20 Апреля, 2024 Суббота

Летні сезон адкрыты

  • 05 июня 2015 Культура Беларуская 0

    НАСТУПІЛА лета. Гэта час адпачынку, паходаў і падарожжаў… Адны мараць паехаць за мяжу, каб адпачыць, напрыклад, на беразе Чорнага мора. Аднак ёсць шмат людзей не толькі з нашай краіны, але з блізкага і далёкага замежжа, якія імкнуцца ўмацаваць здароўе ў нашых санаторыях. Маляўнічыя берагі возера Нарач здаўна прыцягвалі і прыцягваюць да сябе людзей. Хваёвы лес — прыродная лабараторыя найчысцейшага паветра, пясчаныя берагі і водмелі возера, вялікае люстэрка вады — усё гэта разам узятае стварае спрыяльныя ўмовы для лячэння сардэчна-сасудзістых захворванняў, нервовай сістэмы, парушэння абмену рэчываў. Здраўніцы курорта не пустуюць круглы год.

    Стала ўжо добрай традыцыяй напярэдадні лета ладзіць урачыстае адкрыццё курортнага сезона. Праводзіцца гэта мерапрыемства ў «зялёным тэатры» курортнага пасёлка. Вось і ў мінулую нядзелю там было асабліва шматлюдна. З раніцы ўздоўж вуліцы Ленінская гандляры расставілі свае палаткі. Прапаноўвалі сувенірную прадукцыю не толькі прыватнікі, але і арганізацыі. Тут можна было купіць сукенку ці сарочку, капялюш ці хусцінку. Розныя магніцікі, кубкі прадавалі прадстаўнікі санаторыя «Прыазёрны». А вось у палатцы санаторыя «Сосны» можна было набыць шалікі, сурвэткі, ручнікі, майкі і многае іншае з лагатыпам гэтай здраўніцы. Шмат было сувеніраў з сімволікай Нарачы.

    Было што паглядзець тым, хто цікавіцца рамёствамі. Вось выставіў свае вырабы бондар з Маладзечна Аляксандр Странкоўскі. Побач з ім размясціўся майстар па кераміцы з Івянца Міхаіл Каробкін. Як заўсёды, тоўпіліся людзі ля ганчара з Пастаў Сяргея Шчэрбы. Ён не толькі цікава расказваў пра старажытнейшую прафесію, але і паказваў, як кавалачак гліны ператвараецца ў цудоўнейшую вазу ці гаршчок. Жадаючыя маглі праверыць свае здольнасці ў ганчарнай справе.  Дэманстраваў свае работы і крывіцкі ўмелец разьбы па дрэве Раман Шаша. Ён з душой расказваў літаральна пра кожны выраб. Адпачываючыя з ахвотай набывалі сальнічкі і шкатулкі з карэльскай бярозы, драўляныя лыжкі і многае іншае. А яшчэ прыцягвала ўвагу перасовачная выстава фотамастака Васіля Белякова з Пастаўшчыны. А вось стол застаўлены рознымі вырабамі з бісеру. Словам, можна было знайсці сувенір на любы густ і кашалёк: ад маленечкіх свістулек да карцін.

    Наваколле напаўняла музыка, смех, жарты. Была арганізавана і бяспройгрышная латарэя. А для дзяцей таксама хапала забаў. Атракцыёны, надзіманыя горкі, батут, электрамабілі. Можна было пачаставацца салодкай ватай, пап-корнам. Ва ўсіх быў прыўзняты настрой. Сумаваць нікому не даводзілася.

    Санаторый «Жураўка» запрашаў набыць прысмакі, якія выпускае КУП «Мінскхлебпрам». Многія з задавальненнем каталіся на конях, якіх прывезлі з ААТ «Занарацкі». Жадаючых навучыцца верхавой яздзе інструктавалі вопытны спецыяліст Валерыя Вяроўка, якая нядаўна на кабылцы Авіле заняла другое месца ў спаборніцтвах «Кубак Цэнтра экалагічнага турызму «Станькава». Конь па мянушцы Юрык і кабылка Зорачка каталі хлопчыкаў і дзяўчынак.

    Прывезлі свае вырабы ілаўскія вытворцы: сокі, чыпсы, павідла. Бойка праходзіла выстава-дэгустацыя. А побач — прадукцыя ЗАТ «БелАсептыка». Спецыялісты расказвалі пра зборы траў, як рыхтаваць настоі, калі іх лепш прымаць. Многія з задавальненнем спрабавалі духмяны чай, завараны з лекавых траў. Не пуставала пляцоўка, дзе супрацоўнікі раённага цэнтра турызму разгарнулі паласу перашкод.

    — Дзеці з задавальненнем пераадольваюць умоўныя перашкоды з выкарыстаннем турысцкага рыштунку, — кажа дырэктар цэнтра Алег Жыхар.

    Урачыстасць распачынаецца. Вядучыя аб’яўляюць, што ў рамках праекта «Нарачанскі вянок» сёння ладзіцца свята «Карагод сяброў», прысвечанае адкрыццю летняга курортнага сезона. Першым заняць ганаровае месца ў «зялёным тэатры» запрашаюць каманду санаторыя «Нарачанскі бераг». Пакуль прадстаўнікі здраўніцы крочаць да вызначанага месца, з дынамікаў гучыць інфармацыя пра тое, калі быў адкрыты санаторый, колькі людзей адначасова можа ён прыняць, якія накірункі ўмацавання здароўя і лячэння… Прыемна было бачыць у складзе каманд супрацоўнікаў здраўніцы, адпачываючых. Затым крочаць каманды санаторыяў «Белая Русь», «Нарач», «Прыазёрны», «Сосны», «Спадарожнік», «Жураўка».

    Для ўрачыстага адкрыцця свята да мікрафона запрашаецца намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева. Яна шчыра прывітала прысутных: жыхароў курортнага пасёлка і шматлікіх гасцей Нарачанскага краю.

    — Прырода сама паклапацілася, каб на гэтым месцы быў курорт. Тут створаны ўсе ўмовы для паўнацэннага адпачынку і ўмацавання здароўя. На тэрыторыі раёна гасцінна расчыняюць дзверы не толькі здраўніцы, але і аграсядзібы. Усё гэта робіцца для таго, каб вы, дарагія госці, маглі пазнаёміцца з традыцыямі курортнага краю, — падкрэсліла Іна Іванаўна.

    Маці — вышэйшае званне, якім можа ганарыцца жанчына. Таму ў раёне стала добрай традыцыяй на ўсіх значных мерапрыемствах ушаноўваць мнагадзетных матуль. На пляцоўку запрашаецца Юлія Гаўрыленка. Пад апладысменты прысутных Іна Барыева ўручыла ёй пасведчанне мнага­дзетнай маці.

    У курортным прасёлку Нарач пражывае пяць ветэранаў: Уладзіслаў Аляксандравіч Кушчаў, Міхаіл Трафімавіч Чарняўскі, Павел Іванавіч Кахно, Міхаіл Пракопавіч Сіськевіч, Аляксандр Андрэевіч Шостак. Зараз у санаторыі «Жураўка» адпачываюць і ўмацоўваюць здароўе 30 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны з Расіі і Віцебскай вобласці. У санаторыі «Спадарожнік» адпачываюць людзі, якія ў гады вайны аказаліся ў блакадным Ленінградзе. Усіх іх запрашаюць заняць ганаровае месца на лаўках і ўручаюць падарункі.

    На зялёную пляцоўку выходзяць лепшыя вучні сярэдняй школы №2 курортнага пасёлка Нарач, а таксама выхаванцы музычнай школы, якія вызначыліся ў вучобе, спорце і мастацтве. Ім — ушанаванне і падарункі ад санаторыя «Нарач».

    Каб пазнаёміць прысутных са сваімі здраўніцамі, супрацоўнікі санаторыяў разам з адпачываючымі рабілі прэзентацыі. Цікавыя расказы, песні і жарты гучалі са сцэны. А яшчэ яны частавалі нарачанскімі прысмакамі.

    Падчас прэзентацый гучалі аповеды пра ўмовы аздараўлення, пражывання ў той альбо іншай здраўніцы.

    Парадавалі прысутных і сама­дзейныя артысты Мядзельшчыны: Пётр Маўчан, Віталій Кісель, Ганна Казакевіч, Аляксандр Нікіценка і многія іншыя. Апладысментамі суправаджалася выступленне кожнага з іх. Госці таксама падхоплівалі мелодыю і спявалі разам з салістамі.

    На сцэну запрашаецца галоўны ўрач санаторыя «Нарач» Мікалай Стралец, які перадае сімвал свята «Нарачанскі вянок» прадстаўніку санаторыя «Жураўка». Гэта азначае, што наступнае свята адбудзецца там.

    Урачыстасць закончылася, але свята працягвалася яшчэ доўга.

     На зялёнай сцэне на працягу 40 мінут «гаспадарыла» моладзь, якая зараз адпачывае ў НДЦ «Зубраня». Свае таленты прадэманстравалі члены ўзорнага ансамбля танца «Акварэль» установы адукацыі «Школа-каледж мастацтва г. Бабруйска» (кіраўнік Марыя Кузьміцкая), вакалісты з Магілёва: Вольга Канавалава, якая заваявала Гран-пры II адкрытага нацыянальнага конкурсу «Феерыя мастацтваў», дыпламант гэтага конкурсу салістка студыі эстраднага вакалу «NON STOP» Ангеліна Каралёва і іншыя юныя артысты, якія адзначаны прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

    — Ці спадабалася вам мерапрыемства? — пацікавіўся ў аднаго з адпачываючых санаторыя «Жураўка».

    — Вельмі. Я з Расіі. У вас у Беларусі ўпершыню. Умееце вы не толькі добра лячыць, але і адпачываць. Дзякуй, — пачуў у адказ.

    Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

    На здымках: моманты свята.

    Фота Георгія Прысмакова.

    Автор: Ігнат ЛУБНЕЎСКІНарачанская зара
    Теги: 

Комментарии (0)