03 Мая, 2024 Пятница

Прафсаюз аб'ядноўвае і выхоўвае

  • 25 апреля 2015 Культура Беларуская 0

    Экскурсійны маршрут членаў прафсаюзнай арганізацыі ГДАТК на мемарыяльны комплекс «Хатынь», у Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальную бібліятэку Беларусі, Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі быў абраны не выпадкова. Акрамя пашырэння кругагляду і ўзмацнення пачуцця гонару за лепшыя здабыткі нашай краіны мэтай паездкі супрацоўнікаў каледжа было аддаць даніну павагі подзвігу савецкага народа ў гады вайны, ад заканчэння якой нас аддзяляюць ужо 70 год.

     — Былі ў Хатыні даўно, — сцішана вымаўляе хтосьці з натоўпу экскурсантаў, ідучы да скульптуры «Нескароны чалавек». — Тут нічога не мяняецца, так жа жудасна звоняць званы, так жа імкнуцца ў неба шэрыя коміны на месцы кожнай са спаленых хат, так жа адчынены веснічкі ля іх. Галоўнае ж, што і праз гады памяць вядзе ў гэтае журботнае месца людей.

    Гэты мемарыял, у аснову ідэі якога лягла праўдзівая гісторыя існаваўшай вёскі, пабудаваны на вякі, каб помнілі людзі: яе лёс не ўнікальны. Тут жа — могілкі 185 беларускіх вёсак, спаленых разам з жыхарамі і не адроджаных пасля вайны. На сімвалічных дрэвах жыцця — назвы яшчэ 433 вёсак, знішчаных агнём, але паўсталых з попелу. На «Сцяне памяці» — мемарыяльныя пліты з назвамі звыш 260 лагераў смерці і месцаў масавага знішчэння людзей на тэрыторыі Беларусі. Слёзы цякуць мімаволі, сэрца нібы сціснута абцугамі. Бедная мая Радзіма! Кожны чацвёрты загінуў — нагадвае Вечны агонь ля трох бярозак...

    Да яго, да магілы неадроджанай вёскі Янава, што была спалена на Гарадоччыне, да стэлы «Мінск — горад-герой», скульптурнай кампазіцыі «Развітанне» гарадакчане прывезлі жывыя чырвоныя гваздзікі: мы памятаем, мы шануем вашы вялізныя ахвяры і велічны подзвіг, нашы вялікія продкі!

    Беларускі дзяржмузей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — буйнейшае ў Беларусі сховішча рэліквій Вялікай Айчыннай вайны і важнейшы цэнтр ваенна-патрыятычнага выхавання. Летась, у 70-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ён пераехаў у новы будынак. Тут створана лепшая экспазіцыя, якая аб'ектыўна распавядае пра гераічныя і трагічныя падзеі ў лёсе Беларусі і ўсяго свету. У дзевяці сучасных залах, кожны з якіх носіць сваю назву — «Мір і вайна», «Свет напярэдадні і ў першыя гады Другой сусветнай вайны», «Дарога вайны» (тры ўзроўні), «Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Абарончыя баі ў Беларусі летам 1941 г. Смаленская бітва. Бітва пад Масквой 1941-1942 гг.», «Карэнны пералом. Савецкі тыл», «Нацыяналістычны акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі ў 1941-1944 гг.», «Партызанскі рух і антыфашысцкая падпольная барацьба ў Беларусі. Удзел савецкіх грамадзян у еўрапейскім руху Супраціўлення ў 1941-1945 гг.», «Вызваленне Беларусі. Вызваленне Еўропы, разгром фашысцкай Германіі, яе саюзнікаў і мілітарысцкай Японіі», «Зала Перамогі» — сабрана столькі найцікавейшых, красамоўных экспанатаў, выканана натуральных інсталяцый, што разглядаць іх, бедаваць з безлічных ахвяр, пранікацца велічнасцю подзвіга можна бясконца.   

    Кожнаму варта было б пабываць і ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. На наступны год яна адзначыць 10-годдзе са дня адкрыцця, але інтарэс турыстаў да яе не змяншаецца, а расце: яе будынак стаіць на 24-м месцы ў свеце ў ліку самых незвычайных збудаванняў. Уражвае яе афармленне, змест «алмаза ведаў», вялізнага мультыфункцыянальнага цэнтра, дзе сумясціліся высокія тэхналогіі, ультрасучасны дызайн, незвычайная архітэктура, інтэр'ер, у якім выкарыстаны творы сучасных беларускіх мастакоў і скульптараў.

    — Роля нашай прафсаюзнай арганізацыі заключаецца не толькі ў тым, каб ладзіць культурна-масавыя мерапрыемствы, — расказвае старшыня прафкама ГДАТК Мікалай Віхаценка. — Так, мы працуем у адпаведнасці з планам, які ўлічвае інтарэсы ўсіх 185 членаў нашай «пярвічкі». Многім з іх хочацца весці насычанае жыццё, мы гэта вітаем і заахвочваем актывістаў. У нашых традыцыях — ушанаванне ветэранаў вайны і працы, віншаванні з прафесійнымі і дзяржаўнымі святамі. Узімку прынялі ўдзел у спаборніцтвах па зімовай рыбалцы на в. Бярнова. Толькі што скончылася спартакіяда па валейболу, тэнісу, стральбе сярод каманд выкладчыкаў, майстроў і тэхнічных работнікаў каледжа. Пастаянна набываем білеты на культурна-масавыя мерапрыемствы. У арганізацыі паездак нязменна знаходзім падтрымку (матэрыяльную, транспартам) з боку адміністрацыі на чале з дырэктарам каледжа Ю.А. Сарачынскім. Але найперш прафсаюзныя лідары ўсведамляюць, што сёння прафсаюз — адзіная грамадская арганізацыя, якая мае законнае права і здольная прадстаўляць інтарэсы работнікаў і абараняць іх. Таму мы штодня рашаем важныя надзённыя праблемы сваіх калег.

    Работа гэта, магчыма, не такая прыкметная, але яе вынікі гавораць самі за сябе. Так, у раённым конкурсе сярод пярвічных прафсаюзных арганізацый у 2010 г. «пярвічка» ГДАТК заняла 3-е месца, у 2012-м — 1-е па выніках абласнога агляду-конкурсу на лепшую пярвічную арганізацыю сярод «пярвічак» устаноў адукацыі, у 2013-м  стала прызёрам абласнога агляду-конкурсу сярод устаноў адукацыі на лепшы калектыўны дагавор. Таксама прызавое месца ў абласным конкурсе сёлета занялі грамадскія інспектары па ахове працы каледжа, асабіста адзначаны С.М. Шлюеў.

    — Калі калегі поплеч, гатовыя дапамагаць адзін аднаму ў прафесійнай сферы, гэта выдатна. Такім чынам перадаецца лепшы вопыт, — зазначае Мікалай Уладзіміравіч. — Згуртаванню ж калектыву спрыяюць і нефармальныя адносіны па-за сцянамі каледжа, калі мы разам спазнаём новае, добраахвотна займаемся грамадска карыснай працай, аб'ядноўваемся ў дні святаў. Такога накірунку мы будзем прытрымлівацца і далей.

    На здымках: падчас экскурсіі.

    Автор: Святлана ЯКАЎЛЕВА.Гарадоцкі веснік

Комментарии (0)