29 Марта, 2024 Пятница

На сустрэчу з Купалам

  • 02 июня 2015 Культура Беларуская 0

    Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама і ДУ «Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна» выдалі зборнік вершаў маладых паэтаў Мінскай вобласці — удзельнікаў IX абласнога злёту «Слова Купалы да творчасці кліча». Па прапанове Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя А. Астрэйкі ў яго былі ўключаны і вершы членаў літаратурнага аб'яднання «Вясёлка» Паўла Шэіна і Андрэя Фаміцкага.

    Нездарма мерапрыемства праходзіла на Лагойшчыне, бо некалі тут жылі маці і сёстры песняра. Таму ў музеі мноства сабраных экспанатаў таксама звязана з жыццём і дзейнасцю паэта. Менавiта на лагойскай зямлі ён напiсаў паэмы «Бандароўна» і «Магiла льва», п’есы «Раскіданае гняздо» i сусветна вядомую «Паўлiнку», пераклаў на родную мову «Слово о полку Игореве». Маладыя паэты даведаліся шмат цікавага пра знакамітага беларускага песняра праз фотаздымкі, дакументы і нават прылады, з дапамогай якіх пісаліся вядомыя творы. Пасля экскурсіі прагучала, што прыемна дапаўняць свае веды аб гісторыі беларускага пісьменства, і шмат чаго невядомага можна адкрыць, зазірнуўшы на такія, багатыя сваёй гісторыяй выставы. Па традыцыі маладыя паэты ў знак удзячнасці ўсклалі карзіну з кветкамі да помніка Янку Купалу.

    Пасля на тэрыторыі музейнага комплекса, пад адкрытым небам, адбыўся канцэрт удзельнікаў мастацкай самадзейнасці і народных калектываў. А ў якасцi гасцей і членаў журы арганiзатары запрасiлi галоўнага рэдактара газеты «Лiтаратура i мастацтва», пiсьменнiцу Таццяну Сiвец, галоўнага рэдактара выдавецтва «Мастацкая лiтаратура» Вiктара Шнiпа, пiсьменнiка Міколу Чарняўскага і беларускую паэтку Галіну Каржанеўскую. Майстры сваёй справы жадалі моладзі працаваць над сабой і ніколі не спыняцца на дасягнутым.

    — Зараз, калі не кожны радок выходзіць, вы павінны працаваць над сабой кожны дзень, — пажадаў Мікола Чарняўскі, аналізуючы некалькі вершаў маладых паэтаў. — Паэт — гэта той, хто бачыць свет па-іншаму, таму трэба заўсёды развіваць творчы патэнцыял.

    Паміж нумарамі мастацкай самадзейнасці гучалі вершы ўдзельнікаў злёту. Кожны выбіраў сваё: некаторыя чыталі вершы, надрукаваныя ў зборніку, некаторыя прывезлі новыя. Але не засталося ніводнага чалавека, якому б не спадабалася душэўная падача твораў кожнага маладога аўтара.

    Творчай моладзі былі ўручаны памятныя падарункі і кветкі. Таксама журы вызначыла самых таленавітых і яскравых паэтаў. Ім уручылі сумкі для ноўтбукаў.

    У наступным годзе пройдзе дзясяты, юбілейны злёт. Таму спадзяёмся, што і з капыльскай зямлі будзе яшчэ больш таленавітых выхадцаў.

    Фота аўтара

    Автор: Павел ШЭІНСлава працы

Комментарии (0)