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег БАРОЎКА, намеснік старшыні райвыканкама Іна БАРЫЕВА, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл ГАРДОН, працы — Іван ЯКІМЕЦ, дырэктары прадпрыемства ме­ліярацыйных сістэм Анатолій ВАЙНІЛКА, музея Народнай славы — Святлана ЧАРНЯЎ­СКАЯ. А распачала яе Іна Іванаўна: 

    — Напярэдадні святкавання 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, да якога ўжо застаецца менш за два месяцыф, нельга не ўзгадаць велічны подзвіг нашых землякоў, якія, рызыкуючы жыццём, змагаліся з лютым ворагам на франтах і ў партызанскіх атрадах. Азёрны край якраз і вылучаецца сваёй актыўнай барацьбой з акупантамі. У лясах Мядзельшчыны базіраваліся партызанскія брыгады імя Варашылава, імя Ракасоўскага, імя Даватара, імя Будзённага і шаснаццатая Смаленская. Некаторыя шырока вядомыя ўдзельнікі партызанскага руху на нашай зямлі ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза: Пётр Міронавіч Машэраў, Фёдар Рыгоравіч Маркаў, Ганна Іванаўна Маслоўская, Аляксандр Сямёнавіч Азончык, Валянцін Леанідавіч Няклюдаў, Алег Сяргеевіч Бычак. Увайшлі ў гісторыю і многія іншыя народныя мсціўцы, якія адзначаны Радзімай ордэнамі і медалямі. Мы памятаем пра подзвіг Ані Пашкевіч з Вохабняў, якая выратавала летам 1941 года ад ворагаў чырвоны сцяг, а потым перадала яго камандаванню партызанскага атрада “Слава”, юнага партызана Сашу Роўду, чырвонаармейца Аляксея Валюка з Заўрутак, да апошняга дыхання трымаўшага са сваімі аднапалчанамі абарону на рацэ Беразіна. Браты Аляксандр і Фёдар Валасевічы праславіліся не толькі тым, што  рамантавалі партызанам зброю, але і выраблялі сярэбраныя медалі “За заслугі”, “За адвагу”, якімі камандаванне брыгады імя Ракасоўскага ўзнагароджвала самых смелых і мужных народных мсціўцаў. Менавіта партызаны блакіравалі нямецкі гарнізон у Мядзеле і пры імклівым наступленні 4 ліпеня 1944 года 850-га стралковага палка вымусілі ворагаў здацца ў палон. Наш край стаў свабодным ад фашысцкай навалы. І, як вечная, глыбокая і шчырая  ўдзячнасць старэйшым пакаленням за масавы гераізм, мірны сённяшні дзень — паўсюдна ў раёне шматлікія дагле­джаныя помнікі і мемарыялы.

    Міхаіл ГАРДОН:

    — Зведаць ваеннае ліхалецце  — не дай Бог нікому. Гэта такая жорсткая часіна, калі жыццё чалавека, як кажуць людзі, не варта і капейкі. Яскравым пацвярджэннем таму могуць быць не толькі асабістыя перажыванні тых, каго апякла бязлітасным полымем вайна, але і апошнія падзеі ў суседняй Украіне. І вельмі мудра дзейнічае кіраўніцтва нашай дзяржавы, робіць усё неабходнае, каб над Беларуссю заўсёды было мірнае неба, ярка свяціла сонейка. Лічу, што  гэта ў жыцці чалавека — самае галоўнае і самае дарагое! І страшна нават уявіць сабе змрочнае будучае многіх  краін свету, калі б Савецкая Армія не разграміла фашысцкую Германію, не прынесла ім незалежнасць, здабытую надзвычай вялікімі людскімі і матэрыяльнымі стратамі. Партызанская Беларусь, якая разам з усім савецкім народам вяла працяглую і суровую барацьбу за права на жыццё і свабоду, не далічылася пасля Вялікай Перамогі кожнага трэцяга свайго жыхара. А яшчэ мне памятаецца, што да верасня 1939 года наша мясцовасць уяўляла сабой занядбаны край. Нават у Мядзеле не было бальніцы. Медыцынскія паслугі жыхарам аказваў урач Кавалік, які прыехаў з Вільнюса і жыў на здымнай кватэры. Неяк “пашчасціла” і мне патрапіць да яго на прыём. За гэта бацька заплаціў два злотыя, за якія можна было купіць пуд хлеба. А вось пасля ўз’яднання Беларусі ў Старым Мядзеле ў панскім маёнтку адкрылі бальніцу. Дарэчы, туды прыехаў працаваць доктарам па накіраванні Іван Васільевіч Волах, які ўвайшоў у гісторыю раёна за свой высокі прафесіяналізм і патрыятызм. Калі пачалася вайна, ён аказваў медыцынскую дапамогу жыхарам навакольных вёсак, параненым партызанам. А потым разам з жонкай Аленай Васільеўнай і наогул перабраліся ў лес, у брыгадны шпіталь, які знаходзіўся ў атрадзе імя Суворава. Іван Васільевіч, не зважаючы на неспрыяльныя ўмовы, недахоп медыкаментаў і інструментаў, па-майстэрску рабіў складаныя аперацыі, вяртаў у баявы строй дзясяткі народных мсціўцаў. Многія ў Мядзеле ведалі Міхаіла Скармаховіча з дырэкцыі кінасеткі. Дык вось, і яго, трохгадовага хлапчука з вёскі Пасынкі, параненага ў час бою ў плячо, праз некалькі дзён, калі пачалася ўжо газавая гангрэна, таленавіты хірург змог паставіць на ногі. Пасля Перамогі Іван Волах, пакуль не пераехаў у Вілейку, загадваў раённым аддзелам аховы здароўя, працаваў у бальніцы хірургам, сярод насельніцтва карыстаўся вя­лікай павагай і аўтарытэтам.

    Святлана ЧАРНЯЎСКАЯ:

    — Цалкам згодна з Міхаілам Гершэна­вічам, што наш рэгіён да верасня 1939 года быў ускраінай цывілізацыі. Пра гэта яскрава сведчаць архіўныя матэрыялы. Так, у вёсках вельмі многія не ўмелі ні чытаць, ні пісаць. Самыя лепшыя землі належалі панам. Сотні сялянскіх гаспадарак і наогул не мелі нават кавалачка ворыва, вымушаны былі парабкаваць. Таму 17 верасня пераважная большасць людзей успрыняла з радасцю і надзеяй. Неўзабаве адбыліся выбары ў Народны сход Заходняй Беларусі, які ў заканадаўчым парадку вырашыў 28-30 кастрычніка 1939 года ў Беластоку пытанне аб уладзе. Ад Мядзельшчыны на яго абралі Антона Малевіча з Гуляў, Уладзіміра Сімановіча з Нагавак, Макара Хацяновіча з Каранішац, Янку Давідовіча з Мядзела і Вольгу Малько з Навасёлак. Дэпутаты Народнага сходу звярнуліся да Вярхоўнага Савета СССР з просьбай наконт прыняцця Заходняй Беларусі ў склад Савецкага Саюза і аб’яднання з БССР, якую задаволілі 12 лістапада. А сам Мядзельскі раён быў утвораны 15 студзеня 1940 года і ўваходзіў напачатку ў склад Вілейскай вобласці. Лю­дзей тады ў нашых азёрных мясцінах пражывала куды больш, чым цяпер. Толькі ў Крывіцкім раёне налічвалася 37460 чалавек, у Свірскім — 37756. З першых месяцаў пасля ўз’яднання паўсюдна вельмі актыўна пачала развівацца сацыяльная сфера. Дзясяткамі адкрываліся пачатковыя школы, медыцынскія ўстановы.

    Міхаіл ГАРДОН:

    — Наколькі мне памятаецца, вялікую ролю ў ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослага насельніцтва адыгралі хаты-чытальні. Па вечарах людзі з ахвотай збіра­ліся там, вывучалі літары, пачыналі чытаць па складах. Адной з такіх хат у Баярах, што непадалёку ад Мядзела, адразу пасля вайны загадвала Еўдакія Міхайлаўна Цыркулеўская.

    Іна БАРЫЕВА:

    — З тых далёкіх на сёння хат-чытальняў, пачатковых школ у розных прыстасаваных памяшканнях мы маем зараз разгалінаваную сетку сучасных устаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі. У іх працуюць 560 педагагічных работнікаў, 68 працэнтаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыі. Значным дасягненнем мінулага навучальнага года можна лічыць той факт, што наша гімназія-інтэрнат выйшла пераможцам у абласным спаборніцтве ў намінацыі “Лепшая ўстанова адукацыі ў арганізацыі метадычнай і кадравай работы”. Многія яе выхаванцы паспяхова ўдзельнічаюць у прадметных алім­піядах і навукова-даследчых канферэнцыях. У іх ліку Дар’я Кім­стач, Караліна Станчык, Таццяна Кабак, Анастасія Хацяновіч. Дыпломы II ступені на XXV рэспубліканскім конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ атрымалі гімназіст Дзяніс Марач (настаўніца Людміла Канстанцінаўна Шчалкунова) і вучаніца Лізавета Марчанка з Камароўскай СШ (настаўніца Часлава Зянонаўна Драўніцкая). Праца вучняў 10 класа Нарацкай СШ №2 Мікіты Вайцяшонка і Андрэя Бародзіча (кіраўнік Валянцін Феліцыянавіч Радзевіч) на абласным этапе конкурсу даследчых работ навучэнцаў устаноў адукацыі сталічнай вобласці адзначана дыпломам I ступені…

    Іван ЯКІМЕЦ:

    — Усплёск развіцця сістэмы адукацыі на Мядзельшчыне, па маім меркаванні, прыйшоўся на 70-ыя гады. Жыццё ў школах бурліла цікавымі па­дзеямі і справамі. Пра гэта магу меркаваць з уласных назіранняў, бо з 1967 па 1972 год узначальваў у раённым аддзеле адукацыі прафсаюз. А тады існавала патрабаванне: пераважную частку рабочага часу павінен знаходзіцца “на вытворчасці”. Апрача гэтага, вёў секцыю хіміі і біялогіі. Кожная праверка школы была сур’ёзным экзаменам для яе дырэктара, педагогаў на прафесіяналізм, майстэрства ў справе выхавання і навучання дзяцей. Потым, калі загадчык раённага аддзела адукацыі Мікалай Аляксандравіч Жук узначаліў калектыў рэспубліканскага піянерскага лагера “Зубраня”, мяне ў жніўні 1972 года зацвердзілі на яго ранейшай пасадзе. Вучняў тады ў раёне мелася ў разы больш — 7605. У мяне вяршэнстваваў культ школы, усё дзеля яе. Адных пачатковых налічвалася сорак чатыры, пры школах працавалі шаснаццаць інтэрнатаў, сорак шэсць груп падоўжанага дня, пяць аркестраў: у Крывічах, Будславе, Мядзеле, Нарачы і Свіры. Яны былі пастаянна задзейнічаны і запатрабаваны. Ігралі на абласных і рэспубліканскіх семінарах, на мерапрыемствах па ўшанаванні ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Першы з іх нават суправаджаў цягнік Дружбы ў Балгарыю. Памятаецца, нямала давялося патурбавацца, пакуль падабралі для яго ўдзельнікаў прыгожую форму.

    Па тым часе вельмі многае рабілася на грамадскіх пачатках. Не было ні гаспадарчай групы, ні аддзела кадраў, ні юрыста, ні спецыялістаў, якія займаюцца папячыцельствам… Аднак будавалі шмат, праводзілі маштабную рэканструкцыю. У адзін год узводзілі школы на 640 месцаў у Будславе і Свіры, у адзін год і здалі напярэдадні 1 верасня. Стаўка — на гаспадарчы спосаб, як кажуць, усё саматугам. Часценька браў з сабой гумовікі, са­дзіўся за руль “каблучка” — і наперад. Скажу шчыра, не ставала ведаў па будаўнічай справе, тэрміналогіі. Адзін час хацеў нават паступіць хаця б завочна ў  будаў­нічы тэхнікум. Апрача ўстаноў адукацыі, знаходзілі магчымасць і для ўзвядзення кватэр для настаўнікаў.

    Алег БАРОЎКА:

    — Як педагог па адукацыі, колішні дырэктар сельскай школы, магу засведчыць, што ва ўстановах адукацыі жыццё заўсёды бурліла. Дырэктарам, настаўнікам клопатаў хапала. Апрача навучальнага працэсу, рамонтных работ і добраўпарадкавання, займаліся прышкольнымі ўчасткамі, на якіх вырошчвалі для сябе агародніну, трымалі каня. Даводзілася нават бульбу садзіць. А з работамі на зямлі ўпраўляліся вучнёўскія брыгады, звенні. Інакш, па тым часе, мы проста не змаглі б забяспечыць дзяцей у школе паўнацэнным харчаваннем. Яблыкі з саду здавалі на завод у Ілава, зараблялі на гэтым нейкую капейчыну. За выручаныя грошы, памятаецца, змаглі купіць тэлевізар…

    Іван ЯКІМЕЦ:

    — Вось-вось, прышкольныя ўчасткі. Мяне здзіўляе, што цяпер вучні не могуць вырасціць для сябе тую ж капусту, буракі, моркву. Пасільная праца яшчэ нікому не прыносіла шкоды. Не заклікаю ў мінулае, але ў шэрагу школ не толькі вырошчвалі ўсё неабходнае для сваіх патрэб, але і свіней трымалі. Затое шмат дзе ўсе вучні круглы год былі забяспечаны бясплатным паўнацэнным харчаваннем. У прыватнасці, у Дзягілях, Канстанцінаве, Нагаўках… Безумоўна, гэта значна дабаўляла клопатаў дырэктарам устаноў. Я толькі здзіўляўся, як яны з усімі сваімі абавязкамі спраўляліся! Разумеў іх нялёгкую ношу і па драбязе лішні раз не турбаваў, шчыра падтрымліваў ва ўсіх карысных пачынаннях. А як яны стараліся адзін перад адным, асабліва — жанчыны! Менавіта дзякуючы гэтай дружнай кагорце, педагогам, адзін год нават выйшлі пераможцамі ў рэспубліканскім спаборніцтве па падрыхтоўцы да новага навучальнага года. Раёну ўручылі Чырвоны сцяг Міністэрства адукацыі і грашовую прэмію ў дзве тысячы рублёў. Вялікія грошы па тым часе. Добра памятаю яшчэ, як нас слухалі на пасяджэнні бюро ЦК КПБ. Пытанне стаяла так: аб рабоце партыйнай арганізацыі Мядзельскага раёна па кіраўніцтве народнай адукацыяй. Справаздачу трымаў першы сакратар райкама партыі, Аляксей Пятровіч Жданюк, напружанне было надзвычай вялікае. Спала яно толькі пасля слоў Пятра Міронавіча Машэрава. Маўляў, Мядзельскі раён адзін з лепшых у пытаннях адукацыі. І гэта сказаў не толькі першы сакратар ЦК КПБ, але, як усе добра ведалі ў краіне, вельмі аўтарытэтны ў народзе Чалавек з вялікай літары. Таму і настаўнікаў азёрнага краю пры ўзнагароджваннях не крыўдзілі. За маю бытнасць пяцёра сталі заслужанымі настаўнікамі: Васіль Пятровіч Жук з Будслава, Эльвіра Канстанцінаўна Дубаневіч з Крывічоў, Рэгіна Эдуардаўна Юркевіч з Нарачы, Тэрэза Эдуардаўна Лапаціна з Мядзела і Таццяна Іосіфаўна Дзедзюль са Свіры.  

    Іна БАРЫЕВА:

    — Мы можам ганарыцца і нашай аховай здароўя. Адна цэнтральная раённая бальніца многага варта! Гэта шматпро­фільная лячэбна-прафілактычная ўстанова. У яе складзе тэрапеўтычнае, хірургічнае, інфекцыйнае, дзіцячае, радзільнае, гінекалагічнае, рэанімацыйнае, прыёмнае аддзяленні і хуткай медыцынскай дапамогі. Мядзельская паліклініка разлічана на 375 наведванняў за змену, дзе функцыянуе шэраг самых розных аддзяленняў. Ква­ліфікаваную медыцынскую дапамогу людзям аказваюць і ўчастковыя бальніцы ў аграгарадку Нарач, гарадскіх пасёлках Свір і Крывічы. Яшчэ ў нас працуюць пяць урачэбных амбулаторый, адзі­наццаць — фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю ў раёне маюць пяць урачоў, першую — трыццаць пяць і другую — пятнаццаць. А гэта 68,8 працэнта ад іх агульнай колькасці.

    Алег БАРОЎКА:

    — Нельга не ўзгадаць і той плённы, творчы шлях, які прайшла за 75 год наша культура. Мноства набыткаў маюць клубныя ўстановы, Мядзельская дзіцячая школа мастацтваў і музычныя — Нарацкая, Будслаўская. Штогод сіламі іх работнікаў праводзяцца тысячы самых розных культурна-масавых мерапрыемстваў. Восем калектываў маюць ганаровае званне “народны” — Крывіцкі хор, фальклорны “Вузлянка”, ансамблі “Радаўніца”, “Скарбніца”, “Натхненне”, “Крывічы”, “Правінцыя”, клуб аматараў песні “Верасень”. На тэрыторыі раёна налічваецца 170 гістарычных, архітэктурных і археалагічных помнікаў. 53 з іх уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

    Іна БАРЫЕВА:

    — Наша Мядзельшчына вельмі багатая на здольных людзей, знакавыя гістарычныя падзеі. Гонарам для кожнага з нас з’яўляюцца тры адметныя зоркі першай велічыні ў суквецці талентаў як Беларусі, так і далёка за яе межамі — народны паэт Максім Танк, народная артыстка Марыя Захарэвіч, народны мастак Васіль Шаранговіч. Яўген Іванавіч сваімі творамі пра­славіў Мядзельшчыну на ўвесь белы свет.

    Як прызнанне яго велічных заслуг, як шчырая ўдзячнасць землякоў, напрыканцы мінулага года каля гарадскога Дома культуры ў райцэнтры ўрачыста адкрыты першы ў краіне помнік цудоўнаму песняру Максіму Танку. Каб зарабіць грошай на ўзвядзенне скульптурнай кампазіцыі, многія нашы калектывы, асобныя людзі з душой папрацавалі на суботніках, за што ім шчырая ўдзячнасць. Цяпер нам застаецца толькі завяршыць добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол помніка. Паступова павялічваецца і шэраг Ганаровых грамадзян раёна. Першаму гэта званне ва ўрачыстай абстаноўцы два гады таму прысвоена Герою Сацыялістычнай Працы Эдуарду Вікенцьевічу Ціхаму, затым — Марыі Захарэвіч і Васілю Шаранговічу, а зусім нядаўна на святкаванні 75-годдзя ўтварэння Мядзельскага раёна — аднаму з актыўных удзельнікаў нашага сённяшняга “круглага стала”, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, кавалеру ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга і Пашаны Міхаілу Гершэнавічу Гардону.

    Алег БАРОЎКА:

    — Варта адзначыць і тую вялікую ўвагу, якая надаецца ў нас здароваму ладу жыцця, прыцягненню насельніцтва да заняткаў фізічнай культурай і масавым спор­там. І для гэтага ёсць усё неабходнае: гарадскі стадыён, спартыўныя залы, футбольныя палі, тэнісныя корты, басейны, ціры, валейбольныя і баскетбольныя пляцоўкі, лыжныя базы. У пераліку дзясяткаў розных мерапрыемстваў найбольшай папулярнасцю карыстаюцца спартакіяды: круглагадовая з удзелам арганізацый і прадпрыемстваў азёрнага краю па васемнаццаці відах спорту, сярод дзяцей і падлеткаў па месцы жыхарства, комплексу “Абаронца Айчыны” з дапрызыўнай і прызыўнай моладдзю, “Здароўе” — спаборнічаюць сельскія Саветы дэпутатаў. Нашы магчымасці па актывізацыі развіцця спорту значна ўзраслі з адкрыццём у Мя­дзеле ў снежні 2011 года цудоўнага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра, якім можа пахваліцца далёка не кожны раён. Тут дарослыя і дзеці гуляюць у міні-футбол, валейбол, баскетбол, ручны мяч, настольны тэніс. Не пустуюць і трэнажорная зала, саўна, більярдныя сталы, басейн, дзе выхаванцы старэйшых груп дзіцячых садкоў Мядзельшчыны і вучні пачатковых класаў займаюцца плаваннем. Даволі паспяхова выступаюць на розных спаборніцтвах навучэнцы нашай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву. Па выніках мінулага года на першынстве краіны па грэблі на байдарках і каноэ пераможцам выйшаў Ілья Дземяшкевіч, а на байдарках — Антон Смолка.

    Анатолій ВАЙНІЛКА:

    — Летапіс нашай арганізацыі пачынаецца нашмат пазней стварэння раёна — у маі 1961 года, калі ў Будславе на базе мясцовай машынна-трактарнай станцыі стварылі Крывіцкае будаўніча-мантажнае ўпраўленне. Сажалак, забалочаных зямель у наваколлі хапала, таму паслугі меліяратараў былі вельмі запатрабаваны. Па тым часе яны абслугоўвалі ажно тры раёны — Мядзельскі, Крывіцкі і Плешчаніцкі. Канечне, умовы працы ў людзей былі вельмі складанымі і цяжкімі: дрыгва, камары, недасканалая тэхніка, вандраванне па вясковых здымных кватэрах, бо рабіць даво­дзілася, як правіла, на аддаленых аб’ектах, куды нават дарог не было. Аднак ме­ліяратары не губляліся перад гэтымі выпрабаваннямі, з імпэтам пераўтваралі непрыдатныя землі ва ўрадлівыя нівы. І мы вельмі ўдзячны тым, хто стаяў ля вытокаў станаўлення нашага прадпрыемства, па крупінцы ў паўсядзённых напружаных буднях здабываў яму рэпутацыю надзейнага для гаспадарак партнёра. Проста не магу не ўзгадаць машыністаў экскаватараў Рамана Леанідавіча Клімовіча, Міхаіла Іпалітавіча Аўрэйцавіча, Васіля Сцяпанавіча Калбуна, якія практычна ўсё сваё жыццё прысвяцілі павышэнню ўрадлівасці зямель Нарачанскага краю. Сярод працоўных узнагарод нашых лепшых ветэранаў нагрудныя знакі “Ганаровы меліяратар”, медалі ВДНГ — за дасягненне поспехаў у развіцці народнай гаспадаркі СССР. Некаторых надзвычай працавітых і адказных работнікаў, якія пакінулі добры след на зямлі, ужо няма сярод нас, але памяць пра іх жыве ў нашых сэрцах — экскаватаршчыка Вальдэмара Францавіча Аношку, трактарыста Віктара Сігізмундавіча Будзько, прараба Мікалая Пятровіча Башчука і іншых.

    Алег БАРОЎКА:

    — Многія ў раёне ваша прадпрыемства звязваюць не толькі з асушэннем забалочаных зямель, але і актыўным будаўніцтвам у Мядзеле жылля. Дзякуючы меліяратарам вельмі многія гараджане абзавяліся кватэрамі, якія арганізацыя ў першую чаргу ўзводзіла для сваіх работнікаў. Асабліва, наколькі памятаецца, у гэтай добрай справе вызначыліся, калі арганізацыю ўзначальваў Іван Афанасьевіч Круковіч. Тады людзі казалі, што ўладкавацца на працу ў калектыў меліяратараў — за гонар. Як, дарэчы, і цяпер.

    Анатолій ВАЙНІЛКА:

    — Сапраўды, ад кіраўніка ў любой арганізацыі залежыць вельмі многае. І ўсе яны, а было іх за гісторыю існавання нашага прадпрыемства адзінаццаць, імкнуліся ўнесці свой уклад у яго далейшае развіццё, умацаванне вытворчай базы, паляпшэнне ўмоў працы людзей. Найбольш гэта ўдалося Івану Афанасьевічу Круковічу. Закладзеныя тады добрыя вытворчыя традыцыі мы і стараемся цяпер прымнажаць у паўсядзённых буднях, нарошчваць аб’ёмы аграмеліярацыйных мерапрыемстваў, аказання паслуг з разлікам на прымальную ў сучасных умовах гаспадарання рэнтабельнасць, каб быць заўсёды з важкім прыбыткам. Гэта дазваляе захоў­ваць стабільны і здольны для вырашэння пастаўленых задач  калектыў, у якім налічваецца больш за тры сотні чалавек. А яшчэ — выплачваць людзям неблагі заробак — па мінулым годзе ён перавысіў шэсць мільёнаў рублёў. Хачу адзначыць, што самы каштоўны наш набытак за многія гады — дружны калектыў меліяратараў. У іх распара­джэнні зараз многія дзясяткі адзінак самай рознай сучаснай тэхнікі, абсталявання, што дазваляе якасна і ў сціслыя тэрміны адваёўваць у дрыгвы сотні гектараў зямель, укладваць многія кіламетры дрэнажных труб, узводзіць гідратэхнічныя збудаванні, жыллё і вытворчыя аб’екты. Радуе таксама, што ў нас багата людзей, якія дастойна працягваюць справу старэйшых пакаленняў. У іх ліку бульдазерыст Віктар Мікалаевіч Падбярэзскі, машыніст пагрузчыка Дзмітрый Іванавіч Місючэнка, маляр-тынкоўшчык Эма Іванаўна Бабок, галоўны бухгалтар Зоя Іванаўна Карабейнік і многія-многія іншыя.

    Міхаіл ГАРДОН:

    — За невялікі па гістарычных мерках адрэзак часу імклівы шлях развіцця прайшла і наша сельская гаспадарка. Можна сказаць, ад прымітыўнай тэхнікі, адкрытай усім вятрам і пылу, да сучасных трактароў і комплексаў з кандыцыянерамі і камп’ютарным кіраваннем. Працу вяскоўцаў ведаю не па чутках. У 1962 годзе райкам партыі накіраваў мяне ў адстаючы калгас “Бальшавік”. Тады практычна ўсё выконвалася ўручную. Грамадскі статак утрымліваўся ў прыстасаваных памяшканнях, гадавы надой ад каровы складаў усяго 1240 кілаграмаў малака. З камбайнаў мелі адзін, можна сказаць дабіты, “СК-2”, які паступіў з МТС. Ураджайнасць збожжавых знаходзілася на ўзроўні 8 цэнтнераў з гектара. Пакрысе пачалі ўзводзіць новыя кароўнікі з механічным выдаленнем гною, кормараздачай. Першы такі пабудавалі ў Пузырах. Значна аблегчылі працу жывёлаводаў і даільныя апараты. Паступова колькасць кароў са 160 давялі да 500. Ды і надой да 1975 года, калі пераходзіў на працу ў раённую нарыхтоўчую кантору, узрос удвая, а ўраджайнасць збожжавых — утрая. Многія вяскоўцы за ўзорныя вытворчыя поспехі былі адзначаны высокімі ўрадавымі ўзнагародамі. Так, рэдкай працавітасці і адказнасці трактарыст Вацлаў Аляксандравіч Карзюк меў ордэны Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга. У святы зіхацелі ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга і на грудзях камбайнера Васіля Піліпавіча Грыгаровіча, цялятніцы Юзэфы Іванаўны Саковіч, брыгадзіра Мікалая Іванавіча Грыгаровіча, “Знак Пашаны” — звеннявой Ганны Мікітаўны Грыгаровіч, цялятніц Галіны Яўгенаўны Ермаковіч і Валянціны Пятроўны Ляговіч, трактарыста Рамана Станіслававіча Захарэвіча, брыгадзіра Міхаіла Іванавіча Клямяціча, ва­дзіцеля Браніслава Казіміравіча Роўды. Запомнілася таксама сваімі шчырымі і рупнымі адносінамі да нялёгкай працы на ферме наша перадавая даярка Алена Канстанцінаўна Васілевіч.

    Алег БАРОЎКА:

    — Да вытворчых здзяйсненняў цесна прымыкаюць і пытанні навядзення парадку на зямлі. Асабліва гэта актуальна для Мядзельшчыны, якая з’яўляецца самай прывабнай і запатрабаванай у краіне курортнай мясцінай. Па наданні ёй сапраўднай прыгажосці за апошнія гады зроблена вельмі шмат. Гэта кожны з нас бачыць, як кажуць, на свае вочы. Аднак нямала спраў і наперадзе, асабліва пасля зімы. Вось і зараз у вобласці праводзіцца месячнік па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый, які завершыцца 30 красавіка. Такім чынам, усе нашы населеныя пункты да 1 Мая павінны радаваць вока. Актуальным для Мядзельшчыны з’яўляецца і застанецца на перспектыву ўдасканаленне курортнай зоны, набліжэнне ўзроўню санаторных паслуг да еўрапейскіх стандартаў. Радуе, што нашы здраўніцы актыўна абнаўляюцца, абзаводзяцца сучасным медыцынскім абсталяваннем, пашыраюць спектр паслуг для адпачываючых.

    Калі крышачку зазірнуць у дзень заўтрашні, то, зыходзячы з агульнаеўрапейскіх дэмаграфічных працэсаў, колькасць сельскага насельніцтва і надалей будзе змяншацца. Тым не менш, захаваецца большасць нашых вёсак, створаная там сацыяльная інфраструктура. Праглядваецца тэндэнцыя да павелічэння колькасці лецішчаў і аграсядзіб. Асноўная сельскагаспадарчая вытворчасць, наколькі можна  меркаваць, сканцэнтруецца на буйных сучасных малочнатаварных комплексах. Для забеспячэння грамадскага статка збалансаванымі па пажыўных рэчывах рацыёнамі не абысціся нам і без павелічэння плошчаў пад якасныя злакавыя і бабовыя травы, іншыя кармавыя культуры, удасканалення працэсаў іх нарыхтоўкі і захоўвання. Больш шырокае распаўсюджанне атрымае таксама стварэнне невялікіх фермерскіх гаспадарак. Прытым, хуткасць гэтага працэсу ў многім будзе залежыць ад устойлівасці і маштабнасці попыту на так званыя арганічныя прадукты харчавання — не толькі экалагічна чыстыя, але і вырашчаныя без прымянення “хіміі”. Галоўнай жа задачай органаў дзяржаўнай улады па-ранейшаму застаецца захаванне ўнікальных прыродных комплексаў Нарачанскага краю — наш гонар і наша багацце.

    Запісаў

    Павел ЖУКАЎ.

    На здымку:  удзельнікі «круглага стала» (злева направа) Іван Іванавіч Якімец, Міхаіл Гершэнавіч Гардон, Алег Алегавіч Бароўка, Іна Іванаўна Барыева, Анатолій Мар'янавіч Вайнілка, Святлана Анатольеўна Чарняўская.

    Фота Георгія Прысмакова.

    Автор: Павел ЖУКАЎНарачанская зара
    Теги: 

Комментарии (0)