26 Апреля, 2024 Пятница

Музычны форум у замку Радзівілаў

  • 10 июля 2015 Культура Беларуская 0

    Канец чэрвеня адзначыўся  для несвіжан вялікай мастацкай падзеяй — шостым штогадовым фестывалем “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў”. Па традыцыі, у велічным замку беларускіх магнатаў, дзе ў ХVІІІ стагоддзі зарадзіўся айчынны прафесійны тэатр, калектыў Вялікага тэатра Беларусі прадставіў разнастайныя канцэртныя праграмы і творчыя вечары артыстаў, оперныя і балетныя спектаклі, у тым ліку прэм’ерныя. Сёлета нясвіжскі “open-air” пачаўся ў адным з найпрыгажэйшых храмаў Беларусі — касцёле Божага Цела. Творы кампазітараў Эдварда Гірдо і Антонія Радзівіла, якія гучалі тут, былі цесна звязаны з гісторыяй гэтага незвычайнага месца. Калі імя і заслугі Антонія Радзівіла — магната, палітыка, мецэната, кампазітара — шырока вядомыя, то асоба Гірдо аказалася пад пільнай увагай даследчыкаў не так даўно. У канцы 90-х гадоў у Нацыянальную бібліятэку Беларусі была перададзена частка нотнага архіва Нясвіжскага касцёла Божага Цела. Сярод вялізнага масіву музычных твораў розных аўтараў былі знойдзены рукапісы сачыненняў Эдварда Гірдо. У перыяд паміж першай і другой сусветнымі войнамі ён служыў у  касцёле арганістам і кіраўніком хору, быў значнай фігурай у музычным жыцці горада і пакінуў пасля сябе мноства цікавых твораў рэлігійнага і свецкага характару. Менавіта яго творчасць розных жанраў склала аснову канцэрта харавой музыкі, які падрыхтаваў для адкрыцця фестывалю ў Нясвіжы харавы калектыў Вялікага тэатра пад кіраўніцтвам галоўнага хормайстра тэатра, народнай артысткі Беларусі Ніны Ламановіч. А сам канцэрт стаў асабліва цікавым для слухачоў дзякуючы змястоўным каментарыям яго вядучых — кандыдата мастацтвазнаўства Святланы Немагай і заслужанага артыста Беларусі, кіраўніка творчага калектыву “Беларуская капэла” Віктара Скарабагатава.

    Вечар першага дня фестывалю быў прысвечаны балетнаму мастацтву — на галоўнай фестывальнай сцэне, якая размясцілася ва ўнутраным двары замка Радзівілаў, былі паказаны спектаклі “Жар-птушка” Ігара Стравін-скага і “Шахразада” Мікалая Рымскага-Корсакава са спадчыны легендарных “рускіх сезонаў” Сяргея Дзягілева. Гледачы ўбачылі гэтыя балеты практычна ў іх першапачатковым выглядзе — такімі, якімі іх стварыў у пачатку мінулага стагоддзя рускі харэограф Міхаіл Фокін. Сцэнаграфія вядомага мастака, ураджэнца Беларусі Лявона Бакста, была ўзноўлена па яго арыгінальных эскізах і малюнках. Сваімі экзатычнасцю, маляўнічасцю і таямнічасцю “Жар-птушка” і “Шахразада” на пачатку ХХ стагоддзя ашаламілі і зачаравалі Парыж. Такімі ж яны паўсталі і на адкрытай сцэне “маленькага Парыжа” — Нясвіжа.

    Да адказу запоўнена слухачамі была і Тэатральная зала замка Радзівілаў, дзе на другі дзень фестывалю праходзіла выступленне салісткі оперы, уладальніцы медаля Францыска Скарыны Таццяны Траццяк і струннага квінтэта “Серанада”, у які ўваходзяць музыканты сімфанічнага аркестра Вялікага тэатра. Артысты прадставілі новую праграму “Кахання нягучныя словы”, у якой прагучалі старанна сабраныя ў своеасаблівы мастацкі букет творы, кожны з якіх ўяўляў сабой невялікую, але вельмі яскравую музычную перліну.

    Вечарам гэтага дня на вялікую сцэну ўнутранага двара выйшлі героі оперы “Паяцы” Руджэра Леанкавала. Прэм’ера гэтай оперы адбылася мінулай зімой і адкрыла яшчэ адзін традыцыйны творчы праект Вялікага тэатра Беларусі — Мінскі міжнародны калядны форум. Гісторыю вандроўнай акцёр-скай трупы,  у якой узнікае любоўны трохкутнік, рэжысёр-пастаноўшчык Міхаіл Панджаві-дзэ перанёс у свет сучаснага тэатра. Адметнасць гэтай оперы ў тым, што аўтар музыкі і лібрэта ў ёй — адзін і той жа чалавек, які, да таго ж, напісаў гэты твор на аснове рэальнага выпадку з практыкі свайго бацькі — судовага чыноўніка, якому прыйшлося разбіраць справу аб забойстве акцёрам у парыве рэўнасці каханка сваёй жонкі.Трывіяльная драма рэўнасці, паказаная праз зусім нетрывіяльную форму “тэатра ў тэатры” вызначыла надзвычайны поспех твора, які стаў трыумфам кампазітара, важным дасягненнем не толькі італьянскай, але і сусветнай опернай культуры. На трэці дзень фестывалю Тэатральная зала замка прыняла яшчэ адну музычную імпрэзу — дзве аднаактавыя оперы гэтага тэатральнага сезона. “Служанка-гаспадыня” Джаванні Пергалезе і “Капельмайстар” Дамяніка Чымарозы як узоры так званай оперы-buff  парадавалі гледачоў лёгкасцю і прыгажосцю музычнай мовы ў спалучэнні з іскрамётным італьянскім гумарам.

    Маляўнічым і вельмі ўражвальным завяршэннем трохдзённага музычнага фестывалю ў замку Радзівілаў стаў грандыёзны гала-канцэрт зорак опернага і балетнага майстэрства, прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі, матэрыял аб якім быў размешчаны ў святочным нумары “НН” ад 2 ліпеня.

    Цікава і тое, што падчас “Вечароў” для наведвальнікаў канцэртаў у замку працавалі дзве выставачныя залы, у якіх размясціліся выставы. Адна з іх была прысвечана 175-годдзю з дня нараджэння Марыі Дароты дэ Кастэлян Радзівіл, а другая — “Fiat lux” — расказвала аб гісторыі асвятляльных прыбораў. Як адзначыў у гутарцы з журналістамі дырэктар НГКМЗ “Нясвіж” Сяргей Клімаў, супрацоўнікі музея тройчы пабывалі ў Францыі, дзе завязалі адносіны з трыма прапраўнучкамі княгіні, абмеркавалі з імі шляхі супрацоўніцтва. Арыстакратка, вядомая грамадская дзеячка і рэфарматар сваіх уладанняў Марыя Дарота больш за 30 гадоў прысвяціла аднаўленню і добра-ўпарадкаванню радавога гнязда Радзівілаў. На прысвечанай ёй выставе прадстаўлены экспанаты з Францыі і Польшчы, якія дапамагаюць лепш уявіць вобраз гэтай неардынарнай жанчыны.

    Якую дарогу прайшло святло ад звычайнага агеньчыка да сучасных свяцільнікаў, можна было сабе ўявіць, агледзеўшы выставу “Fiat lux”. Яна, дарэчы, будзе ад-крыта для наведвальнікаў да 2 жніўня.

    Соф’я ЛЮБАНЕЦ,

    Іна ВАСІЛЕВІЧ.                  

     

    www.nesvizh-news.by/

    Автор: Соф’я ЛЮБАНЕЦ, Іна ВАСІЛЕВІЧНясвіжскія навіны

Комментарии (0)