18 Мая, 2024 Суббота

Пераймалі вопыт, дзяліліся ўражаннямі

  • 11 мая 2015 Культура Беларуская 0

    Багата на таленавітых і апантаных творчых людзей зямля любанская.

    Мабыць, таму ўжо не першы раз выбіраецца ў якасці пляцоўкі для правядзення абласнога семінара дырэктараў раённых метадычных цэнтраў, цэнтралізаваных клубных сістэм, раённых цэнтраў і Дамоў культуры.

    На сёлетнім былі разгледжаны сучасныя накірункі карпаратыўнай інфармацыйна-метадычнай службы ў сферы народнай творчасці, культурнай дзейнасці і арганізацыі вольнага часу. Пачалося мерапрыемства ў раённым цэнтры культуры, дзе да сустрэчы гасцей з усяго сталічнага рэгіёна добра падрыхтаваліся. У лепшых традыцыях гасціннасці беларускага народа работнікаў культуры шчыра віталі спецыяльна распрацаванай праграмай «На Светлую сядміцу». Такі выбар не здзіўляе – напярэдадні праваслаўныя вернікі адзначылі адно з галоўных хрысціянскіх свят Вялікдзень. «Хрыстос уваскрэс!», – разляцелася па наваколлі, «Сапраўды ўваскрэс!», – адгукнула я ў адказ. Не абышлося і без традыцыйных хлеба-солі ды фарбаваных яек з вярбою: кожны ўдзельнік семінара атрымаў даматканую торбачку з велікоднымі прысмакамі.

    Праграма мерапрыемства была даволі насычанай. Урачыстае адкрыццё, на якім прысутнічала намеснік старшыні Любанскага райвыканкама Тамара Дамашэвіч, працягнула прэзентацыя Любанскага раённага цэнтра культуры. Аднак перад тым, як саступіць сцэну творчым работнікам клубнай установы, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Васіль Каткавец прапанаваў усім натхнёным далучыцца да выканання гімна, гімна яе вялікасці Культуры. І госці з задавальненнем падтрымалі такую ініцыятыву.

    «Клубны бенефіс», прэзентаваны Любанскім РЦК, закружыў удзельнікаў семінара ў яскравым карагодзе колераў і весялосці, запаліў сваім майстэрскім выкананнем і дазволіў на паўгадзіны пакінуць глядацкую залу і апынуцца ў закуліссі ці на сцэне, уяўляючы сябе артыстамі. Не меншую цікаўнасць выклікаў і відэарад, які дазволіў усім прысутным завітаць амаль на кожнае свята, якое ладзілася ў раёне.

    З задавальненнем адгукнуліся ўсе і на прапанову наведаць велікодную дабрачынную выставу-кірмаш народнай творчасці і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Хрыстос уваскрэсе, радасць мая!..», сумесны праект Любанскага РЦК, дзіцячых школ мастацтваў і народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Усе сродкі, атрыманыя ад продажу арыгінальных вырабаў, створаных вучнямі і настаўнікамі, будуць накіраваны на будаўніцтва ў г. Любані новага праваслаўнага храма ў гонар Казанскай іконы Божай Маці. Добрую справу благаславіў протаіерэй Аляксандр Драгун, якога вельмі парадавала такая ініцыятыва жыхароў горада: «Тут жыве духоўна здаровы народ, у якога ёсць будучыня», – упэўнены настаяцель храма іконы Казанскай Божай Маці. Не засталася ўбаку і Раіса Вайцяхоўская, дырэктар дзяржаўнай установы «Абласны цэнтр народнай творчасці». Яна высока ацаніла задумку і ўзровень прафесіяналізму майстроў, што прадаставілі свае вырабы на выставу-кірмаш.

    А выбраць сапраўды было з чаго! Настаўнікі школ рамёстваў г. Любані і Старых Дарог са сваімі выхаванцамі прапанавалі ўвазе любанчан і гасцей разнастайныя арыгінальныя вырабы з лазы, сапраўдныя шэдэўры бісерапляцення, бондарства і разьбы па дрэве, вышыўкі. Вялікім поспехам карысталіся васковыя свечкі ў форме рэалістычна выкананых жывёл, дрэў ці казачных персанажаў, а таксама пацешныя фігуркі з гліны, невялічкія жбаны, падковы і іншыя творы ўмелых ганчароў. Іншымі словамі, кожны мог знайсці сабе сувенір на памяць альбо элемент дэкору ў народным стылі.

    Наступным пунктам праграмы значылася знаёмства з уладкаваннем і формамі работы Саро-цкага сельскага Дома культуры. Адна з іх – рэгіянальны сямейны маладзёжны праект «Сароцкі навігатар» – ужо не першы год выклікае інтарэс у насельніцтва і збірае прыхільнікаў не толькі з раёна, а і з вобласці. Прэзентацыя праекта, а таксама майстар-клас па яго гульнёвых тэхналогіях для ўдзельнікаў семінара прайшлі на адным дыханні. Развітвацца з крэатыўнымі гаспадарамі ўстановы культуры не хацелася, але наперадзе свайго часу ўжо чакаў Камунараўскі Дом культуры. Аглядная экскурсія па СДК перайшла ў выставу народнай майстэрні традыцыйнага ткацтва «Матрушка», рукадзельніцы якой займаюцца вывучэннем і адраджэннем данага віду народных рамёстваў ужо больш за дзесяць гадоў. Майстрыхі з задавальненнем падзяліліся сакрэтамі стварэння спрадвечных рамесных вырабаў, якія да таго ж зачароўваюць сваім самабытным хараством. Паспрабавалі спасцігнуць удзельнікі семінара і нялёгкую справу пляцення камунараўскіх лапцей.

    У райцэнтры ж увечары разгарнулася дабрачынная велікодная канцэртная праграма народнага ансамбля народнай песні «Ярыца» Любанскага РДК «Агледзіны нявест», куды і паспяшаліся госці са сталічнага рэгіёна. Атрымаць асалоду ад творчасці калектыву і пастаноўкі нумароў змаглі не толькі работнікі культуры, а і ўсе жадаючыя любанчане. Да слова, такой магчымасцю скарысталіся многія. Глядацкая зала была цалкам запоўнена.

    Пасля заканчэння праграмы семінара сваімі ўражаннямі, а таксама метадычнымі матэрыяламі падзяліліся яго ўдзельнікі. Вынікі падведзены, перадавы вопыт пераняты, засталося толькі ажыццявіць яго на практыцы ды прыўнесці нешта сваё.

    Автор: Святлана МІГУНГолас Любаншчыны
    Теги: 

Комментарии (0)