12 Июля, 2025 Суббота

Районный смотр-конкурс «Майский вальс» прошел 7 мая на базе Минского областного кадетского училища

  • 26 мая 2015 Культура Беларуская 0

    «Майскі вальс» традыцыйна сабраў шмат прыхільнікаў танца з векавой гісторыяй, але па-ранейшаму маладога і запатрабаванага. Прыгожая музыка, грацыёзныя рухі… 13 танцавальных каманд 7 мая чарговы раз закружыліся ў вальсе ў Мінскім абласным кадэцкім вучылішчы.

    Летуценныя і дзёрзкія, сціплыя і напорыстыя, пяшчотныя, закаханыя… Танцоры ўвасобілі самыя розныя вобразы. Дух захоплівала ад гэтай прыгажосці. І не бяда, калі яшчэ не ва ўсіх адточанымі былі рухі, галоўнае – атмасфера, узнёслая, кранальная, хвалюючая.

    У гэты раз дэбютавалі вучні Лучнікоўскай сярэдняй школы (харэограф Вольга Матвеенка). Бачылі б вы вочы дзяўчат, якія, несумненна, адчувалі сябе лэдзі. Цудоўны «ваенны» вальс вучняў СШ №10 імя С.Ф. Рубанава (харэограф Ірына Селіванава) выклікаў слёзы, думаю, не толькі ў мяне. Як  і вальс кадэтаў (харэограф Ірына Лаўрова): тэма Вялікай Айчыннай вайны заўсёды кранае. «Севастопальскі вальс»  у выкананні выдатна падрыхтаваных танцораў з СШ №12 (харэограф Галіна Зданевіч) таксама ўразіў. Свой чароўны танец старшакласнікі СШ №11, як і летась, паставілі і падрыхтавалі  самастойна пад кіраўніцтвам Аляксандра Дабранава. Вельмі сучасна танцавалі вальс вучні СШ №6 (харэограф Кацярына Навічонак). Самыя крэатыўныя, за што і атрымалі прыз ад СФК «Слуцк», – навучэнцы гімназіі №1 (харэограф Антаніна Лабашэвіч). Усе ўдзельнікі стараліся, кожны «пражыў» сваю гісторыю ў танцы. Іх захопленасць, натхнёнасць нібы перадаліся гледачам. Гарачыя апладысменты суправаджалі выступленні танцораў. Марыя Паўлаўна і Віктар Пятровіч Іўшыны прыйшлі паглядзець, як танцуе іх праўнук. «Усім па 10 балаў паставілі б, – ацаніла выступленні Марыя Паўлаўна, – так прыгожа, усе вельмі спадабаліся. Кранулі танцы, прысвечаныя ваеннай тэме. Нам гэта блізка: я падлеткам працавала падчас вайны на заводзе, Віктар Пятровіч служыў у арміі».

     Пэўна, журы прыйшлося нялёгка пры падвядзенні вынікаў. Месцы размеркавалі наступным чынам: гран-пры конкурсу атрымала каманда СШ №12, першае месца – гімназія №1, на другім – каманда Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча, на трэцім – СШ №11. Прыз ад МАКВ – танцорам з гімназіі №2 (харэограф Вольга Матвеенка). Усе ўдзельнікі адзначаны дыпломамі, а кожны з танцораў СШ №12 і гімназіі №1 атрымаў падарунак ад раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» і ПТУП «ДВиС», усім камандам – салодкія прызы ад ААТ «Слуцкі хлебазавод». Конкурс прайшоў пры падтрымцы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, раённай арганізацыі ГРА «Белая Русь», Слуцкага цэнтра дзіцячай творчасці, Маладзёжнага парламента Слуцка.

    Автор: Ірына МіргародаваСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)