Месцам яго правядзення стане Ніжні парк, тэрыторыя якога дазваляе не толькі прыняць вялікую колькасць гасцей, але і пабудаваць замчышча з сярэдневяковым гарадзішчам, вежамі і брамай, раскінуць палатачны лагер, правесці рэканструкцыю бітваў і турніраў.
Знойдзецца тут месца і для этнапляцоўкі, дзе можна будзе паглядзець тэатральныя пастаноўкі і паўдзельнічаць у майстар-класах па танцах і спевах, паслухаць выступленні народных калектываў, а таксама рок-гуртоў “Зніч”, “Рокаш” і іншых.
Фестываль «Гонару продкаў» прымеркаваны да 555-годдзя горада. Арганізатары —мясцовы клуб гістарычнай рэканструкцыі “Паходня” і аддзел iдэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вілейскага райвыканкама — ставяць на мэце фарміраванне ў падрастаючага пакалення інтарэсу да спорту і здаровага ўкладу жыцця, выхаванне пачуцця гонару і патрыятызму, узбагачэнне культуры і папулярацыю гістарычнай спадчыны Беларусі.
“Сябры “Паходні” праяўляюць вялікую цікавасць да перыяду Вялікага княства Літоўскага, — расказвае яго кіраўнік Андрэй Арлоўскі. — На сённяшні дзень займаемся рэканструкцыяй прадметаў побыту, ваярскага рыштунку, адзення, удзельнічаем у многіх гарадскіх і раённых мерапрыемствах, рыцарскіх фэстах у іншых гарадах. Такое маштабнае мерапрыемства ў Вілейцы ладзім упершыню. І тым не менш заяўкі на ўдзел у ім падалі каля 400 чалавек. Гэта рыцарскія клубы “Белы Тур”, “Тэра”, клуб гістарычнай рэканструкцыі “Люцэрн”. Гасцей мы чакаем практычна з усіх абласных гарадоў Беларусі. Відовішча будзе цікавае. Гасцей і ўдзельнікаў фестывалю чакаюць турніры лучнікаў, арбалетчыкаў, алебардыстаў, дуэль збраяносцаў, бугурты, інсцэніроўка штурму замка”.
Шмат цікавых мерапрыемстваў прапануюць забаўляльная і этнаграфічная пляцоўкі, а ў эпоху сярэднявечча “перанясе” прысутных рыцарскі лагер, дзе можна будзе даведацца, як жылі нашы продкі, адпачывалі, апраналіся, гатавалі ежу, рыхтаваліся да бітваў.
Як удакладнілі арганізатары, будуць працаваць і рамесніцкія майстэрні — каля 30 увогуле. Свой тавар на свята прывязуць кавалі, ганчары, сталяры, цесляры, ткачы, краўцы і шаўцы. Многія з іх збіраюцца даць майстар-класы і навучыць жадаючых азам рамяства.

Комментарии (0)