27 Апреля, 2024 Суббота

Анатоль Сульянаў: Я шчаслівы, што ў маім жыцці быў такі сябар, як Васіль Быкаў

  • 19 июня 2015 Культура Беларуская 0

    «Чалавеку мужнага сэрца і добрай душы ў знак вечнага сяброўства», «Сардэчна ў знак памяці аб майскім пленуме Саюза пісьменнікаў БССР», «Міламу чалавеку і грознаму генералу, а таксама выдатнаму калегу-празаіку, з пяшчотнай любоўю»… Адну за адной кнігі Васіля Быкава здымае з паліц пісьменнік Анатоль Сульянаў. Гэта яму радкі, напоўненыя шчырасцю і цеплынёй, адрасаваў беларускі класік. З Васілём Быкавым яны сябравалі 25 гадоў. Сябравалі сумленна, шчыра, да апошняга дня. Сёння, у дзень нараджэння і напярэдадні гадавіны смерці класіка, мы пагутарылі з Анатолем Сульянавым і даведаліся, што, акрамя творчасці, аб’ядноўвала двух пісьменнікаў.

    — Анатоль Канстанцінавіч, дзе вы пазнаёміліся з Васілём Быкавым?

    — Першае маё знаёмства з Васілём Быкавым было завочным. У той час я працаваў у Маскве, у Міністэрстве абароны. На адной з нарад, якую праводзіў намеснік міністра абароны, гаворачы пра культурнае выхаванне ваеннаслужачых, ён назваў некалькі прозвішчаў: Сіманаў, Бакланаў, Быкаў. З агаворкай, што апошні піша пра армію на ўзроўні аддзялення, узвода, роты, а мы, маўляў, ваявалі дывізіямі. Я гэта запомніў. Калі атрымаў прызначэнне ў Мінск, у ЦК КПСС мне сказалі, што ў Беларусі жыве Васіль Быкаў — выдатны пісьменнік, празаік, франтавік. Далі даручэнне прапанаваць Быкаву напісаць кнігу аб сучаснай арміі. І калі мы ўжо з ім зблізіліся, я, як вельмі спраўны афіцэр, так і зрабіў. «Па заданні я літаратуру не пішу. Пішу толькі па загадзе сэрца і перажытага асабістага жыцця», — адказаў ён мне.

    На чарговым з’ездзе пісьменнікаў (я яшчэ быў журналістам) вырашыў пабачыць знакамітых творцаў на ўласныя вочы: Шолахава, Сіманава, Бакланава, Быкава… Вакол кожнага вялікага заўсёды ж людзі стаяць. Я падыходзіў, слухаў, што яны гавораць. І так за 3-4 дні з’езда я завочна пазнаёміўся са знакамітымі пісьменнікамі. На першым з’ездзе да Быкава было не падысці: каля яго стаяў натоўп. Але ў мяне быў добры слых, і я чуў, пра што ён гаворыць. І ў той момант думаў: «Які я шчаслівы чалавек, што слухаю жывога Быкава!» На другім з’ездзе я падышоў вельмі блізка. Да таго часу Быкава я прачытаў амаль усяго. І калі яго ўбачыў, то зразумеў: адзін да аднаго — як ён піша, расказвае і як паводзіць сябе з навакольнымі. Для мяне гэта былі знаходкі, адкрыцці.

    — А якой запомнілася першая асабістая сустрэча з пісьменнікам?

    — Пасля з’езда я ўжо пачаў марыць пра асабістую сустрэчу. І думаю: «Першая паездка з інспекцыяй у Беларусь — я шукаю Быкава». Але сустрэча не адбылася. А толькі тады, калі мяне накіравалі па службе ў Мінск (гэта быў 1976 год). Як толькі я прыняў сваю новую пасаду, паляцеў у Гродна: ведаў, што ён жыве там. Пайшоў у райкам партыі, даведаўся адрас. Мне адчыніла жонка, запрасіла ў пакой, наліла гарбаты і прамовіла: «Ён тут ужо больш не жыве. Ён мяне пакінуў». Увесь вечар мы прасядзелі там з ад’ютантам, і Надзея Андрэеўна нам расказвала пра Васіля Быкава. Трэба аддаць належнае: яна яго не чарніла. Жанчына расказвала пра пісьменніка Васіля Быкава, нічога не гаворачы аб асабістым. І толькі калі мы сыходзілі, яна расплакалася. Вядома, на мяне гэта падзейнічала. Па першым часе я думаў, як такое магло адбыцца, і прыйшоў да высновы, што толькі моцнае каханне зламала гэтую сям’ю.

    Васіль Быкаў ужо жыў у Мінску. І мне пашанцавала. Мяне пазнаёмілі з Мікалаем Матукоўскім, які быў карэспандэнтам «Известий» па Беларусі. Ад яго і даведаўся, дзе Быкаў. Ён жыў на прыватнай кватэры. І Матукоўскі папрасіў мяне пры звароце ў ЦК нагадаць, што гэта нядобра і пісьменніку патрэбна кватэра. Праз некаторы час патэлефанаваў Матукоўскі і кажа: «Выдзяляйце салдат. Быкаў атрымаў кватэру. Заўтра будзем усяляцца». Я ўзяў з сабой групу салдат: трэба было перанесці мэблю з крамы на 9-ы паверх. Там Матукоўскі нас і пазнаёміў.

    — Калі зразумелі, што маеце патрэбу адзін у адным, што вы ўжо — сябры?

    — Мы не адразу назвалі адзін аднаго сябрам. Зрастанне нашых душ доўжылася года паўтара-два. Ён мяне першым назваў сябрам. Я не мог зрабіць гэта сам — асцерагаўся, як ён паставіцца. Быкаў ужо для мяне быў вялікі. Калі чалавек пераступае праз сціпласць, заканчваецца сяброўства. Я гэта разумеў. Першыя месяцы ў Беларусі я быў вельмі заняты, не меў ніводнага выхаднога дня. А калі ўжо пазнаёміўся з войскамі, здараецца, сяджу ў кабінеце, як тэлефануе Быкаў і кажа: «Мне без вас няўтульна. Калі ў мяне будзеце?» Я кідаў усе свае справы і ехаў на Танкавую, 10.

    — І якімі былі вечары там, на Танкавай?

    — У свой час я працаваў у інспекцыі Міністэрства абароны. Найцяжэйшая пасада: 22 дні ў месяц (акрамя тых, якія ў адпачынку) — у войсках. Былі ўсюды, асабліва там, дзе цяжка. Вывучалі матэрыяльнае становішча афіцэраў, іх умовы жылля. Калі сустракаліся з Васілём Быкавым, ён мяне прасіў расказаць пра тыя месцы, дзе я бываў. Дапусцім, падзяліўся сваімі ўражаннямі аб Курыльскіх астравах. Ён там, аказваецца, служыў. Я ўпершыню ад Васіля Уладзіміравіча даведаўся, што там захоўваецца зямлянка, дзе ён жыў з сям’ёй. Там нарадзілася яго першае дзіця. «Як там на Ітурупе?», — пытаецца ён, ведаючы, што я там быў. Аказваецца, ён там таксама служыў.

    Таісія СУЛЬЯНАВА, Васіль БЫКАЎ, Анатоль СУЛЬЯНАЎ і Алесь АДАМОВІЧ (злева направа).

    — А ці ўспамінаў Васіль Уладзіміравіч вайну?

    — Вядома, падчас нашых сустрэч ён не проста расказваў пра літаратуру. Ён узгадваў тое, што было на фронце. Я вывучаў вайну з дапамогай Быкава. Аповеды франтавіка былі для мяне надзвычай каштоўнымі. Ён быў камандзірам гармат-саракапятак. Яны знаходзіліся ў кіламетры ад пярэдняга краю, найбліжэй да немцаў. Толькі танк пачынае ісці, яны абавязаны зарадзіць і знішчыць яго. Васіль Уладзіміравіч мне пра гэта расказваў, каб я лепш разумеў, што такое фронт. Я пытаўся ў яго, ці былі баязліўцы. Ён казаў, што ў яго падраздзяленні за ўсю вайну быў толькі адзін чалавек, які спалохаўся і збег. Васіль Быкаў не раз казаў, што трэба было выхоўваць не толькі страх, а цярплівасць да страху. Вайна з яго вуснаў была больш жорсткай, чым тая, якую я бачыў у фільмах. Ён расказваў настолькі па-майстэрску, што я ўбіраў усё гэта ў сябе і сам адчуваў пачуццё страху.

    «Мы заўтра едзем на Буйніцкае поле, — кажа мне аднойчы Быкаў. — Месцы ёсць. Паехалі!» Паездка на Буйніцкае поле з Быкавым і з пісьменнікамі, якія пішуць пра вайну, мне помніцца і сёння. Калі экскурсавод расказвала, які там быў бой, Быкаў падышоў да яе і сказаў: «Вы дапусцілі памылку. Палкоўнік Куцепаў камандаваў на Буйніцкім полі 388-м стралковым палком. І за адзін дзень яны знішчылі 39 нямецкіх танкаў-бронетранспарцёраў». Пра Куцепава Быкаў расказаў мне тады першым. Ён мяне «ўзбройваў» ваеннай гісторыяй: разумеў, што служыць у Беларусь я прыехаў не на адзін дзень. Мы з ім два разы былі на Буйніцкім полі. Падчас адной з паездак ён выступаў перад магілёўскімі студэнтамі. Трэба было некалькі разоў прасіць, літаральна цягнуць за рукі, каб ён выйшаў да аўдыторыі… Нашы сустрэчы мяне абагачалі. Я пераносіў гэта ў войскі: перад салдатамі і афіцэрамі ў гарнізонах расказваў пра ваенны лёс Быкава, яго кнігі, прапагандаваў праўду аб вайне.

    — І наколькі я ведаю, нават абавязвалі вайскоўцаў чытаць як мага больш твораў пісьменніка…

    — Першыя месяцы, праведзеныя ў Беларусі, я шмат працаваў. Мне неабходна было пазнаёміцца з воінскімі часцямі 2-й асобнай арміі супрацьпаветранай абароны, якія, акрамя Беларусі, размяшчаліся ў Латвіі, Літве і Калінінградскай вобласці Расіі. І падчас такіх паездак я заходзіў у мясцовыя бібліятэкі і вывучаў асабістыя картачкі. Мне было цікава, што чытаюць вайскоўцы. Быкава там чыталі мала. Быкаў — чалавек, які прайшоў вайну. І тое, што ён перажыў, трэба было перажыць усім, хоць і з дапамогай літаратуры. Я пачаў патрабаваць ад палітсупрацоўнікаў, камандзіраў, каб яны самі чыталі кнігі і рэкамендавалі іх чытаць вайскоўцам. І праз некаторы час і ў Латвіі, і ў Літве мне пачалі паказваць кнігі Быкава, якія масава чытаюць. Мне было прыемна, і аб гэтым я расказваў Васілю Уладзіміравічу.

    — А які твор пісьменніка найбольш уразіў вас?

    — Кожную новую кнігу Васіля Быкава я спяшаўся хутчэй прачытаць. Потым мы яе абмяркоўвалі. Іншы Быкаў для мяне адкрыўся пасля таго, як я адолеў «Мёртвым не баліць». Гэтую кнігу я прачытаў з алоўкам у руках.

    — А ці дапамагаў вам, як пачынаючаму пісьменніку, майстар слова парадай?

    — Я яшчэ не ўваходзіў у Саюз пісьменнікаў, але ўжо займаўся творчасцю: пісаў аповесці. Даваў Васілю Уладзіміравічу два ці тры свае рукапісы. Ён не правіў іх, а падказваў, выказваў сваё меркаванне. «Зрабіце другую главу першай, а першую — другой», — кажа мне ён аднойчы. Зрабіў, перачытаў — сапраўды лепш выйшла. Васіль Быкаў у дэталі не ўнікаў — галоўнае, каб было цікава. Калі ж правіць, то трэба было перапісваць па-быкаўску, а я да гэтага не дарос. Безумоўна, я вывучаў тэхналогію яго пісьма. Ён пісаў толькі тое, што перажыў. Ствараў вобразы літаратурных герояў, якім верыш. Пісаў толькі праўду. Гэта ён унёс у мяне струнку, якая абавязала мяне пісаць пра армію толькі праўду.

    — Вы ведалі, што ў Васіля Быкава цяжкая хвароба?

    — Аднойчы мне патэлефанаваў Аляксандр Трыфанавіч Кузьмін, сакратар ЦК па ідэалогіі. «Як там у Быкава справы? — пытае. — Ён часам не захварэў? Наведай яго». Пасля службы сеў у «Волгу», паехаў. Прыходжу, націскаю кнопку званка — ніхто не адчыняе. Яшчэ некалькі разоў. Ужо сабраўся сыходзіць, як адчыняюцца дзверы, за якімі стаіць Быкаў. Але іншы: худы, аброслы, хворы. Пытаю, які дзень ён хварэе. Аказалася, чацвёрты… «А чаму ў бальніцу не звярнуліся?» «Я не люблю бальніц. Я сам сябе лячу», — адказаў мне ён. Аднойчы быў адзін эпізод, калі я вельмі спалохаўся за яго. Патэлефанаваў начальніку медслужбы, які сказаў, што неабходна ў шпіталь і неадкладна. Быкаў не паехаў, астму лячыў дома. Я за яго вельмі перажываў, хваляваўся. Пакідаў тэлефон нашага дзяжурнага ўрача, да якога ён так ніколі і не звярнуўся. Васіль Уладзіміравіч быў чалавекам вельмі сціплым.

    — Вы ведалі, што ён збіраецца з’язджаць за мяжу?

    — Ён мне не сказаў, што з’язджае. Пра гэта ведалі толькі два чалавекі. У мяне захоўваюцца лісты, якія ён мне пісаў з замежжа. У адным з іх (здаецца, з Фінляндыі) мне асабліва запомнілася адна фраза. Васіль Быкаў напісаў, што чалавек часам вымушаны рабіць тое, чаго не хоча.

    — Вы потым бачыліся з Васілём Уладзіміравічам?

    — Калі Васіль Быкаў вярнуўся, мне не паведамілі. Я аб гэтым даведаўся выпадкова: ён ужо ляжаў у шпіталі. Калі яго хавалі, мы з маёй жонкай Таісіяй Іванаўнай увесь дзень прасядзелі каля яго труны. Ён настолькі быў для мяне блізкім, родным…

    — Вам не казалі, што вы вельмі падобныя з Васілём Быкавым?

    — Казалі. Толькі характары розныя. Васіль Быкаў быў больш цярплівым, а я наадварот. Тым не менш гэта не перашкаджала нам сябраваць. Бачыце (паказвае), каля гадзінніка вісіць фотаздымак Васіля Быкава? Гэтаксама ў яго вісела і мая фатаграфія.

    — Васіль Быкаў прайшоў вайну, усё жыццё пра яе пісаў і памёр якраз у чарговую гадавіну пачатку Вялікай Айчыннай вайны — 22 чэрвеня 2003 года. Мне падаецца гэта глыбока сімвалічным…

    — Нехта вышэйшы намі кіруе. Нічога выпадковага не бывае. Я шчаслівы, што ў маім жыцці быў такі сябар, як Васіль Быкаў.

    zviazda.by/2015/06/88337.html

    Автор: Вераніка КАНЮТАЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)